Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Квіткевіч: "Доўгая дарога дадому" будзе першай у аўдыёбібліятэцы Быкава


Алесь Квіткевіч

Алесь Квіткевіч

19 чэрвеня ў Менску ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзэнтацыя аўдыёкнігі Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Яе выдала беларуская служба Радыё Свабода, у праскай студыі якой аўтар і начытаў у 2002 годзе свае мэмуары.


А сёньня сваімі ўражаньнямі ад гукавой "Доўгай дарогі дадому" дзеліцца Алесь Квіткевіч, дырэктар кампаніі "БелТонМедыя", якая адмыслова створана дзеля выпуску беларускіх аўдыёкніг:

"Беларуская аўдыёкніга — рэч досыць сьвежая. Аўдыёкнігі, начытаныя самімі аўтарамі, — рэч, да ўсяго, яшчэ і вельмі аўтэнтычная. Мы ўжо, відаць, ніколі ня будзем трымаць у руках асобныя дыскі з найлепшымі творамі Багдановіча, Алеся Гаруна, Максіма Гарэцкага ў аўтарскім выкананьні, і таму аўдыёкнігу "голасам Быкава" можна, не перабольшваючы, назваць значным артэфактам беларускае культуры.

Прычым гэта ўжо другі аўдыёдыск, дзе гучыць голас народнага пісьменьніка — першы называўся "Быкаў на Свабодзе" і таксама выдаваўся беларускаю службаю гэтага ж радыё. Але тое была публіцыстыка, якой пісьменьнік таксама аддаваў значную ўвагу, а дыск "Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Чытае аўтар" — гэта менавіта аўдыёкніга, больш за тое — мэмуарная.

Так сталася, што калі друкам выйшла першае выданьне "Доўгае дарогі дадому", я яшчэ вучыўся ў школе, і першаю кнігаю Быкава, якую прачытаў, была менавіта яна, апошняя па часе напісаньня. Аўтабіяграфія. Сьвежая, толькі з друкарні. І ўжо толькі потым была ўся быкаўская спадчына, нашая літаратурная клясыка — і тая, што ў школьнай праграме, і тая, што па-за ёю. Я, так бы мовіць, пачаў чытаць Быкава з канца: пазнаёміўся спачатку з самім пісьменьнікам, і ўжо толькі потым — зь яго літаратурнымі героямі.

Сымбалічна, што і літаратурны Быкаў у гуку распачаўся менавіта "Доўгаю дарогаю..." Як дырэктар выдавецтва, якое выпускае беларускія аўдыёкнігі, я магу троху раскрыць выдавецкі плян і сказаць, што ў наступным годзе выйдуць сама меней 4 паўнавартасныя аўдыёкнігі Быкава рознымі мовамі. Але першаю назаўсёды застанецца "Доўгая дарога дадому" — так, як яе начытаў сам Васіль Быкаў".
XS
SM
MD
LG