Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Невыязных” стане менш


У разгары — летнія канікулы ў дзяцей, адпачынкі ў бацькоў. Новы сэзон адпачынкаў супаў з уступленьнем у сілу новага Закону аб парадку ўезду і выезду грамадзянаў за мяжу, які ўводзіць істотныя зьмены што да выезду непаўналетніх. Ці спросьціцца даволі складаная працэдура вывазу дзіцяці за мяжу, ці скароціцца сьпіс невыязных?


Калі дзіця выяжджае за мяжу з абодвума бацькамі, ніякіх дазвольных дакумэнтаў наагул ня трэба. Ня трэба дазволу, і калі дзіця едзе з адным з бацькоў, тлумачыць начальнік аддзелу пашпартнай працы і выезду за мяжу ў Дэпартамэнце грамадзянства і міграцыі МУС Дзьмітры Леўчанка:

«Калі непаўналетні выяжджае ў суправаджэньні аднаго з законных прадстаўнікоў, да прыкладу, маці, — згода бацькі не патрэбная. Гэты новы пункт уведзены новым законам. Калі дзіця выяжджае ў суправаджэньні трэцяй асобы — а трэцімі асобамі зьяўляюцца ўсе, акрамя законных прадстаўнікоў, — згода абодвух законных прадстаўнікоў — і таты, і мамы — абавязковая».

То бок, калі дзіця едзе нават з роднымі бабуляй альбо цёцяй, патрэбны дазвол абодвух бацькоў. Але на працы бацькоў альбо ў ЖЭСе такі дазвол ужо не заверыш, тлумачыць спадар Леўчанка:

«Згода законных прадстаўнікоў на выезд дзіцяці завяраецца альбо натарыяльна, альбо падразьдзяленьнямі па грамадзянстве і міграцыі. Паводле новага закону з органаў, якія маюць права завяраць згоду законных прадстаўнікоў, зьніклі ЖЭСы».

Але бываюць і іншыя выпадкі, калі адзін з бацькоў супраць таго, каб дзіця выехала за мяжу. У такім выпадку можна зьвярнуцца ў суд і атрымаць рашэньне аб іншым парадку выезду канкрэтнага дзіцяці, да прыкладу, у суправаджэньні абодвух бацькоў:

«Трэба вельмі доказна пераканаць судзьдзю ў тым, што насамрэч існуе нейкая пагроза дзіцяці, што яго альбо ня вернуць на радзіму, альбо нейкія пагрозы гіпатэтычныя здароўю, жыцьцю могуць існаваць, калі яго вывезуць. І калі судом прымаецца станоўчае рашэньне аб усталяваньні іншага парадку вывазу канкрэтнага дзіцяці, інфармацыя пра гэта зьмяшчаецца ў банк дадзеных асобаў, права на выезд якіх часова абмежавана».

Яшчэ адзін істотны нюанс: многія бацькі лічаць аздараўленьнем любы выезд дзіцяці на мяжу падчас вакацый. Афіцыйна ж аздараўленьнем лічацца паездкі толькі па лініі Дэпартамэнту гуманітарнай дзейнасьці. У асноўным гэта тычыцца толькі чарнобыльскіх дзетак, тлумачыць спадар Леўчанка:

«Звычайныя школьныя экскурсіі, нават у Баўгарыю, Крым, выездам на аздараўленьне не зьяўляюцца. Дапусьцім, калі са школы выяжджае група дзяцей у суправаджэньні настаўнікаў у Баўгарыю ці Крым, дазвол на выезд абодвух бацькоў абавязковы».
Усе амбасады ўсё адно патрабуюць дазвол на выезд ад абаіх бацькоў.

Ці прасьцей стане працаваць дабрачынным фондам, арганізацыям, якія займаюцца аздараўленьнем дзетак? Супрацоўніца фонду «У будучыню — з надзеяй» спадарыня Сьвятлана кажа:

«На нашу працу гэта ніяк не паўплывае, таму што ўсе амбасады ўсё адно патрабуюць дазвол на выезд ад абаіх бацькоў, таму даводзіцца шукаць абаіх. Да таго ж існуюць тэрміны разгляду дакумэнтаў Міністэрствам адукацыі — 10 дзён, і Дэпартамэнтам гуманітарнай дзейнасьці — 3-4 дні. І 14 дзён разглядае амбасада. Адзінае, у чым вялікі плюс, — зьмены ва ўказ, што дазволены выезд на аздараўленьне дзяцей, старэйшых за 14 гадоў».

І яшчэ супрацоўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Дзьмітрый Леўчанка паведаміў, што колькасьць невыязных будзе паступова зьніжацца. З уступленьнем у сілу прэзыдэнцкага Ўказу № 271 рашэньне аб унясеньні асобы ў базу дадзеных невыязных прымаецца на альтэрнатыўнай аснове, то бок сьледчы будзе прымаць рашэньне, уключаць ці не ўключаць чалавека, які знаходзіцца пад сьледзтвам, у базу невыязных. Да таго ж ужо перасталі ўключаць у базу дадзеных часова невыязных людзей, якія знаходзяцца пад арыштам альбо прыгавораныя да пажыцьцёвага зьняволеньня. На думку спадара Леўчанкі, база невыязных можа скараціцца са 120 тысяч да 70-80 тысяч.

Але да пяці ранейшых катэгорыяў невыязных дадаліся яшчэ дзьве: грамадзяне, за якімі паводле рашэньня суду ўсталяваны прэвэнтыўны нагляд, а таксама службовыя асобы, у дачыненьні да якіх распачатая працэдура банкруцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG