Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: У Кангрэсе пройдуць слуханьні аб правах чалавека ў Беларусі


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

Беларускія апазыцыйныя палітыкі, якія заявілі пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, Аляксандар Мілінкевіч і Андрэй Саньнікаў, гэтымі днямі пабывалі ў ЗША. Яны распавялі беларускай «Свабодзе» пра вынікі сваіх сустрэч у Вашынгтоне і пра настроі амэрыканскай палітычнай эліты.

Чатырохдзённы візыт у ЗША лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча пачаўся ў панядзелак, 24 траўня. Ужо адбыліся сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага дэмакратычнага інстытуту (NDI) Кэнэтам Волакам, старшынёй Нацыянальнай фундацыі дзеля дэмакратыі (NED) Карлам Гершманам, кангрэсмэнам Тадэўсам Маккотэрам, сэнатарам Джонам Маккейнам, які быў кандыдатам ад рэспубліканскай партыі на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША, з прадстаўнікамі дзярждэпартамэнту, іншымі.

Галоўную мэту сваіх сустрэчаў у Вашынгтоне спадар Мілінкевіч у інтэрвію «Свабодзе» вызначыў наступным чынам:

Мілінкевіч: «Я лічу, што скаардынаванасьць дзейнасьці Эўразьвязу і ЗША — гэта самае галоўнае, што ў нас ёсьць, калі казаць пра палітыку нашых замежных партнэраў. Я б хацеў, каб яны гаварылі адным голасам. І я пераконваў у тым, што дыялёг зь беларускімі ўладамі неабходны, але дыялёг крытычны, дыялёг з умовамі. І я думаю, што такая палітыка будзе праводзіцца.

Учора была сустрэча з кангрэсмэнам Элсі Гастынгсам, старшынёй Хэльсынскай камісіі Кангрэсу. Паводле маёй прапановы ён вырашыў, што ў Кангрэсе пройдуць слуханьні ў пытаньні правоў чалавека ў Беларусі. Я лічу, што гэта вельмі важна, каб даць ацэнку таму, што адбываецца ў Беларусі. На маю думку, ёсьць пэўныя зрухі ў эканамічных рэформах, але з правамі чалавека робіцца нават горш. Таксама на ўсіх сваіх сустрэчах я казаў, што ЗША не павінны зьмяншаць сваю падтрымку беларускай дэмакратыі».

Цыганкоў: «У якім аспэкце закраналася тэма прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?»

Мілінкевіч: «Усе разумеюць, што мясцовыя выбары прайшлі „як заўсёды“. Яны не былі дэмакратычнымі і празрыстымі. Але на прэзыдэнцкіх выбарах міжнародная супольнасьць павінна падкрэсьліць адно важнае пытаньне
Выбары могуць лічыцца больш дэмакратычнымі, калі ў выбарчых камісіях будуць прадстаўнікі незалежных кандыдатаў.
— выбары могуць лічыцца больш дэмакратычнымі, калі ў выбарчых камісіях будуць прадстаўнікі незалежных кандыдатаў. Такі закон ужо ёсьць у Расеі і ва Ўкраіне, і вельмі важна, каб ён быў у Беларусі. Іначай выбары будуць лічыцца недэмакратычнымі».

27 траўня ў Аляксандра Мілінкевіча заплянаваныя сустрэчы з экспэртамі па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ў Цэнтры стратэгічных дасьледаваньняў, а таксама сустрэчы з дарадцамі ў Кангрэсе і палітычнымі аналітыкамі. Увечары Мілінкевіч адлятае ў Нью-Ёрк, дзе спаткаецца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Андрэй Саньнікаў
Тым часам каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў ужо вярнуўся ў Беларусь пасьля паездкі ў Злучаныя Штаты. У Вашынгтоне ў Андрэя Саньнікава адбыліся сустрэчы з былой амбасадаркай ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт, намесьнікам памочніка дзяржсакратара Дэнам Расэлам, супрацоўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту, якія адказваюць за стасункі зь Беларусьсю, прадстаўнікамі розных фондаў, аналітыкамі. У інтэрвію «Свабодзе» Саньнікаў распавёў, чаго чакаюць амэрыканскія палітыкі ад прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Саньнікаў: «Чаго яны чакаюць ад прэзыдэнцкіх выбараў? Відавочна, ЗША чакаюць, што будуць пэўныя зьмены з боку беларускай улады — але ня вельмі спадзяюцца на гэта. Амэрыканскія палітыкі працягваюць казаць, што толькі пасьля пэўных зьменаў у Беларусі можа адбыцца нейкі рух наперад у стасунках ЗША і Беларусі. У ЗША чакаюць, што выбары стануць пэрыядам актывізацыі ўсяго грамадзтва, яны зацікаўленыя ў тым, каб адбылося міжнароднае назіраньне і каб апазыцыя атрымала пэўны шанец, каб зрабіць выклік дыктатарскай сыстэме».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG