Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква заклікае да кампрамісу ў мытнай “тройцы”


Фармаваньне Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі патрабуе кампрамісу ад бакоў. Пра гэта сёньня заявіў расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін на паседжаньні Міждзяржаўнай рады ЭўрАзЭС. Гэтае фармаваньне адначасова выконвае і функцыі вышэйшага органа Мытнага саюзу.


Аднак з Санкт-Пецярбургу, дзе праходзіць паседжаньне, дагэтуль няма ніякіх паведамленьняў пра тое, ці абмяркоўвалі яго ўдзельнікі самыя балючыя пытаньні — пра зьняцьцё вывазнога мыта на расейскую нафту ў Беларусь і пра памер мыта на замежныя аўтамабілі для фізычных асобаў.

На думку Ўладзімера Пуціна, «Мытны саюз стартаваў даволі пасьпяхова. Усе яго мэханізмы працуюць нармальна, хаця рэалізаваць такі маштабны праект у кароткія тэрміны няпроста. Але нам удаецца знаходзіць разьвязкі і рашэньні, якія задавальняюць усе бакі», — сказаў ён.

Аднак падобна, што гэтыя словы не ўва ўсім адпавядаюць рэчаіснасьці. Сёньняшняя дыскусія ў Санкт-Пецярбургу зноў паказала — у Масквы і Менску існуюць прынцыпова розныя падыходы да некаторых праблемаў. Так, Расея па-ранейшаму настойвае на захаваньні вывазнога мыта на нафту і нафтапрадукты. Беларусь лічыць, што гэта не дазваляе зьдзейсьніць поўную адмену абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: ні Расея, ні Беларусь ня зробяць прынцыповых саступак у нафтавым пытаньні.

Думаю, што Лукашэнку, магчыма, задаволіў бы такі спосаб — павелічэньне квоты нафты для Беларусі без вывазнога мыта з 6,3 мільёна тон да 10-12 мільёнаў.
«Я думаю, што Лукашэнку, магчыма, задаволіў бы такі спосаб — павелічэньне квоты нафты для Беларусі без вывазнога мыта з 6,3 мільёна тон да 10-12 мільёнаў. Гэта лёгка лічыцца. І ў такім выпадку можна было б казаць пра падваеньне расейскай дапамогі — з двух да чатырох мільярдаў даляраў. І пры тым Беларусі хацелася б, каб мыта на аўтамабілі замежнай вытворчасьці і надалей заставалася на сёньняшнім роўні. Іншых кампрамісаў я тут ня бачу».

Беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі скардзіўся на адсутнасьць каардынацыі дзеяньняў у Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Летась пад уплывам усясьветнага крызісу аб’ём узаемнага гандлю тут скараціўся на 38%. Спадар Сідорскі лічыць: гэта вынік недастатковай каардынацыі дзеяньняў паміж краінамі супольнасьці. А з 36 мерапрыемстваў, якія былі прапанаваныя Антыкрызісным фондам супольнасьці, выкананыя толькі 7.

Такую сытуацыю маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш тлумачыць так:

«Калі б эканоміка гэтых краінаў залежала ад уласнай валюты, гэта значыць валюта залежала ад унутранага попыту, то каардынацыя працавала б. А калі беларускі і расейскі рубель прывязаныя найперш да даляра, то гэта нешта вытворнае ад усясьветнай эканомікі. І, канечне, каардынацыі ў поўным маштабе быць ня можа. Бо гэта каардынацыя ва ўмовах, якія не залежаць ад цябе самога».

Дарэчы, летась было шмат размоваў пра тое, каб зрабіць расейскі рубель рэгіянальнай рэзэрвовай валютай у Эўразійскай супольнасьці. Але далей за размовы справа так і не пайшла.
XS
SM
MD
LG