Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акаеву дазволілі вярнуцца ў Кіргізстан


Намесьнік кіраўніка часовага кіргіскага ўраду Амурбек Тэкебаеў не выключае магчымасьці вяртаньня ў Кіргізстан былога прэзыдэнта Аскара Акаева, але рэкамэндуе яму гэта зрабіць пасьля парлямэнцкіх выбараў.

Паводле “Интекрфакс-Запад”, А.Тэкебаеў заявіў наступнае:

"Аскар Акаеў можа вярнуцца ў Кіргізстан, але пажадана, каб ён гэта зрабіў пасьля парлямэнцкіх выбараў (кастрычнік бягучага году), інакш яго прыезд выкліча шмат непажаданых чутак".

Тэкебаеў падкрэсьліў, што за А.Акаевым "захоўваецца статус экс-прэзыдэнта Кіргізстану і часовы ўрад не абмяркоўвае пытаньне аб пазбаўленьні яго гэтага статусу".

Між тым, па яго словах, Курманбек Бакіеў, які ўзначальваў Кіргізстан з 2005 па 2010 год, можа быць пазбаўлены статусу экс-прэзыдэнта.

А.Акаеў быў зрынуты з пасады прэзыдэнта ў выніку "рэвалюцыі тульпанаў" 2005 году, пасьля якой да ўлады прыйшла апазыцыя, адным зь лідэраў якой быў К.Бакіеў. А. Акаеў зьехаў з Кіргізстану ў Расею, дзе заняўся выкладчыцкай дзейнасьцю.
XS
SM
MD
LG