Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз развальваецца, як Савецкі


Уладзімер Пуцін, Сяргей Сідорскі і Карым Максімаў на саміце ЭўрАзЭС
Уладзімер Пуцін, Сяргей Сідорскі і Карым Максімаў на саміце ЭўрАзЭС

Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстану ня зможа пачаць працу ў поўную сілу ад 1 ліпеня, як гэта было абвешчана раней. Пра гэта заявіў расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін у інтэрвію тэлерадыёкампаніі «Мир». Прычына ў тым, што застаўся нявырашаным шэраг пытаньняў.


На трохбаковых перамовах, якія адбыліся ў Пецярбургу напрыканцы мінулага тыдня, не ўдалося ўзгадніць пазыцыі па шэрагу парамэтраў эканамічнага ўзаемадзеяньня ў рамках Мытнага саюзу. Паводле расейскага прэм’ера, для Беларусі вельмі важна вырашыць пытаньне з вывазным мытам на цэлую намэнклятуру тавараў, і найперш на нафтапрадукты. Паводле Ўладзімера Пуціна, паміж Масквой і Менскам захоўваецца праблема вывазнога мыта на сырую нафту.

«Мы, маючы на ўвазе асаблівыя стасункі зь Беларусьсю і жадаючы падтрымаць беларускі народ і беларускую эканоміку ў поўным аб’ёме, для ўнутранага спажываньня Беларусі далі ільготу, паставіўшы 6,3 мільёна тон бязмытнай сырой нафты. Аднак нашы калегі хацелі, каб мы пашырылі гэтую ільготу. Але гэта ўжо іншая гісторыя».

Адносна цэнаў на газ для Беларусі Ўладзімер Пуцін сказаў, што яны значна больш ільготныя, чым для Ўкраіны. Сёньня Ўкраіна плаціць 234 даляры, а Беларусь павінна плаціць 180 даляраў за тысячу кубоў.

«Гэта самыя танныя цэны ў СНД, таньнейшых няма. Зараз яны ў аднабаковым парадку плацяць паводле цаны 2008 году і недаплачваюць нам. Назапасіўся пэўны доўг. Але гэта праблема гаспадарчых суб’ектаў, і я спадзяюся, што на гэтым узроўні гэтая праблема і будзе вырашаная».

Перад гэтай сустрэчай афіцыйны Менск заяўляў, што мае намер адстойваць сваю пазыцыю адносна адмены мыта на нафту і нафтапрадукты. Камэнтуючы вынікі перамоваў, маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш адзначыў:
Раманчук: Гэта пачатак канца тых праектаў, у якія ён быў заангажаваны — і саюзнай дзяржавы, і Мытнага саюзу, і адзінай эканамічнай прасторы.

«Дамоўленасьці па актуальных пытаньнях так і не былі дасягнутыя, гарманізацыя беларускай і расейскай эканомік не была зробленая. Усе праблемы, якія павінны быць вырашаныя яшчэ перад падпісаньнем гэтага пагадненьня, будуць вырашацца зараз. Калі ставіць на мэце адсутнасьць мыта, то цягам году ўжо відавочна, што гэтая мэта недасягальная. І калі лічыць, што менавіта гэтага трэба дасягнуць, то Менск будзе мець даволі значную паразу».

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, асноўная прычына, з-за якой не былі падпісаныя пагадненьні аб увядзеньні Мытнага кодэксу ад 1 ліпеня, палягае ў тым, што Расея не пагадзілася зьняць мыта на нафту для Беларусі.

Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, Уладзімер Пуцін выразна сказаў, што ніякага Мытнага кодэксу ня будзе. Паводле спадара Раманчука, уся інтэграцыйная схема, на якую Аляксандар Лукашэнка працаваў апошнія 15 гадоў, развальваецца на кавалкі.

«Гэта пачатак канца тых праектаў, у якія ён быў заангажаваны — і саюзнай дзяржавы, і Мытнага саюзу, і адзінай эканамічнай прасторы — бо Пуцін паставіў апошнюю кропку, падвёўшы вынік велізарнага расчараваньня той мадэльлю, якую выбралі алігархі, намэнклятуршчыкі і аўтарытарныя палітыкі. Я думаю, гэта будзе яшчэ большае пагаршэньне ўзаемаадносінаў паміж Крамлём і спадаром Лукашэнкам і, безумоўна, гэта адаб’ецца на стане беларускай эканомікі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Гэта была апошняя спроба зрабіць нейкае аб’яднаньне на постсавецкай прасторы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG