Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так выпала, што ў Беларусі атрымаліся працяглыя чатырохдзённыя выходныя. Як выкарысталі іх для агітацыі дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў?

Калі ў сярэднім па краіне на адзін дэпутацкі мандат прэтэндуе толькі крыху больш за аднаго чалавека, то ў сталіцы сытуацыя іншая. Ахвотных стаць дэпутатам Менскага гарадзкога савету ў сярэднім амаль пяць чалавек на акругу.

А ў загадчыка культурна-асьветніцкага аддзелу Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", актывіста руху "За свабоду" Алеся Лагвінца супернікаў яшчэ больш. У Сухараўскай выбарчай акрузе №30 афіцыйна зарэгістравана аж сем кандыдатаў. Свае ўлёткі і постэры спадар Лагвінец атрымаў толькі ў пятніцу:

"У суботу мы паразьвешвалі плякаты на стэндах. А ў нядзелю, панядзелак і аўторак мы нічога не рабілі. Вырашылі – не праводзіць у гэтыя дні кампанію. У людзей у гэтыя дні свае клопаты. І хадзіць па кватэрах неяк няёмка. Тым больш, што шмат хто з маёй каманды езьдзіў на Радаўніцу на радзіму. Я таксама быў у Хойніцкім раёне, наведаў магілы продкаў".

Прадпрымальнік Рыгор Літвін, актывіст афіцыйна не зарэгістраванай партыі БХД стаў кандыдатам у дэпутаты ў самы апошні момант. Спачатку яму адмовіла ў рэгістрацыі выбарчая камісія Савецкага раёну. Не дамогся ён справядлівасьці і ў гарадзкой камісіі. І толькі сталічны гарадзкі суд абавязаў зарэгістраваць Рыгора Літвіна кандыдатам у дэпутаты па Куйбышаўскай выбарчай акрузе №46.

Прэтэндэнт на дэпутацкае месца агітацыяй за сябе пакуль наагул не займаўся. Без ўлётак размаўляць з выбарцамі ня мае сэнсу, лічыць спадар Літвін:

"Справа ў тым, што ў мяне атрымалася затрымка. Трэба яшчэ надрукаваць улёткі, каб іх можна было раздаваць выбарцам, вешаць на пад'ездах. Яшчэ пляншэты трэба зрабіць".

Актывіст партыі БХД спадзяецца на Бога і хоча актыўна папрацаваць з выбарцамі ў апошнія 10 дзён выбарчай кампаніі:

"Будзем змагацца ў тыя дні, што яшчэ застаюцца. А там час пакажа, што і як".

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адзначае: "гаварыць аб вострай палітычнай барацьбе пакуль не выпадае":

"Хаця цалкам магчыма, што бліжэй да даты выбараў яна абвострыцца. Можа пачнуцца выкрываньні, баталіі паміж кандыдатамі ў дэпутаты. Складана пра гэта казаць".
XS
SM
MD
LG