Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Проста неверагодна, што Масква магла б паставіць на Саньнікава”


Уладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч

Амэрыканскі часопіс Newsweek піша, што Масква будзе рабіць спробы зьмяніць рэжым у краінах, якія ў Расеі па-ранейшаму завуць «блізкім замежжам». Паводле выданьня, у Беларусі кандыдатам Крамля мог бы стаць лідэр «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў, якога амэрыканскія журналісты называюць «ня надта блізкім з Захадам». Наколькі рэальная вэрсія, што Масква на гэтых выбарах можа падтрымаць апазыцыйнага Лукашэнку кандыдата? Каму выгадна называць Саньнікава прарасейскім кандыдатам — яму самому альбо ягоным апанэнтам? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Уладзімер Мацкевіч.


Цыганкоў: Наколькі рэалістычная такая пастаноўка пытаньня — «прарасейскі кандыдат ад апазыцыі, які будзе падтрыманы Крамлём»? Хіба можа памяняцца традыцыя, паводле якой Крэмль заўсёды падтрымліваў на выбарах Лукашэнку?

Мацкевіч: На ўсіх папярэдніх выбарах заўсёды знаходзіўся нейкі прамаскоўскі кандыдат, прынамсі, заўсёды камусьці гэта прыпісвалася. Але мне падаецца, што ніводзін зь іх ніколі не дабіраўся нават да збору подпісаў і не станавіўся рэальным кандыдатам у прэзыдэнты. З рэальных кандыдатаў — Ганчарык, Домаш, Мілінкевіч, Казулін — ніхто ня быў прамаскоўскім кандыдатам.

На сёньня я думаю, што Масква па-ранейшаму шукае нейкія крэатуры ў Беларусі, але ня думаю, што яна можа спыніцца на кімсьці, хто
Проста неверагодна, што Масква магла б паставіць на Саньнікава.
меў хаця б нейкае дачыненьне да апазыцыі. І ў гэтым сэнсе проста неверагодна, што Масква магла б паставіць на Саньнікава.

Зь іншага боку, я добра ведаў Саньнікава больш за 13 гадоў, з часу, калі стваралася «Хартыя-97». І на той момант падумаць пра Саньнікава, што ён можа быць прамаскоўскім кандыдатам, не было ніякіх падставаў. І хаця мы даўно асабіста не кантактавалі, я ўпэўнены, што і сёньня Саньнікаў ніякім чынам не зьяўляецца прамаскоўскім.

Цыганкоў: Сама фармулёўка выглядае даволі камічна: «лідэр „Эўрапейскай Беларусі“ —прамаскоўскі кандыдат». Па-вашаму, каму больш выгадна гэта паведамленьне — самому Саньнікаву ці ягоным апанэнтам?

Мацкевіч: Я б хутчэй спыніўся на вэрсіі, што гэта хутчэй сьведчыць пра наіўнасьць заходніх экспэртаў і аналітыкаў. Заходнія журналісты могуць купіцца на нейкую плётку і чутку, якую ім выдасьць чалавек, якому яны давяраюць. Я думаю, у Саньнікава дастаткова нядобразычліўцаў, якія могуць такое сказаць. Але гэта проста ня мае ніякіх фактычных падставаў.

Іншая справа, што я не лічу Саньнікава нейкім рэальным прэтэндэнтам, у яго мала шанцаў на тое, каб стаць кандыдатам у прэзыдэнты. Таму гэта такая валтузьня аўтсайдэраў паміж сабой. Але нават такая валтузьня, такі піяр мусіць абгрунтоўвацца нейкімі сапраўднымі рэчамі, а ня плёткамі і чуткамі.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG