Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Бандарэнкі: “Рэальных доказаў не было...”


Калегія Менскага гарадзкога суду пакінула ў сіле вырак, які ў лютым Першамайскі суд Менску вынес прадпрымальніку, актывісту АГП Андрэю Бандарэнку.


Разгляд скаргі Андрэя Бандарэнкі ў менскім гарадзкім судзе заняў прыкладна паўгадзіны. Судзьдзя зачытала кароткае рэзюмэ па справе, за ёй выступілі адвакат і прадстаўнік пракуратуры. Абаронца Зьміцер Лаеўскі пералічыў прычыны, паводле якіх прысуд Бандарэнку павінен быць адменены. На думку адваката, Бандарэнкава віна ў крадзяжы сродкаў праз махлярства нічым не даказаная, гэтаксама як ня высьветлена, дзе знаходзяцца скрадзеныя грошы. Прадстаўніца пракуратуры, наадварот, настойвала на тым, што доказаў крадзяжу дастаткова. Што да зьніклых грошай, то, хаця іх атрымала асоба, якой сьледзтва не ўстанавіла, але сам факт зьнікненьня грошай засьведчаны, мяркуюць у пракуратуры:

“З матэрыялаў справы відаць, што грошы, якія пайшлі на рахунак фірмы “Збытавая кампанія”, у выніку былі пералічаныя на рахунак нявысьветленай асобы, які быў адкрыты ў “Балтыйскім міжнародным банку”. Таму лічу, што суд усебакова дасьледаваў справу і зрабіў цалкам абгрунтаваную выснову пра віну абвінавачанага”.

Справа Андрэя Бандарэнкі

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка да арышту ў 2009 годзе працаваў кансультантам фірмы “Белвысотстройгруп”. Сьледзтва, аднак, лічыла, што насамрэч Бандарэнка кіраваў гэтай фірмай і праз махлярства скраў каля 180 мільёнаў рублёў. У 2008 годзе Андрэй Бандарэнка спрабаваў абрацца ў Нацыянальны сход. Пасьля няўдачы актывіст АГП аспрэчыў вынікі выбараў, і неўзабаве на яго завялі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў крадзяжы грошай фірмы, якую раней ён сам стварыў.

23 лютага судзьдзя Першамайскага раёну Менску Тацяна Равінская вынесла прысуд прадпрымальніку Андрэю Бандарэнку — 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.


Адвакат Зьміцер Лаеўскі пасьля разгляду касацыйнай скаргі заявіў, што будзе падаваць скаргу ў вышэйшую судовую інстанцыю. Адвакат настойвае на тым, што прысуд Андрэю Бандарэнку павінны адмяніць:

“Лічу, што суд касацыйнай інстанцыі прынцыпова ня даў ацэнкі ніводнаму з тэзісаў з боку абароны. А чаму, мне незразумела. Нават калі азнаёміцца проста з пратаколам суду, ня будучы юрыстам, зразумела, што няма ніводнай прыкметы таго злачынства, у якім яго абвінавацілі. Проста няма сапраўдных доказаў”.

Вядомы актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі абураны рашэньнем, якое вынес Менскі гарадзкі суд. Ён настойвае на тым, што прычына такой пастановы суду – у палітычнай актыўнасьці Андрэя Бандарэнкі:

“Гэта сьведчаньне таго, што калі ты для ўлады нешта ня тое зрабіў, то ў цябе няма ніякіх шанцаў у Беларусі абараніць свае правы. Гэта значыць, што Беларусь – не дзяржава для народу, а дзяржава для некаторых, якіх мы добра ведаем. А большасьць ня мае ніякіх правоў”.

Прысуд Андрэю Бандарэнку набыў моц. Паводле адваката, у хуткім часе прадпрымальніка перавядуць для адбыцьця пакараньня ў адну з калёній.

Нагадаем, Андрэй Бандарэнка ў канцы мінулага году ўжо трапіў у Бабруйскую калёнію. Яго прывезьлі туды зь менскага сьледчага ізалятару паводле першага прысуду на 7 гадоў зьняволеньня, які вынес Першамайскі суд Менску ў кастрычніку. Бандарэнка абскардзіў той прысуд, і калегія Менскага гарадзкога суду 15 сьнежня адмяніла яго і накіравала справу на перагляд у той самы Першамайскі суд. Новы прысуд аказаўся меншы на адзін год, але гэтым разам вытрымаў “праверку” Менскага гарадзкога суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG