Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі хакей зорак не хапае


На хакейным чэмпіянаце сьвету ў Нямеччыне завяршыўся групавы этап. Зборная Беларусі так і ня скочыла вышэй галавы, маючы ў актыве перамогу толькі над аўтсайдэрам — зборнай Казахстану. Славакам і расейцам выхаванцы Эдуарда Занкаўца саступілі. Ці ёсьць рэзэрвы, каб мабілізавацца ў наступным раўндзе? Ці застаюцца шанцы, каб трапіць у чвэрцьфінал?


Беларусаў у Нямеччыне не акрыляе нават прысутнасьць высокіх асобаў. Напярэдадні, пасьля матчу са зборнай Расеі, у разьдзявальні зборнай Беларусі з рук кіраўніка Прэзыдэнцкага спартовага клюбу Дзьмітрыя Лукашэнкі сэртыфікат на 25 мільёнаў рублёў атрымаў аўтар пераможнага голу казахстанцам Аляксей Калюжны. Гулец паабяцаў перавесьці грошы менскай хакейнай школе "Юнацтва", дзе колісь пачынаў сам. Аматары хакею спадзяюцца, што нагода ў спадара Лукашэнкі часьцей заходзіць у разьдзявальню яшчэ будзе, і не адна.

Рэабілітавацца ў вачох заўзятараў пасьля няўцямнага выступу на Алімпіядзе ў Ванкувэры зборная Беларусі паспрабуе з нулявым запасам ачкоў на старце другога этапу чэмпіянату сьвету. Супернікамі на стадыі 1/8 — фіны (сустрэча сёньня ў 21:15), немцы (16 траўня) і сэнсацыя першынства — зборная Даніі (17 траўня). Як паказвае досьвед мінулых спаборніцтваў, з камандай Фінляндыі беларусы гуляюць хутчэй няўдала, чым пасьпяхова; зборная Нямеччыны праз хатнюю падтрымку трыбунаў дэманструе вельмі арганізаваны хакей; датчане рэальна аспрэчылі аўтсайдэрскі статус, перагуляўшы фінаў і амэрыканцаў.

У мінулым гулец зборнай Беларусі Ўладзімер Копаць, аўтар гістарычнай шайбы ў вароты швэдаў, якая прынесла беларусам 4-е месца на Алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, лічыць, што ўсе супернікі Занкаўцу і кампаніі па зубах:

Уладзімер Копаць
"Мяркуючы па гульні, сіл павінна хапіць. Гульню, у прынцыпе, паказваюць нядрэнную, моманты ёсьць. Адзінае, што закінуць ніяк ня могуць, рэалізацыя крыху кульгае. Раней думалі — галоўнае, як гульню паставіць, а цяпер нібыта і гульня ёсьць, а вось ачкі пакуль даюцца зь цяжкасьцю. Шчыра кажучы, жэрабя прыхільнае — усе каманды з катэгорыі тых, якія бяруцца. Але тут хто будзе гатовы, лепш падрыхтаваны ў дадзены момант, у дадзенай гульні, той і выйграе. Усё залежыць ад фізычнага, ад маральнага, ад псыхалягічнага стану. Тых жа фінаў можна перамагаць, чаму не? Таму ўсё ў руках выключна зборнай Беларусі".

Карэспандэнт: "Уладзімер, увогуле ня крыўдна, што самі цяпер ня ў зборнай?"

"Ды не. Час маладых надышоў, чаго крыўдаваць? Усё жыцьцё немагчыма ж гуляць за зборную. Таму, як у той песьні, — маладым усюды ў нас дарога".

Карэспандэнт: "Ярамір Ягр у свае 38 за Чэхію выступае стабільна…"

"Ну, Ягр… Вы ж не параўноўвайце Ягра і мяне. Ягр — гэта Ягр, велічыня. Хоць за камплімэнт дзякуй!"

Слабым суцяшэньнем для беларусаў можа служыць хіба тое, што яшчэ горш выступіла зборная ЗША — фіналіст Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры. Разам з французамі, казахстанцамі і італьянцамі амэрыканцы будуць змагацца за тое, каб увогуле застацца ў элітным дывізіёне. Аднак, як лічыць вядомы хакейны спэцыяліст Валерый Еўдакімаў, празь якога ў юнацкім узросьце прайшлі многія мінулыя і цяперашнія гульцы галоўнай зборнай, калі ставіць перад сабой мінімальныя мэты — выйсьці ў наступны раўнд празь перамогу над слабейшым ці проста ўтрымацца ў групе наймацнейшых — то гаварыць пра нейкі прагрэс не выпадае:
Калі ў беларускім хакеі ставіць такія вось задачы (як зараз — задачу-мінімум), дык прасьцей і таньней тады ўвогуле хакеем не займацца...

"Калі ў беларускім хакеі ставіць такія вось задачы (як цяпер — задачу-мінімум), дык прасьцей і таньней тады ўвогуле хакеем не займацца. Бо такія задачы ставяць альбо непрафэсіяналы, альбо тыя, хто ні да чога не імкнецца. Як сказаў Сувораў: дрэнны той салдат, які ня марыць стаць генэралам. Відаць, людзі ніколі ня мараць стаць генэраламі, вядучымі спэцыялістамі. Галоўнае, каб дзесьці зачапіцца, мець нейкую працу і г.д. Я так гэта бачу. Бо калі ставіць такія задачы па мінімуме, то мы такое ўжо праходзілі. І да чаго ўрэшце дайшоў наш дзіцяча-юнацкі хакей? Вось да чаго трэба вяртацца. А разважаць — выканалі-недавыканалі задачу — гэта проста сьмешна. Калі іншыя каманды ў напалову аслабленых складах гуляюць, а нашы практычна наймацнейшым (16 чалавек былі на Алімпіядзе), і цяпер яны ня могуць ніякіх пытаньняў вырашаць, то, шчыра кажучы, грош цана ўсяму гэтаму. Нават абмеркаваньню не падлягае, бо трэба вельмі глыбока капаць і грунтоўна ўва ўсім разьбірацца. А не задавальняцца тым, што маем".

Па выніках найбліжэйшых матчаў кожная з двух наноў сфармаваных групаў з шасьці камандаў дэлегуе ў чвэрцьфінал па чатыры зборныя. Яны ў выніку і складуць запаветную "васьмёрку", у якую пастараюцца трапіць і хакеісты зборнай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG