Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выяжджаць за мяжу стане лягчэй дзецям, зьвінавачаным, асуджаным і падазраваным


30 сакавіка ўступае ў сілу закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь. У адпаведнасьці з новым законам сьпіс грамадзян, залічаных у катэгорыю «невыязных», папоўніцца двума новымі пунктамі. Адначасна прадугледжваецца палёгка ў справе выезду для іншых груп людзей.

Абмежаваньне на выезд будзе прадугледжана адносна грамадзян, за якімі суд усталёўвае прэвэнтыўны нагляд. Таксама часова «невыязнымі» стануць асобы, якія маюць запазычанасьць у справах пра банкруцтва. Адначасна новы закон прадугледжвае палёгку для трох іншых катэгорый — зьвінавачаных, асуджаных і падазраваных. Бо менавіта яны складаюць пераважную бальшыню з агульнага ліку 125 тысяч невыязных, кажа кіраўнік аддзелу Дэпартамэнту міграцыі МУС Дзьмітры Леўчанка:

«Зараз любая асуджаная асоба, а таксама зьвінавачаная ці падазраваная стоадсоткава трапляе ў банк дадзеных. Прычым незалежна ад таго, ці ён асуджаны да штрафу, ці да пажыцьцёвага зьняволеньня. І гэтыя людзі складалі агульны масіў „невыязных“. Натуральна, з уступленьнем у сілу новага закону гэтая колькасьць будзе істотна зьменшаная, прыкладна разы ў два, менавіта з-за альтэрнатыўнасьці — уключаць у банк дадзеных ці не ўключаць».

Калі сёньня начальнікі ЖЭСаў маюць права пацьвярджаць згоду бацькоў на выезд дзіцяці за мяжу, то паводле новага закону яны ня маюць права гэта рабіць.
Як паведаміў Дзьмітры Леўчанка, гэтае пытаньне будуць вызначаць адпаведныя дзяржаўныя структуры ў індывідуальным парадку. Новая рэдакцыя закону таксама зьмяняе ўмовы выезду за межы краіны непаўналетніх. Зараз для гэтага неабходна пісьмовая згода абодвух бацькоў дзіцяці. З 30 сакавіка дастаткова будзе згоды аднаго зь іх, паведамляе намесьнік дырэктара Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Людміла Панфёрава:

«Гэта асноўная зьмена парадку, які існуе сёньня. З аднаго боку, мы дэмакратызуем і спрашчаем выезд непаўналетніх, а зь іншага боку, робім больш жорсткімі патрабаваньні адносна дакумэнтаў. Калі сёньня начальнікі ЖЭСаў маюць права пацьвярджаць згоду бацькоў на выезд дзіцяці за мяжу, то паводле новага закону яны ня маюць права гэта рабіць. Згоду бацькоў на выезд дзіцяці можа засьведчыць натарыюс альбо супрацоўнік Дэпартамэнту міграцыі МУС».

Як паведаміла Людміла Панфёрава, закон аб парадку выезду будзе ўніфікаваны з адпаведнымі заканадаўчымі актамі Расеі ў зьвязку з утварэньнем адзінай мытнай прасторы паміж Беларусьсю, Расеяй і Казахстанам.

Міністэрства замежных спраў таксама папярэджвае грамадзян Беларусі, што візавы кодэкс Эўразьвязу, які набывае моц 5 красавіка, утрымлівае патрабаваньні і да беларускіх грамадзян. А менавіта:

  • у пашпарце павінна быць ня менш за дзьве чыстыя старонкі ў разьдзеле «візы»,
  • тэрмін дзеяньня пашпарта павінен на тры месяцы перавышаць тэрмін заканчэньня візы, аб якой просіць заяўнік,
  • а сам пашпарт павінен быць не старэйшым за 10 гадоў.

Гэтыя патрабаваньні тычацца пашпартоў, якія будуць падавацца на атрыманьне візы, але не паўплываюць на пашпарты, дзе такія візы ўжо ёсьць.
XS
SM
MD
LG