Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў падаў у адстаўку і зьехаў у Казахстан


Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Зрынуты прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў падпісаў заяву аб складаньні паўнамоцтваў. Пра гэта паведаміла крыніца ў часовым ўрадзе краіны ў інтэрвію агенцтву Reuters. Бакіеў зь сям'ёй зьляцеў у Казахстан.


У звароце з нагоды адстаўкі Бакіеў напісаў:

"У гэтыя трагічныя дні я ўсьведамляю адказнасьць за будучыню народу, за захаваньне цэласнасьці Кіргізстану і ў адпаведнасьці з 50 артыкулам Канстытуцыі я падаю ў адстаўку".

Курманбек Бакіеў пакінуў краіну і вылецеў у Казахстан, які старшынюе ў АБСЭ.

15 красавіка дзейны старшыня АБСЭ, дзяржаўны сакратар — міністар замежных спраў Казахстану Канат Саўдабаеў зрабіў заяву, паводле якой "у выніку сумесных намаганьняў" прэзыдэнтаў Казахстана, ЗША і Расеі, а таксама "актыўных пасярэдніцкіх дзеяньняў АБСЭ, ААН і Эўразьвязу" дасягнута дамоўленасьць з часовым урадам Кіргізстана і Бакіевым "пра выезд апошняга з краіны".

"Гэта стала важным захадам на шляху ўрэгуляваньня сытуацыі ў краіне і яе вяртаньня ў прававое поле, недапушчэньня грамадзянскай вайны, — гаворыцца ў заяве. — У інтарэсах усяго народу Кіргізстану мы заклікаем усе палітычныя сілы краіны да больш хуткага забесьпячэньня стабільнасьці, аднаўленьня грамадзкага парадку і вяршэнства закону, да вырашэньня найбольш вострых сацыяльна-эканамічных праблем".

XS
SM
MD
LG