Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: ад дзьвярэй да дзьвярэй


Да галасаваньня ў Беларусі засталося два тыдні. Апазыцыя мае намер выкарыстаць працяглыя чатырохдзённыя выходныя для больш актыўнай агітацыі за дэмакратычных кандыдатаў у дэпутаты. Пра навіны выбарчай кампаніі інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».


ВІЦЕБШЧЫНА


Кандыдата ў дэпутаты судзяць «за незаконны распаўсюд» самвыдату

Сёньня ў Бешанковіцкім раённым судзе пачаўся разгляд справы Георгія Станкевіча, незалежнага кандыдата ў дэпутаты райсавету.

Георгі Станкевіч
Учора міліцыянты склалі на яго пратакол за нібыта незаконны распаўсюд друкаванай прадукцыі — газэты «Крывінка», якую спадар Станкевіч выдае на ўласныя сродкі накладам 299 асобнікаў. А сёньня міліцыянты ў суд проста не зьявіліся, і судзьдзя Вольга Белавус сказала, што мусіць перанесьці пасяджэньне на іншы дзень.

Георгі Станкевіч працуе звычайным настаўнікам вясковай школы і ніколі раней не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. Ціск з боку дзяржаўных структураў ён тлумачыць толькі тым, што вырашыў балятавацца на выбарах — супернічаць з праўладнымі кандыдатамі. Бо за 5 год, колькі выходзіць ягоная «Крывінка», прэтэнзій да распаўсюду ніколі не было. Што да зьместу газэты, то пра яго Георгі Станкевіч кажа так:

«Я выдаю гэтую газэту, каб жыцьцё ў Бешанковічах палепшала. Каб мы лепей жыць сталі, каб праблемы, якія ў нас ёсьць і якія замоўчваюцца на ўзроўні райвыканкаму, агалошваліся для людзей і гэта нейкім чынам спрыяла б іх вырашэньню».

Праблемы рэгіёну Георгі Станкевіч спрабаваў акрэсьліць і ў сваім радыёвыступе. Але ягоныя выказваньні на адрас дзейных дэпутатаў райсавету выбарчая камісія палічыла некарэктнымі. Радыёвыступ не прагучаў, а спадару Станкевічу 2 красавіка абвясьцілі папярэджаньне.

Праз тое, што на сёньняшні дзень быў прызначаны суд, Георгі Станкевіч ня змог прыехаць у Менск на прэзэнтацыю дыска «Барды Свабоды», куды ўключаны некалькі ягоных песень. Ён кажа, што калі яму прысудзяць штраф, то прывядзе на ганкі суду кароўку — бо лішніх грошай у сям’і настаўніка няма.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Улёткі праўладных кандыдатаў лепяць на шыбы дзяржаўных установаў

Запытваю ў гарадзенскага назіральніка на выбарах Рамана Юргеля пра цяперашні этап выбарчай кампаніі. Хто больш актыўны ў агітацыі?

«Назіраецца ў Горадні агітацыя за праўладных кандыдатаў. На шыбах вітрынаў „Беларусбанку“ і ў крамах дзяржаўнага гандлю прылепленыя агітацыйныя матэрыялы рэктара ўнівэрсытэту імя Купалы, а таксама кіраўніка мясцовага тэлебачаньня. Відавочна, што ў праўладных кандыдатаў больш магчымасьцяў што да вырабу друкаваных агітак», — паведаміў Раман Юргель.

«Усе чатыры дні будзе магчымасьць папрацаваць. Дамовіліся хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй»

А вось што расказаў «Свабодзе» пра магчымасьці апазыцыйных кандыдатаў лідэр арганізацыі БНФ у Слоніме Іван Шэга:

«На выходныя дні якраз тут добра атрымліваецца, чатыры дні будзе магчымасьць папрацаваць. Нашы хлопцы ўжо гэта робяць. Дарэчы, мы дамовіліся хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй, бо думаем, што гэта найбольш эфэктыўны мэтад агітацыі».

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін кажа, што яны ўжо амаль цалкам раскідалі свае ўлёткі па паштовых скрынях, і гэтыя выходныя таксама зьбіраюцца напоўніцу выкарыстаць для агітацыі.

«Паспрабуем пайсьці па кватэрах і сёньня, і заўтра, бо я асноўную працу праводжу такім чынам. Галоўнае, каб людзі былі ў хатах. Мы ўжо ходзім і будзем хадзіць далей».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Выбарцы вітаюць прапановы кандыдатаў-хрысьціянаў

У Магілёве актывістка незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Марыя Кульманава разам з сваімі аднапартыйцамі агітавала выбарцаў, каб яны галасавалі за яе (Марыя балятуецца ў абласны савет). Андрэй Белагубаў назіраў за агітацыяй.

Марыя Кульманава
«Адрамантуйце пад’езд, тады прагаласую»
Павал Севярынец
Пэнсіянэрка Марыя Кульманава ўпершыню ўдзельнічае ў выбарчай кампаніі. На візыт кандыдаткі ў дэпутаты людзі рэагавалі па-рознаму. Нехта браў агітацыйную ўлётку, абяцаў прагаласаваць і хутка зьнікаў. Некаторыя сваю магчымую прыхільнасьць абумоўлівалі:

Спадар: «Вылічваюць у нас на капітальны рамонт. Хоць бы раз тут пафарбавалі. А грошы вылічваюць па дзесяць тысяч. Вось я за вас прагаласую — даб’яцёся вы нечага ці не?»

Кульманава: «Вы ведаеце, разам, толькі разам. Мы будзем рабіць толькі з вамі. У нечым і вы мне будзеце дапамагаць».

Спадар: «Ну вось пагледзімо, як вы нам тут рамонт зробіце. Пафарбуеце тут»

Марыя Кульманава шмат год бярэ на вакацыі дзяцей-сірот. Пра тое яна казала й выбарцам, і гэта мела свой плён:

«Жанчыны дужа адзываюцца, і нават мужчыны, і гэта грэе сэрца. Я ім прапаную рабіць тое, што раблю сама ўжо дужа даўно».

Спадарыня: «Ну, я яе ўпершыню бачу, але будзем галасаваць. Нармальная яна, прыгожая. Я таксама пэнсіянэрка, працую».

Спадарыня: «Трэба галасаваць за добрых людзей, чаму й не прагаласаваць».

Ці часта наагул даймаюць людзей агітатары падчас выбараў?

Спадарыня: «Першы раз. Я прыходжу на выбарчы ўчастак і ня ведаю, за каго галасаваць. А вось гэта першы раз».

Спадар: «Упершыню. Нармальная сытуацыя. Яно павінна быць так. На выбарах павінен быць канкурэнт».

Канкурэнты ў Кульманавай — загадчык раённага аддзелу адукацыі й мэдык.

Лідэр беларускіх хадэкаў Павал Севярынец таксама хадзіў па паверхах і схіляў выбарцаў галасаваць за Марыю Кульманаву:

«Паўсюль нэгатыўнае стаўленьне да дзеючых дэпутатаў і ўсёй сыстэмы. Вялікая цікавасьць да хрысьціянска-дэмакратычнай ідэі. Добрая рэакцыя на беларускую мову. Добрая рэакцыя на тое, што вернікі ідуць ва ўладу. Добрая рэакцыя на чаканьне пераменаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG