Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка за месяц не атрымаў пратаколу судовага працэсу


Чаму затрымліваецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі? На працэсе над Мікалаем Аўтуховічам ды іншымі абвінавачанымі у падрыхтоўцы тэракту два дні запар дапытвалі Аляксандра Ларына, які нібыта выконваў замову на замах. Чаму гатовы пачаць галадоўку ў турме Арцём Дубскі?

Месяц таму адбыўся другі працэс над прадпрымальнікам Андрэем Бандарэнкам, але дагэтуль ён не атрымаў пратакол судовага паседжаньня. З-за гэтага адвакат асуджанага ня можа падаць канчатковую касацыйную скаргу і, адпаведна, касацыя адкладаецца. Андрэя Бандарэнку між тым працягваюць трымаць у менскім сьледчым ізалятары. Паводле Валера Бандарэнкі, бацькі вязьня, які нядаўна сустракаўся з сынам, умовы ўтрыманьня ў Бандарэнкі-малодшага палепшыліся ў параўнаньні з тым, што было да суду.

«Больш-меньш нармальна. Свой ложак ёсьць, і тое добра. Гэта ня тое, што было раней, калі на 56 чалавек было 22 ложкі. А тут лепш. Ён цяпер знаходзіцца з тымі, каго ужо судзілі, як яго».

Валер Бандарэнка кажа, што сын трымае ў турме пост, стаўленьне да Андрэя Бандарэнкі іншых вязьняў і адміністрацыі паважлівае.

Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка, Міхаіл Казлоў.
16 сакавіка ў Вярхоўным судзе аднавіўся працэс па гэтак званай «тэрарыстычнай» справе, у якой фігуруюць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімер Асіпенка, Міхаіл Казлоў і Аляксандр Ларын.

Слуханьні ідуць кожны дзень, апошнія два дні дапытвалі Ларына. На прызнаньнях менавіта гэтага чалавека у падрыхтоўцы замахаў на высокапастаўленых чыноўнікаў у асноўным грунтуе сьледзтва абвінавачаньні Аўтуховіча і Асіпенкі. Між тым назіральнікі адзначаюць, што Ларын дае блытаныя паказаньні. На думку адвакатаў, калі б не наводныя пытаньні пракурора, супярэчнасьцяў у яго было б яшчэ больш. З 19 сакавіка дайшла чарга Аўтуховіча дапытваць Ларына. Вось што паведаміў праваабаронца Алег Воўчак:

«Аўтуховіч сказаў, што ён ня мог яму даваць вялікія грошы. А Ларын тады кажа: „Так, я ж наркаман“... У тым сэнсе, што наркаману нельга давяраць грошы... Ён выказаўся даволі незразумела, як часта выказваецца».

Пасьля некалькіх пытаньняў Аўтуховіча Ларын увогуле адмовіўся адказваць на пытаньні іншых абвінавачаных. Допыт Аляксандра Ларына адвакатамі працягнецца і ў панядзелак, 22 сакавіка.

Алена Дубская
Вязень магілёўскай калёніі, актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі, не выключае, што пачне галадоўку пратэсту супраць ціску ня яго з боку адміністрацыі калёніі.

Пра гэта паведаміла маці вязьня Алена Дубская, якая 19 сакавіка сустрэлася з Арцёмам ў калёніі. Жанчына распавяла пра пагаршэньне бытавыя ўмоваў для яе сына, а таксама пра тое, што не выпускаюць з калёніі ягоныя лісты, нават заказныя:

«Арцём кепска выглядае, скардзіцца на болі страўніка, а яго фактычна абмежавалі ў леках».

«Вельмі дрэнныя сталі да яго адносіны. Сядзець ад сёньня яму засталося 69 дзён, але ён не выключае, што частку іх зноў прывядзе ў «карцэры».

Што да іншых вязьняў калёніі, то шмат хто яго падтрымлівае, дзеляцца харчамі, кажа маці вязьня. Паводле Алены Дубскай, Арцём зноў сабраў подпісы за тое, каб вязьням дазволілі больш набываць тэлефонных картак.

Вязьні, люты 2010

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны не прызнаюць і кажуць, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога судзяць разам з Аўтуховічам і Асіпенкам за непрыняцьце захадаў для прадухіленьне тэракту, таксама сваёй віны не прызнае. На судзе Казлоў таксама казаў пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG