Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія па найменаваньні вуліц Менгарвыканкаму прыняла рашэньне вярнуць гістарычныя назвы шэрагу вуліц у 2010 годзе. Плянавалася, што праект гэтага рашэньня сэсія гарсавету разгледзіць напачатку году, аднак пытаньне адкладзенае на разгляд новага складу Менгарсавету.


Камісія прапанавала перайменаваць шэраг вуліц у розных раёнах гораду, а таксама шэсьць — у цэнтры Менску:

  • вуліцу Вызваленьня — у Васкрасенскую,
  • Герцэна — у Бэрнардынскую,
  • Камунальную ўзьбярэжную — у Траецкую ўзьбярэжную,
  • Дзімітрава — у Пятніцкую,
  • Віцебскую — у Няміга-Ракаўскую,
  • Рэвалюцыйную — у Койданаўскую.

Такой прапановы ў парадак дня мінулага Менгарсавету не паступала, але ня выключана, што гэта адбудзецца ўжо на першым паседжаньні новага складу, заплянаваным на 23 чэрвеня, паведаміла памочнік старшыні Вольга Засьценка:

«Калі яны вынесуць прапанову на наступную сэсію, то будзем разглядаць. Будзем разглядаць, а ці будзе прынятае нейкае рашэньне — гэта ўжо пытаньне часу… Пакуль у нас нічога няма — рана».

У камісіі па найменаваньні паведамілі, што ня здолелі прайсьці неабходныя працэдуры для вынясеньня пытаньня на разгляд сэсіі Менгарсавету. Але спадзяваньні, што прапановы камісіі будуць зацьверджаныя, ёсьць, паведаміў «Свабодзе» адзін зь сябраў камісіі, выкладчык гісторыі Іван Сацукевіч:

«Мы не пасьпелі на апошнюю сэсію Менгарсавету ўсё падрыхтаваць. Бо ад прапановы павінен прайсьці амаль месяц, пасьля мы павінны сабраць усе водгукі, якія паступаюць адносна гэтага праекту, і толькі затым выносіць на сэсію. Безумоўна, ужо насьпела такая сытуацыя, што паціху ўжо неабходна вяртаць гістарычныя назвы ў цэнтар гораду».

Камісія таксама прапаноўвае перайменаваць брацкія магілы ахвяр Першай усясьветнай вайны, якія будуць называцца «Менскія брацкія могілкі 1914-1918 гг.» Адна з галоўных прапаноў — перайменаваньне станцыі мэтро «Плошча Леніна» ў «Плошчу Незалежнасьці». Гэтая ідэя спарадзіла найбольшую хвалю спрэчак. Былы сябра камісіі, які выйшаў зь яе складу на знак нязгоды зь дзейнасьцю, гісторык Захар Шыбека гэтак пракамэнтаваў магчымасьці перайменаваньня:

«У нас нічога пэўнага прагназаваць нельга, бо ў нас перайменаваньні адбываюцца хвалямі. Я ўжо чую, што людзі старой загартоўкі ўжо вельмі незадаволеныя перайменаваньнем станцыі мэтро „Плошча Леніна“ ў „Плошчу Незалежнасьці“, і ўжо дадзены адбой у гэтым пытаньні. Таму прагназаваць тут вельмі цяжка».

Нагадаем, што 9 траўня кампанія «Гавары праўду» распачала збор подпісаў за наданьне імя Васіля Быкава вуліцы Ўльянаўскай у Менску і вуліцы Парыскай Камуны ў Горадні, а таксама новай станцыі мэтро ў Менску.
XS
SM
MD
LG