Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўступіў у сілу закон “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь”.

Важнейшая зьмена ў новым законе “Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь” тычыцца непаўналетніх дзяцей, якім зараз будзе дазволена выяжджаць за мяжу з дазволу аднаго з бацькоў. Новы закон таксама абавязвае дзяржаўныя структуры, якія прымаюць рашэньне пра забарону на выезд, паведамляць пра гэта зацікаўленым асобам цягам дня пасьля прыняцьця рашэньня.

Новы закон прадугледжвае палёгку ў справе выезду за межы краіны яшчэ тром катэгорыям грамадзян: абвінавачаным, асуджаным і падазраваным.

Сярод “невыязных” апазыцыйных палітыкаў у розныя гады былі Анатоль Лябедзька, Артур Фінькевіч, шмат хто з маладых актывістаў розных палітычных партый і рухаў. Гэтым і іншым апазыцыйным палітыкам ніякай палёгкі ад новага закону чакаць ня варта, заяўляе юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла:

“З палітычных матываў нікому не адмаўляюць. Палітыкаў падводзяць да катэгорыі невыязных штучна. Да прыкладу, распачынаецца крымінальная справа — і чалавек становіцца невыязным, бо ён падазроны ў крымінальнай справе. Гэтая справа можа гадамі ляжаць у стале нікому не патрэбная, бо распачатая менавіта для таго, каб стварыць шлягбаўм на шляху за мяжу. Гэтаксама маладога чалавека могуць зацягаць позвамі і не выпускаць з тае прычыны, што ён нібыта ўхіляецца ад прызыву. Альбо распачаць грамадзянскую справу аб нейкай мітычнай запазычанасьці, і гэтак далей. Словам, можна штучна імітаваць любыя абставіны — было б жаданьне ў нашых выканаўцаў гэта ствараць. І яны ствараюць”.

Апазыцыйны палітык Сяргей Скрабец — адзін са 125 тысяч грамадзян, якім выезд з краіны забаронены. Упершыню “невыязным” ён стаў у выніку адміністрацыйнай справы і штрафу, прысуджанага за мітынг прадпрымальнікаў у Горадні. Потым былі крымінальныя справы, за якія нават адседзеў у турме, але і зараз не спадзяецца, што новы закон зьменіць ягоны статус:

“Мы жывём у таталітарнай краіне, а таму ніякага закону ў бок паляпшэньня сытуацыі ў нас ніколі не прымалася. Таму я лічу, што становішча будзе пагаршацца, і найперш у палітыкаў”.

Новы закон прадугледжвае дадатковае абмежаваньне на выезд для грамадзян, за якімі суд усталёўвае прэвэнтыўны нагляд і для тых, хто завінаваціўся ў справах пра банкруцтва. Застаецца таксама абмежаваньне для так званых “ухілістаў” — юнакоў, якіх змушаюць служыць у войску. Аднак і іншыя маладыя апазыцыянэры мяркуюць, што ніякія зьмены заканадаўства ня будуць мець уплыву на ўмовы іх выезду. Гаворыць старшыня Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч:

“Я думаю, што новы парадак выезду за мяжу не паўплывае на, прынамсі, актывістаў дэмакратычнага руху. Бо тыя выпадкі, якія адбываліся са мной і маімі паплечнікамі, ніяк юрыдычна не тлумачыліся. Я, калі выйшаў з турмы, ня мог выехаць за мяжу цягам году. Увесь гэты час перапісваўся з пракуратурай, і мне ўрэшце рэшт адказалі, што я ёсьць і заўсёды быў выязным. Насту Палажанку таксама ня выпусьцілі ў Польшчу на важную сустрэчу, а пасьля адказалі, што была памылка ў базе зьвестак. То бок рэжым, калі жадае кагосьці ня выпусьціць за мяжу, зробіць гэта, не абапіраючыся на юрыдычныя нормы”.

XS
SM
MD
LG