Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арцём Дубскі: У зоне слухаюць беларускую "Свабоду"


Арцём Дубскі на волі

Арцём Дубскі на волі

25 сакавіка з магілёўскай папраўчай калёніі № 19 вызвалілі актывіста "Маладога фронту" Арцёма Дубскага. Палітвязьня на службовым аўтамабілі ўпотай вывезьлі з турмы. У той жа дзень Арцём быў госьцем "Начной Свабоды".






СЛУХАЦЬ:



Арцём, чаго вам больш за ўсё не хапала ў калёніі?

Спачатку не хапала звычайных чалавечых адносінаў, але потым я паспрабаваў збудаваць іх з тымі людзьмі, якія мяне атачалі – спадзяюся, у мяне гэта атрымалася, нават з супрацоўнікамі я спрабаваў паводзіць сябе па-чалавечы. Зь іншага боку, гэта не заўжды было для іх звычайна, бо яны звыклі ставіцца да людзей як да быдла. Але гэта іх праблемы, і час ад часу ўзьнікалі сытуацыі, калі яны ня ведалі, як адказваць на тыя ці іншыя пытаньні, як сябе паводзіць, і проста губляліся.

Не хапала апэратыўнай сувязі з рознымі і блізкімі, каб паведаміць, калі нешта здараецца, таму што калі, напрыклад, мяне "зачынялі" ў карцэр на 2 тыдні, маці даведалася аб гэтым на 5-6 суткі, і тое выпадкова – калі прыехала да мяне на чарговую сустрэчу. Адміністрацыя зацікаўленая, каб сваякі ня ведалі, што адбываецца ў калёніі.

Нядаўна кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” Ўладзімер Някляеў пасьля трох сутак турмы сказаў, што на Акрэсьціна сядзяць адны маладыя наркаманы. Ваш турэмны вопыт пацьвярджае такую выснову?


Так, наркаманаў там шмат, больш за тое – шмат людзей сядзіць за гарэлку і за тое, што з гэтага выцякае. Бо тыя ж “аліментшчыкі”, дробныя злодзеі – гэта наступства мэтанакіраванай палітыкі, якая вядзецца дзяржавай: бо чалавека прасьцей за ўсё спаіць, каб ён не разважаў на палітычныя тэмы, і ня толькі: калі ў чалавека ніякіх думак, мараў, пэрспэктываў – такім суб'ектам прасьцей кіраваць, навязваць яму свае меркаваньні. А наркаманію я тлумачу зь іншага боку: моладзі не прэстыжна выпіваць "Крыжачок", які прадаецца па эўра за літар – самы танны, напэўна, алькаголь у Эўропе. Моладзь спрабуе, як яна лічыць, капіяваць заходнюю мадэль паводзінаў, але ня ўлічвае аднаго – што гэтая мадэль амаль зусім ужо зьнікла на Захадзе, і толькі ў нас застаецца.

Вы ўжо казалі, што ў магілёўскай калёніі шмат сядзіць камэрсантаў. За што сядзяць гэтыя людзі?

Я адкрыў для сябе там, што тыя людзі, якія ня лезьлі ў палітыку і проста спрабавалі зарабляць грошы, але не хацелі дзяліцца імі з тымі, хто іх прынцыпова не жадае зарабляць, а можа толькі красьці ці вымагаць – такія людзі могуць быць вельмі карыснымі. Таму што яны ўмеюць стаяць за сваё. У людзей пазабіралі ўсё, што ў іх было, абавязалі іх да вялікіх выплатаў, і людзі адбываюць не адно пакараньне, а нават 2 ці 3 – бо іх блізкія засталіся без прыбыткаў, і яны самі сядзяць. А ўмовы там жудасныя. Таму я зараз нават не лічу толькі сябе палітычным зьняволеным: гэтыя людзі таксама палітычныя, бо гэта таксама палітыка дзяржавы – каб у нас не было ні заможных, ні цьвяроза мысьлячых людзей, у тым ліку і маладых.

Ці былі сярод вязьняў, з якімі вам давялося сустрэцца ў зьняволеньні, прыхільнікі цяперашняга беларускага рэжыму? Як наогул вязьні ставяцца да палітыкі?

Былі і тыя, і іншыя, але тых, хто не баяліся выказваць мне спачуваньне – было чалавек 5-7 з 1200 асуджаных з усёй зоны. Але гэта былі сапраўдныя людзі, зь якімі я палічу за гонар супрацоўнічаць і падтрымліваць сувязь пасьля іх вызваленьня. Гэта ня тыя людзі, якія будуць дзякаваць рэжыму, які незаконна іх пасадзіў, а потым выпусьціў – гэтыя людзі пойдуць далей, яны будуць адстойваць сваё. Астатнія, якія маўчалі – сярод іх таксама былі тыя, хто спачувалі мне, але частка, можа, не хацела выказвацца, можа, баялася...

Як зьняволеныя ставяцца да беларускай мовы і беларускай незалежнасьці?

Прыязна. Калі мне, напрыклад, прыходзіла 7 газэт, і сярод іх 4 былі на беларускай мове – да мяне проста выстройвалася чарга па іх, гэта была такая хата-чытальня. І ня толькі чыталі, але нешта падкрэсьлівалі асадкамі, занатоўвалі – у тым ліку па-беларуску: у іх гэта не выклікала ніякага дыскамфорту. На зоне слухаюць і Радыё Свабоду: запісваюць інфармацыю, потым распавядаюць іншым. Шмат аб чым – у тым ліку аб тым, што мая будучая жонка давала інтэрвію Радыё Свабода – я даведаўся ад такіх людзей. Праўда, пакуль я дабег да прыймача, на жаль, ужо інтэрвію скончылася. Але людзі цікавяцца: акрамя газэт знаходзяць інтэрнэт-раздрукоўкі Радыё Свабода, Тут.Бай, Хартыі. Калючы дрот не зьяўляецца ніякай перашкодай для радыёхваляў.

Лёс вашых папярэднікаў, тых, хто адседзеў і выйшаў раней за вас, склаўся па-рознаму. Нехта адышоў ад палітыкі, нехта зьехаў за мяжу. Ці можаце ўжо сёньня, у першы дзень на волі, гаварыць пра нейкія пляны – жыцьцёвыя і палітычныя?

Калі я прыехаў на зону, то паставіў сабе мэту: скарыстаць напоўніцу той шанец, які мне выпаў. То бок, тэрмін невялікі, і я спрабаваў падзяліць свой час на розныя этапы – спадзяюся, атрымалася. Пры гэтым я спрабаваў выкарыстаць досьвед людзей, якія сядзелі розныя тэрміны. Бліжэйшым часам я пляную сустрэцца з тымі людзьмі, якія вызваліліся ў розны час – для таго, каб зрабіць пэўныя высновы і дапамагчы там, хто яшчэ будзе сядзець. Бо я не апошні палітвязень у гэтай краіне, на жаль, хаця хацеў бы, каб было так, і калі мы ня будзем працаваць – людзі будуць "заяжджаць" на зону.

Пасьля атрыманьня такога вопыту і кантакту з такімі людзьмі, як у зьняволеньні, што вы думаеце пра будучыню тых ідэяў, якія адстойвае ваша арганізацыя – “Малады Фронт”. Будзе перамога?

Перамога будзе ў любым выпадку, але пытаньне ў тым, калі. Што да "Маладога Фронту", то ў розныя часы я сумняваўся, пераасэнсоўваў, але зараз ведаю: "МФ" – добрая школа, якая выхоўвае моладзь ня проста ў традыцыях нацыянальнага адраджэньня, але, што самае галоўнае, дае надзею на зьмены, і зьмены досыць значныя ў нашым хворым ня толькі, на жаль, на галаву, але і на сэрца, на душу, грамадзтве. Я, безумоўна, зраблю ўсё, што ад мяне залежыць.

***

Першы раз Арцём Дубскі быў асуджаны ў 2008 годзе за ўдзел у студзеньскіх акцыях прадпрымальнікаў да абмежаваньня волі па месцы прапіскі – у Асіповічах. Другі раз – у ліпені 2009 году за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня. Арцём зьехаў ва Ўкраіну прасіць палітычнага прытулку, а пасьля вярнуўся ў Беларусь. Тады Арцёму далі год турмы. Міжнародная супольнасьць прызнала хлопца вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG