Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля пяці гадзінаў знаходжаньня ў судзе ў кайданках у Мікалая Аўтуховіча дагэтуль паралізавана рука. Уладзімер Асіпенка разьлічвае на амністыю. Бацька Андрэя Бандарэнкі дагэтуль ня ведае, ці прывязуць ягонага сына на разгляд касацыйнай скаргі ў Менскі гарадзкі суд.


У Мікалая Аўтуховіча праблема з правай рукой – рука фактычна паралізаваная. Пра гэта кажа адвакат Павал Сапелка. "Зараз Аўтуховічу трэба падпісваць скаргу на прысуд, а ён не валодае правай рукой", – скардзіцца адвакат.

"Праблема – у Аўтуховіча правая рука фактычна не піша. 6-га траўня, падчас апошняга судовага паседжаньня, усіх падсудных па справе трымалі у кайданках болей за 5 гадзінаў, хаця закон дазваляе не здымаць кайданкі не больш за 2 гадзіны. А іх трымалі і да прысуду, і падчас зачытваньня прысуду і пасьля".

У любы дзень Мікалая Аўтуховіча могуць па этапе накіраваць для адбыцьця пакараньня ў адну з калёній Беларусі, кажа адвакат Павал Сапелка. Копію прысуду адвакат і ягоны падабаронны атрымалі. У хуткім часе Павал Сапелка спадзяецца накіраваць скаргу на прысуд старшыні Вярхоўнага суду.

Праблемы з рукой ёсьць і ва Ўладзімера Асіпенкі. Як паведаміла ягоная дачка Людміла, ў Асіпенкі "вялікая гематома на правай руцэ ад кайданкаў". Уладзімер Асіпенка і ягоныя сваякі спадзяюцца на амністыю, кажа дачка вязьня.

"Адвакат высьветліла, што суд прысудзіў тату артыкул 295 у рэдакцыі, дзе санкцыя да 6 гадоў, а гэта значыць, што пры адбыцьці чвэрці тэрміну можна разьлічваць на амністыю. У таты як раз такі выпадак. Што да здароўя пасьля суду – у яго сапраўды пасьля суду вялікая гематома на руцэ. Мы гэта бачылі падчас спатканьня. Але з большага настрой нядрэнны, чакаем усе амністыі. Вось толькі нешта парлямэнт ўсе ніяк не прыме гэтую амністыю..."

Нагадаем, законапраект аб амністыі да 65-годзьдзя Перамогі прыняты ў Нацыянальным сходзе пакуль толькі ў першым чытаньні. Наступнае паседжаньне адбудзецца 26 траўня. Пасьля прыняцьця закону яго яшчэ мусіць падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

К таму часу, 25 траўня, мусіць выйсьці на волю Арцём Дубскі, актывіст "Маладога фронту", асуджаны на год калёніі пасьля шэрагу акцый апазыцыі. Маці Дубскага Алена кажа, што не мае з калёніі ад сына дрэнных навінаў.

Праз тры дні ў Менскім гарадзкім судзе адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі. Бацька актывіста Валер Бандарэнка зьбіраецца прыехаць ў суд. Ці прывязуць у суд Андрэя Бандарэнку?

"Пісалі яны хадайніцтва, каб Андрэя прывезьлі ў суд на разгляд скаргі. І ён пісаў і адвакат, але, ці будзе хадайніцтва задаволенае, невядома".
Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва знаходзяцца пад вартай з 8 лютага 2009 году. Іх абвінавачваюць ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў і ў падпале дому міліцыянта. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў таксама казаў на судзе пра карупцыю высокапастаўленых чыноўнікаў, якая выявілася ў справе Аўтуховіча і Асіпенкі.

Актывіст «Маладога фронту» Арцём Дубскі пакараны годам калёніі за парушэньне адбыцьця ранейшага пакараньня, якое атрымаў за дзеяньні падчас несанкцыянаванага мітынгу у абарону прадпрымальнікаў у пачатку 2008 году. Арцёма Дубскага, якога «Міжнародная амністыя» была прызнала вязьнем сумленьня, трымаюць ў магілёўскай калёніі.

Прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку судзілі другі раз. Ён сваёй віны не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі, у прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG