Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзеля стабільнасьці Захад будзе ладзіць з постсавецкімі дыктатарамі”


«Стаўленьне Захаду да падзеяў у былых савецкіх рэспубліках можна назваць шызафрэнічным», піша нямецкае выданьне Märkische Oderzeitung. Маецца на ўвазе, што Захад вельмі добра ладзіць з такімі адыёзнымі дыктатарамі, як Лукашэнка ў Беларусі, Бакіеў у Кіргізстане, Карымаў ва Ўзбэкістане, нягледзячы на ўсю карумпаванасьць і нядобрасумленнасьць гэтых кіраўнікоў.

Паводле выданьня, Захад зацікаўлены ў гэтым рэгіёне, а таму хоча тут аднаго — стабільнасьці. «Гэтым, верагодна, можна растлумачыць і тое, чаму ЭЗ адразу ж пасьля беспарадкаў у Бішкеку прасыгналізаваў, што спагадліва ставіцца да зьмены рэжыму ў краіне».

Афіцыйна новы ўрад падтрымала і Расея, якая мела пэўныя праблемы з Бакіевым у сувязі са знаходжаньнем тут вайскоўцаў ЗША.

Зразумела, у Кіргізстане, як і ў іншых постсавецкіх краінах, існуе шмат праблемаў — незадаволенасьць насельніцтва шпаркім ростам цэнаў, жабрацтвам, карупцыяй, цэнзурай. Тым ня менш у 2005 годзе Бакіева прывялі да ўлады тыя ж людзі, якія цяпер яго зрынулі. Вось жа, яны ізноў адсякаюць галаву сыстэме замест таго, каб цалкам зьмяніць яе, піша нямецкае выданьне.

«Ці ня ёсьць падзеі ў Кіргізстане «расейскай рэвалюцыяй?» — такое пытаньне ставіць брытанскае выданьне The Guardian. Паводле выданьня, расейскі прэм’ер Пуцін пасьпяшаўся прызнаць новую ўладу ў Бішкеку, хоць пры гэтым і адмовіў датычнасьць Масквы да гэтых зьменаў.

Як піша The Guardian, адзін з ключавых момантаў тут — канкурэнцыя Расеі з Кітаем ды ЗША за кантроль над стратэгічна важнымі запасамі энэрганосьбітаў і транзытнымі калідорамі.

Відавочна, што Расея «зацікаўленая ў тым, каб выкарыстаць сытуацыю ва ўласных інтарэсах». А вось ЗША, паводле аўтара артыкула, маюць мала сяброў сярод апазыцыі, якая цяпер прыйшла да ўлады ў Бішкеку, бо Вашынгтон ігнараваў парушэньні правоў чалавека і дэмакратычных нормаў у Кіргізстане.
XS
SM
MD
LG