Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Часовы ўрад Кіргізстану сваім дэкрэтам пазбавіў прэзыдэнцкага імунітэту былога кіраўніка краіны Курманбека Бакіева і даручыў праваахоўным органам прывезьці яго ў Кіргізстан. Што вядома пра знаходжаньне Бакіева ў Менску?


Часовы ўрад Кіргізстану прыняў дэкрэт аб адхіленьні ад прэзыдэнцкай пасады Курманбека Бакіева, пазбаўленьні яго імунітэту і забесьпячэньні дастаўкі на радзіму. Адпаведны дакумэнт увечары 26 красавіка падпісала кіраўніца ўраду Роза Атунбаева.

Паводле мясцовых мэдый, у Кіргізстане супраць Бакіева распачатая крымінальная справа па факце гібелі людзей у час мітынгу, арганізаванага апазыцыяй 7 красавіка ў Бішкеку. Таксама экс-прэзыдэнта падазраюць у злоўжываньнях службовым становішчам. "Падставы для экстрадыцыі ёсьць", — заявіў намесьнік старшыні часовага ўраду Азімбек Бекназараў, які курыруе праваахоўныя органы Кіргізстану. Нагадаем, пры штурме кіргіскага Белага дома 7 красавіка загінулі больш за 80 чалавек.

Дзе цяпер жыве Курманбек Бакіеў? На прэсавай канфэрэнцыі, якую Бакіеў даў у Менску 23 красавіка, зрынуты экс-прэзыдэнт сказаў на гэтую тэму мала:

"Колькі тут буду знаходзіцца, пакуль ня ведаю. Яшчэ ня вызначыўся. А ў якой якасьці я тут? Аляксандар Рыгоравіч прымае мяне як прэзыдэнта (усьміхнуўся. — А.Г.) Ён кажа, што будзе прымаць мяне як прэзыдэнта. Я за гэта яму вельмі ўдзячны".

У Нацыянальны прэс-цэнтар, дзе праходзіла прэсавая канфэрэнцыя, Курманбека Бакіева прывезьлі на аўтамабілі з гаража Аляксандра Лукашэнкі ў суправаджэньні шматлікай аховы. Рух вакол будынку прэс-цэнтру на дзьве гадзіны быў перакрыты. У самім будынку дзяжурылі дзясяткі супрацоўнікаў службы аховы Лукашэнкі. Паводле беларускіх журналістаў, на час, калі Бакіеў ішоў па калідоры, ахоўнікі выдалілі журналістаў у другі бок таго калідора.

Яшчэ 23 красавіка Курманбек Бакіеў жыў у адным з катэджаў на тэрыторыі рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах пад Менскам. Пра гэта карэспандэнту "Свабоды" паведаміў прадстаўнік дыпляматычнага корпусу, які прасіў не называць ягонага імя. Ці жыве Бакіеў і цяпер у Драздах, крыніцы невядома. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі камэнтаваць гэтую тэму адмовіліся, а да прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі дазваніцца не ўдалося — падчас паездкі кіраўніка дзяржавы ў Гомельскую вобласьць тэлефон прэсавай службы маўчыць. У амбасадзе Кіргізстану ў Беларусі сказалі, што там ня ведаюць, дзе цяпер знаходзіцца экс-прэзыдэнт. Супрацоўнік амбасады сказаў, што дакумэнтаў з патрабаваньнем экстрадыцыі Бакіева зь Менску ў Кіргізстан у амбасадзе пакуль няма.

16 красавіка Бакіеў пакінуў краіну і накіраваўся ў Казахстан. Гэта стала вынікам перамоў з удзелам прэзыдэнтаў ЗША, Расіі і Казахстану. Бакіеў напісаў заяву, што складае паўнамоцтвы. 20 красавіка, выступаючы са штогадовым пасланьнем, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Бакіеў знаходзіцца ў Менску.

На наступны дзень у Выканкаме СНД зрынуты прэзыдэнт Бакіеў заявіў, што не прызнае сваёй адстаўкі. "Дзевяць месяцаў таму народ Кіргізстану абраў мяне прэзыдэнтам, і я прысягнуў служыць яму. Няма сілы, якая прымусіць мяне адмовіцца ад маёй клятвы. Толькі сьмерць спыніць мяне", — сказаў Бакіеў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG