Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавая вайна: Беларусь пачала адбор транзытнага газу


«Газпром» павялічыў абмежаваньне паставак газу ў Беларусь да 30% Пра гэта паведаміў кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер. У адказ Аляксандар Лукашэнка загадаў перакрыць транзыт газу празь Беларусь, пакуль «Газпром» не пагасіць запазычанасьць за транзыт.

21:40 Кіраўнік міжнароднага камітэта Дзярждумы Расеі лічыць «заведама супрацьпраўнай» заяву аб прыпыненьні Беларусьсю транзыту газу ў Эўропу.

Канстанцін Касачоў
Заява Аляксандра Лукашэнкі аб прыпыненьні транзыту газу ў Эўропу «заведама супрацьпраўная», заявіў 22 чэрвеня ў Страсбургу кіраўнік міжнароднага камітэту Дзяржаўнай думы Расеі Канстанцін Касачоў.

Як паведаміла РІА «Новости», Касачоў, камэнтуючы расейскім журналістам наяўную сытуацыю, зьвярнуў увагу на тое, што пастаўкі газу ў Беларусь і пастаўкі газу ў Эўропу паміж сабой ніяк не зьвязаныя. Дэпутат лічыць, што такое прыраўнаньне «штучна навязана».

Касачоў падкрэсьліў, што самі газаправоды, якія ідуць па Беларусі, належаць Расеі, і ў гэтым адрозьненьне сытуацыі ад Украіны.

«Таму любыя дзеяньні адносна расейскай уласнасьці на тэрыторыі Беларусі зьяўляюцца такім жа яўным парушэньнем міжнароднага права, <…> і я шчыра спадзяюся, што спадар Лукашэнка на гэта ня пойдзе», — сказаў Касачоў.



21:20 Сямашка прызнаў адбор транзытнага газу

Беларусь накіравала «Газпрому» ліст, у якім паведаміла пра пачатак адбору расейскага транзытнага газу для падтрыманьня работы газатранспартнай сыстэмы, паведаміў беларускім журналістам у аўторак першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімер Сямашка.

«Мы далі распараджэньне пра пачатак адбору газу ў мэтах падтрыманьня газатранспартнай сыстэмы», — цытуе Сямашку РІА «Новости».

19:40
Рашэньне пра новае скарачэньне газу Беларусі адкладзенае на заўтра

На пасяджэньні апэратыўнага штаба па сытуацыі з пастаўкамі газу ў Беларусь увечары 22 чэрвеня «Газпром» не прыняў рашэньня пра новыч абмежаваньні і плянуе разгледзець гэтае пытаньне ў сераду раніцай.

Пра гэта РІА «Новости» паведаміў афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў.

«Абмеркавалі сытуацыю, знаходзімся на працоўных месцах», — сказаў ён.


19:36 Загад Лукашэнкі пярэчыць Энэргетычнай хартыі


19:10 Сідорскі пагутарыў зь Мілерам

Беларускі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі і кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер па тэлефоне абмеркавалі шляхі ўрэгуляваньня газавай спрэчкі.

Паводле прэсавага сакратара беларускага прэм’ера Аляксандра Цімашэнкі, Сідорскі давёў расейскаму боку пазыцыю Беларусі па ўрэгуляваньні газавага спрэчкі і падкрэсьліў неабходнасьць пагашэньня Расеяй запазычанасьці за транзыт.

Бакамі дасягнутая дамоўленасьць аб працягу кансультацый наконт мэханізму пагашэньня ўзаемных запазычанасьцяў.


18:50 Беларусь скараціла газавы транзыт у Эўропу


Беларусь скараціла транзыт газу ў Эўразьвяз прапарцыйна недаатрыманым пастаўкам з Расеі.

Пра гэта піша Інтэрфакс са спасылкай на органы дзяржаўнага кіраваньня Беларусі.

«Беларусь пакуль не спыніла транзыт расейскага газу ў Эўропу, паменшыўшы яго транзыт прапарцыйна аб’ёму, які яна недаатрымлівае з Расеі. Газ у напрамку Эўропы ідзе, але яго транзыт паменшаны», — адзначыў суразмоўца агенцтва.

Ва ўрадзе і Мінэнэрга Беларусі інфармацыю пра скарачэньне транзыту газу ў Эўропу пацьвердзіць не змаглі.

У аўторак «Газпром» абмежаваў пастаўкі газу ў Беларусь на 30%.


17:50 Беларусь хоча зьменшыць залежнасьць ад расейскага газу

Пра гэта міністар энэргетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц у часе сустрэчы зь літоўскім міністрам энэргетыкі Арвідасам Секмокасом абмеркаваў магчымасьць доступу Беларусі да тэрмінала для звадкаванага газу, які плянуюць пабудаваць у Літве.

Беларусь цалкам залежыць ад паставак газу з Расеі. 95% электраэнергіі Беларусь вырабляе за кошт спальваньня газу.

«Таму мы, як і вы, хочам дыверсыфікаваць крыніцы энэргіі і зьменшыць залежнасьць ад расейскага газу», — заявіў Азярэц.

Азярэц цікавіўся, якімі будуць парамэтры будучага тэрмінала, плянамі пракладкі новых магістральных газаправодаў і не выключыў ўдзелу Беларусі ў гэтых праектах.


Аляксей Янукевіч
17:40 Янукевіч: «Лукашэнка бароніць свае, а не нацыянальныя інтарэсы»

Загад Аляксандар Лукашэнкі перакрыць транзыт расейскага газу праз Беларусь камэнтуе старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Хаця, ва ўмовах, калі газавая труба выкарыстоўваецца як зброя палітычнага шантажу, падобны адказ выглядае цалкам рацыянальным, немагчыма ігнараваць той факт, што сама сытуацыя нездаровай залежнасьці створаная шматгадовымі высілкамі менавіта Лукашэнкі.

Крэмль перакрывае Лукашэнку газ — у адказ Лукашэнка перакрывае Крамлю транзыт. Бойка паміж імі ідзе вельмі сур’ёзная, і Лукашэнка бароніцца ўсімі магчымымі сродкамі. Аднак у змаганьні з расейскім імпэрскім энэргетычным шантажом Лукашэнка ня можа атрымаць падтрымку ўсяго грамадзтва, як гэта ў свой час здаралася ў некаторых постсавецкіх краінах, бо ён абараняе свае, а не беларускія нацыянальныя інтарэсы. Дзеля задавальненьня ірацыянальных імпэрскіх амбіцыяў Крамля, Лукашэнка сам руйнаваў асновы беларускай нацыянальнай згуртаванасьці, атакуючы мову, сымболіку і культуру. Калі б кіраўніцтва краіны супрацьстаяла Крамлю пад бел-чырвона-белым сьцягам, і абапіраючыся на карэнныя інтарэсы беларускага народу, а ня толькі дзеля свайго самазахаваньня, гэта б дало неабходную мабілізацыю ўсёй нацыі, каб перамагчы».


17:35 Лукашэнка паскардзіўся на Мядзьведзева Аліеву і Назарбаеву

Аляксандар Лукашэнка правёў тэлефонныя размовы зь кіраўнікам Азэрбайджана і Казахстана, у часе якіх патлумачыў ім пазыцыю Беларусі ў газавай спрэчцы з Расеяй.

Асаблівая ўвага была зьвернутая на запазычанасьці «Газпрома» перад Беларусьсю, сума якой нашмат перавышае беларускую частку доўгу, — паведамляе прэсавая служба Лукашэнкі.


17:10 Сямашка даў загад на адбор транзытнага газу

Прэсавы сакратар «Газпрому» Сяргей Купрыянаў паведаміў пра новы ліст віцэ-прэм’ера ўрада Беларусі Уладзімера Сямашкі.

«У лісьце ў «Газпром» Сямашка піша, што даў указаньне на адбор транзытнага газа, які йдзе па тэрыторыі Беларусі… Гэта ня толькі наш газ, гэта нашая труба», —заявіў Купрыянаў у эфіры тэлеканала «РТР».


16:50 Бэрлін занепакоены магчымымі перабоямі з транзытам газу

Міністар эканомікі ФРГ Райнэр Брудэрле заклікаў Беларусь і Расею вырашыць пытаньні пастаўкі і транзыту газу «на двухбаковым узроўні і хутка».

Па ацэнцы Брудэрле, цяпер Нямеччына «можа не асьцерагацца вострага недахопу газу», паколькі ў гэты час года яго спажываньне невысокае, а газасховішчы запоўненыя, паведамляе БелаПАН.

Разам з тым, падкрэсьліў ён, «праблемы паміж Беларусьсю і Расеяй не павінны прывесьці да зрыву кантрактных абавязацельстваў перад краінамі Эўразьвязу».

Эўракамісія таксама заклікала Менск і Маскву выконваць свае кантрактныя абавязацельствы. 22 чэрвеня Марлін Холцнэр, прэс-сакратар эўракамісара па пытаньнях энэргетыкі Гюнтэра Эцінгена, выказала надзею, што двухбаковы канфлікт «не закране ЭЗ». Яна сказала, што Брусэль працягне адсочваць развіцьцё сытуацыі і знаходзіцца ў цесным кантакце з беларускімі і расійскімі экспэртамі.

Па словах Холцнэр, 6,25% расейскага газу, які ідзе ў Эўропу, праходзіць праз Беларусь. Пры гэтым, Літва залежыць беларускага транзыту на 100%, а Нямеччына і Польшча могуць пацярпець ад спыненьня транзыту апасродкавана, паколькі яны не змогуць запампаваць заплянаваную колькасьць газу ў свае газасховішчы.

Пакуль Эўракамісія не мае інфармацыі аб праблемах транзыту ад краін ЭЗ.


16.40 Кіеў пакуль не атрымаў зварот пра транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Украіны замест Беларусі.

Пра гэта заявіў агенцтву БелаПАН амбасадар Украіны Раман Бязсьмертны.


16:35 Кіеў падставіў плячо Маскве


Украіна гатовая прадставіць магутнасьці сваёй газатранспартнай сыстэмы для прапампоўкі расейскага газу ў Эўропу ў абход Беларусі.

Пра гэта заявіў прэм’ер Украіны Мікалай Азараў на прэсавай канфэрэнцыі ў аўторак, камэнтуючы заяву прэм’ера Расеі Уладзімера Пуціна аб магчымасьці перакінуць транзытныя патокі з газаправода «Ямал-Эўропа» ў ГТС Украіны.

«Мы маем магчымасьць прапампоўваць дадаткова 15, 20, 30 млрд кубамэтраў газу. Калі ў гэтым узьнікне неабходнасьць, ўкраінская газатранспартная сыстэма рэалізуе дамоўленасьць па пастаўках газу ў Эўропу», — сказаў ён.

У часе апошняй газавай вайны Расеі з Украінай сваю падтрымку «Газпрому» у перапампоўваньні газу эўрапейскім спажыўцам аказваў «Белтрансгаз».


16:20 «Газпром» гарантуе дастаўку газу эўрапейцам

Нягледзячы на рашэньне Беларусі перакрыць транзыт газу, «Газпром» цалкам забясьпечыць спажыўцоў у Эўропе і Калінінградзкай вобласьці.

Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў у эфіры тэлеканала «Расія-24».

Паводле яго словаў, будуць задзейнічаныя альтэрнатыўныя варыянты паставак, у тым ліку транспарціроўка праз Украіну і Літву, выкарыстаньне запасаў падземных сховішчаў і са спотавага рынку.

«Пацьвярджэньне гатоўнасьці ўкраінскай сыстэмы ўжо атрымана з Кіева. Мы маем намер задзейнічаць газ з падземных сховішчаў і магчымасьці спотавых рынкаў. Спажыўцы Калінінграда будуць забясьпечаны празь Літву. Усе спажыўцы атрымаюць газ у поўным аб’ёме»,— зазначыў Купрыянаў.


16:00 Пётар Раманаў, палітычны аглядальнік РІА «Новости»: «То газ, то малако, альбо як Беларусь грае ў Крамля на нэрвах»






15.40 Мядзьведзеў даў указаньні Мілеру

Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў даў неабходныя ўказаньні кіраўніку «Газпрома» Аляксею Мілеру ў зьвязку з рашэньнем кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі перакрыць транзыт расейскага газа.

Пра гэта паведаміла прэс-сакратар кіраўніка Расеі Натальля Цімакова, перадае РИА Новости.

Яна адзначыла, што ў аўторак адбылася тэлефонная размова Дз.Мядзьведзева з А.Мілерам.


15.30 А. Класкоўскі: «Капітуляцыя ёсьць варыянтам сьмерці для цяперашняга кіраўніцтва»

Аляксандар Класкоўскі
"Я думаю, што і Масква, і Менск улічваюць тое, што Эўропа ўжо натапырылася, напружылася, і пастараюцца да крытычнай фазы канфлікт не даводзіць. Што тычыцца беларускай эканомікі, то зараз лета, ёсьць нейкія рэзэрвовыя запасы мазуту, увогуле варыянты скарачэньня вытворчасьці — словам, катастрофы не адбудзецца. Тут пытаньне пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў. З аднаго боку, канечне, узрастае пагроза таго, што вось Масква націсьне, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, і Беларусь можа здаць нейкія прынцыповыя пазыцыі, кавалкі ўласнасьці, зрабіць саступкі ў палітычнай сфэры. Зь іншага боку, варта ўлічваць, што капітуляцыя ёсьць варыянтам сьмерці для цяперашняга кіраўніцтва. Бо яно разумее, што калі Расея паглыне Беларусь, то ніякай пэрспэктывы ў сёньняшняй кіроўнай групоўкі ня будзе. З гэтых меркаваньняў, я думаю, будуць, як кажуць, упірацца рогам, і ў рэшце рэшт, хоць і такім пакутлівым шляхам, але будзе адбудоўвацца большая незалежнасьць ад Расеі«.


15.10 А. Фёдараў: «Беларусь вымушаная будзе пайсьці на тыя саступкі, якіх патрабуе Масква»

Андрэй Фёдараў
"Для Беларусі гэта небясьпечна з двух пунктаў гледжаньня. Па-першае, калі будзе істотна скарочаная пастаўка газу, дык найперш пацярпяць прадпрыемствы і, адпаведна, зьнізіцца вытворчасьць — з усімі відавочнымі наступствамі. Але, на мой погляд, больш непрыемным і пагрозьлівым можа быць той факт, што Беларусь вымушаная будзе пайсьці на тыя саступкі, якіх патрабуе Масква. І гэтыя саступкі не заўсёды супадаюць з нашымі нацыянальнымі інтарэсамі. Гэтак мы можам быць усё больш уцягнутыя ў расейскую арбіту, што для нас не заўсёды добра — і гэта галоўная пагроза. Што тычыцца Эўропы, то Расея заявіла, што яна можа кампэнсаваць Эўропе патрэбную колькасьць газу праз Украіну. Але і тут сытуацыя пакуль ня вельмі зразумелая«.


14.30 С. Гусак: «Вырашаць гэтае пытаньне неабходна з Украінай і краінамі Балтыі»

Супрацьстаяньне паміж афіцыйным Менскам і Масквой камэнтуе экспэрт у пытаньнях энэргетыкі Станіслаў Гусак:

Станіслаў Гусак
"Гэтага варта было чакаць. Апошнім часам было відаць, што Лукашэнка турбуецца гэтай праблемай. І сёньня трэба шукаць зь яе выйсьце. Думаю, што сёньня гэтае пытаньне трэба падзяліць на часткі: палітычную, эканамічную, а таксама пытаньні тактыкі-стратэгіі і геапалітыкі. Мне бачыцца, што праблема забесьпячэньня Беларусі газам вырашыцца праз пастаўку звадкаванага газу. І вырашаць гэтае пытаньне неабходна разам з Украінай і краінамі Балтыі. Тэхнічна — гэта вырашальная праблема. Таму я думаю, што сёньня ўраду неабходна стратэгічна выявіць палітычную волю і пайсьці на ўзьяднаньне з краінамі былога Вялікага Княства Літоўскага і зрабіць вось такую транснацыянальную інжынэрную камунікацыю. Тое ж самае павінна тычыцца і нафты. Гэта б дазволіла стаць нашаму рэгіёну незалежным ад таго, што будзе рабіць Расея. Мы б здолелі праводзіць сваю нацыянальную палітыку. Зацікаўленасьць у гэтым ёсьць ва ўсіх народаў. Ад кіраўніцтва проста трэба палітычная воля«.


14.17 Эўракамісія экстрана зьбірае газавую сустрэчу ў Брусэлі

13.35 Томас Янялюнас: «З Латвіі можам атрымаць газ нават у тым выпадку, калі будзе перапынены ўвесь паток зь Беларусі»

Супрацьстаяньне паміж афіцыйным Менскам і Масквой камэнтуе літоўскі палітоляг Томас Янялюнас:

«Паводле маіх зьвестак, Літва атрымлівае ўвесь газ, на які разьлічвае, але гэта непакоіць і літоўскі бок таксама. Нашы палітыкі і аглядальнікі пільна сочаць за гэтым працэсам. Але ёсьць некаторая пэўнасьць, што, прынамсі, газ можа быць пастаўлены з Латвіі, калі будзе перакрытая пастаўка зь Беларусі. Менавіта з Латвіяй ёсьць дамовы, і можам атрымаць газ нават у тым выпадку, калі будзе перапынены ўвесь паток зь Беларусі. Такім чынам, цягам некалькіх дзён мы ня будзем мець недахопу, асабліва летам, паколькі спажываньне газу летам мае меншы аб’ём, чым зімой. І калі гэтае пытаньне будзе вырашанае цягам некалькіх дзён, я думаю, што Літва ніякіх абмежаваньняў не адчуе».


13.22 Берасьцейшчына: ваенны загад 22 чэрвеня 2010-га...


13.10 Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што даў указаньне пеаркрыць транзыт газу, пакуль «Газпром» яго не аплаціць

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што загадаў ураду перакрыць транзыт расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі датуль, пакуль «Газпром» не пагасіць запазычанасьць у 260 мільёнаў даляраў за транзыт праз тэрыторыю Беларусі.

«Газпром» вінен 260 мільёнаў, з улікам траўня, за транзыт. Я загадаў ураду перакрыць транзыт газу празь Беларусь, пакуль не заплаціць «Газпром». Яны нам за паўгода ні капейкі не заплацілі. Да якога цынізму і абсурду можна дайсьці, калі ты вінен мне 260 мільёнаў даляраў, я табе — 190 мільёнаў даляраў, і ты пачынаеш мне за гэта закручваць вэнтыль«, — сказаў А.Лукашэнка падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.



13.08 Беларусь разьлічылася за травеньскі газ

Беларусь разьлічылася з «Газпромам» у поўным аб’ёме за газ, пастаўлены ў траўні.

Пра гэта перадае БелТА са спасылкай на прадстаўніцу Міністэрства энэргетыкі Беларусі.

Адзначаецца, што афіцыйны Менск у поўным аб’ёме зрабіў разьлік за газ, спажыты Беларусьсю ў траўні, не чакаючы пералічэньня грошай ад «Газпрому» за транзыт газу ў траўні празь беларускую газатранспартную сыстэму і газаправод «Ямал-Эўропа».

Цяпер шэраг электрастанцыяў Беларусі пераведзеныя на спальваньне рэзэрвовых відаў паліва. Абмежавана падача газу на прамысловыя прадпрыемствы.


13.00 М. Буцька: «Варыянт праз Украіну можа забясьпечыць і Польшчу, і транзыт газу на Захад»

Газавае супрацьстаяньне паміж афіцыйным Менскам і Масквой камэнтуе адзін з былых кіраўнікоў дыпляматычнага прадстаўніцтва Польшчы ў Беларусі Марэк Буцька:

«У кожным разе гэта заўсёды выклікае хваляваньне нашых уладаў. Але пакуль што вялікіх афіцыйных рэакцый не было. Пакуль усе захопленыя прэзыдэнцкімі выбарамі, гэты газавы канфлікт пакуль праходзіць ня тое што незаўважана, але вялікай увагі яму не надаецца. У эканамічных СМІ я бачыў некалькі артыкулаў, што, маўляў, так, існуе пагроза і для Польшчы. Але я думаю, што і сярод нашых палітыкаў, і сярод эканамістаў існуе такое перакананьне, што варыянт праз Украіну можа забясьпечыць і Польшчу, і прадоўжыць транзыт газу далей на Захад. Ну, і па-другое, зараз існуюць стратэгічныя рэзэрвы, на якіх наша эканоміка даволі доўга можа пратрымацца. Таму невялікае хваляваньне ёсьць, але нейкіх панічных настрояў зараз няма».



12.30 Чарговую лічбу санкцый назавуць сёньня

Пытаньне далейшага скарачэньня паставак газу ў Беларусь «Газпром» вырашыць 22 чэрвеня.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў, перадае РИА Новости.

«Калі зь беларускага боку ня будзе ніякіх рэальных крокаў, то можна чакаць будзе новае скарачэньне. Будзем вызначацца дакладна гэтак жа як і сёньня падчас пасяджэньня апэратыўнага штаба», — сказаў Купрыянаў.


11.50 Суседзі падрыхтаваныя да скарачэньня газавых паставак

Пастаўкі расейскага газу ў Літву празь Беларусь працягваюцца безь перабояў.

Пра гэта паведаміла BNS прэс-аташэ літоўскай кампаніі па транспартаваньні і пастаўках газу Lietuvos dujos Сігіта Петрыканіце-Юркунене.

Раней прадстаўніца Lietuvos dujos адзначала, што на выпадак перабояў з пастаўкамі падрыхтаваныя ўсе тэхнічныя магчымасьці і ёсьць дагаворныя абавязаньні на пастаўкі газу ў Літву з Інчукальніскага газавага сховішча ў Латвіі.

Пры абмежаваньні афіцыйным Менскам транзыту Калінінградзкая вобласьць не зазнае цяжкасьцяў. Пра гэта заявіў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Георгій Бос, паведамляе прэс-служба губэрнатара. Ён адзначыў, што ёсьць дадатковыя спосабы падачы газу ў Калінінградзкую вобласьць: існуе альтэрнатыўны газаправод, які ідзе праз тэрыторыю Латвіі і Літвы.

Таксама кампанія «Укртрансгаз» абвясьціла, што кампэнсуе магчымае скарачэньне транзыту газу ў Эўропу празь Беларусь. 17 чэрвеня кампанія атрымала запыт ад «Газпрому» на прапрацоўку альтэрнатыўных варыянтаў пастаўкі. Аднак на 22 чэрвеня дадатковыя аб’ёмы газу на Ўкраіну не падаюцца.


11.20 Пры скарачэньні паставак Беларусь пачне адбор чужога газу

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў у лісьце да «Газпрому», што пры далейшым скарачэньні паставак Беларусь пачне адбор газу з транзытнага трубаправоду для патрэбаў народнай гаспадаркі.

Пра гэта паведаміў журналістам афіцыйны прадстаўнік «Газпрому» Сяргей Купрыянаў.

Ён зазначыў, што ў лісьце Ў.Сямашкі няма «ніякіх прадметных прапановаў аб пагашэньні запазычанасьці».

Паводле С.Купрыянава, калі афіцыйны Менск пачне несанкцыянаваны адбор газу, то Расея задзейнічае альтэрнатыўныя магчымасьці транзыту.

С.Купрыянаў сьцьвердзіў, што трэба «аддзяліць мух ад катлет». Маўляў, пастаўкі і транзыт газу «выразна падзелены, і іх нельга зьвязваць».

«Адзінае і галоўнае пытаньне, якое мы цяпер абмяркоўваем, — гэта пагашэньне запазычанасьці за пастаўлены газ», — сказаў Купрыянаў.


10.59 Затулін: беларускае кіраўніцтва паводзіць сябе неразумна

Канстанцін Затулін
Дырэктар маскоўскага інстытута СНД Канстанцін Затулін раіць кіраўніцтву Беларусі «заплаціць даўгі». Ён не разумее, «чаму так доўга ў Беларусі да гэтага рашэньня сасьпяваюць». К.Затулін заявіў «Свабодзе», што канфлікт па пастаўках газу, як правіла, мае і палітычныя наступствы, і палітычныя перадумовы.




21 чэрвеня «Газпром» абмежаваў пастаўкі газу ў Беларусь на 15%. Прадстаўнікі газавага холдынгу заявілі, што, калі афіцыйны Менск не пагасіць доўг, то скарачэньне паставак паступова дасягне 85%.


Чарговая газавая вайна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG