Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Швэйцарскія СМІ заклікаюць ставіцца да беларусаў з павагай


«Увага, беларусы!», «З павагай да беларусаў!», «Беларуская рулетка» — артыкулы з такога кшталту загалоўкамі зьявіліся ў шмат якіх швэйцарскіх выданьнях напярэдадні сёньняшняй хакейнай сустрэчы ў Ванкувэры паміж алімпійскімі зборнымі Беларусі і Швэйцарыі.

Гэтая гульня пачнецца а 22-й гадзіне паводле менскага часу. У Беларусі яна будзе перадавацца «жыўцом» на тэлеканале «НТВ-Беларусь». Пераможца сустрэчы згуляе з камандай ЗША ў чвэрцьфінале. Гэты паядынак адбудзецца 24 лютага, менш як праз 24 гадзіны пасьля папярэдняй гульні.

Паводле статыстыкі, дагэтуль беларускія і швайцарскія хакеісты сустракаліся паміж сабой 16 разоў, у тым ліку двойчы — сёлета ў канадзкім Вініпэгу, дзе правялі так званыя перадалімпійскія спарынгі. У васьмі з 16 сустрэчаў перамаглі швайцарцы, у сямі — беларусы. Агульная розьніца забітых і прапушчаных шайбаў — 41:33 на карысьць Швайцарыі.

Швайцарскія хакейныя экспэрты лічаць, што беларусы, хутчэй за ўсё, прапануюць швайцарцам сілавы і вельмі жорсткі хакей, яны будуць ціснуць на браму суперніка, і тут швайцарцам трэба будзе дружна трымаць глухую абарону. І камандзе, і яе галкіпэру Ёнасу Гілеру трэба быць гатовымі да гульні ў дадатковы час. Вельмі важна, каб гульцы падтрымалі Гілера, бо швайцарац значна саступае свайму беларускаму калегу Андрэю Мезіну.

Нягледзячы на тое, што ў беларускай зборнай не гуляюць зоркі НХЛ Міхаіл Грабоўскі і Андрэй Касьціцын, апошняя гульня яе зь немцамі паказала, што беларусы маюць небясьпечных для швайцарскай каманды гульцоў. Гэта, напрыклад, той жа Руслан Салей.

Сам Руслан Салей выказаўся пра маючы адбыцца паядынак так: «Чвэрцьфінальная гульня са Швайцарыяй — гэта больш аптымальны для нас варыянт, чым Чэхія, Расея, ЗША ці Славаччына. Аднак мы настройваемся на гульню са Швайцарыяй як на гульню вельмі адказную і складаную».

Цікава, што швайцарскія адмыслоўцы параўноўваюць трэнэрскі почырк Ральфа Кругера з почыркам нядаўняга трэнэра беларускай нацыянальнай каманды канадца Глэна Хэнлана. Гэта структураваная гульня са спалучэньнем трываласьці, дысцыпліны і тэмпаў.

У выпадку, калі Швайцарыя сёньня прайграе беларусам, — піша выданьне Tages-Anzeiger, — гэта стане апошняй гульнёй для Ральфа Кругера, які ўзначальвае каманду ад 1997 году.

Пераемнікам Кругера лічыцца яшчэ адзін канадзец Шон Сімпсан, цяперашні трэнэр клюбу «Zuerich». Некалькі гадоў таму ён уваходзіў у трэнэрскі склад нацыянальнай зборнай Беларусі.

Аглядальнікі задаюцца пытаньнем, ці не набудуць выхаванцы Сімпсана падабенства да беларускіх гульцоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG