Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле апошніх зьвестак Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньнях, больш як 76 працэнтаў беларусаў нічога ня ведаюць пра кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Яшчэ больш людзей лічаць, што мясцовая прадстаўнічая ўлада практычна не уплывае на іх жыцьцё.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


"Яны чакаюць, пакуль наша вёска вымра"

Сёньня кандыдатка ў дэпутаты Княжыцкага сельскага савету, актывістка незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацяна Шамбалава сустракалася з выбарцамі вёскі Ільінка.

Ад Магілёва па Менскай шашы да павароткі на Ільінку — дзесяць кілямэтраў. Потым яшчэ два па гравійцы. Занядбаная фэрма, зьнішчаная пажарам крама, зарослыя хмызьняком і заваленыя сухастоем могілкі — карціна сучаснай вёскі на ўскрайку гарадзкой цывілізацыі.

“У вайну лепш людзі жылі. Вось да нас прыяжджала хуткая дапамога й загразла. Ад “хуткай” выклікалі пажарную. І яна загразла ў лужыне. Ну ладна, дзіця можна было данесьці да “хуткай”, а калі б дом гарэў, дык дом трэба было б несьці да пажарнай. Вось там, дзе зялёны дом, ужо ў лужыне рыбы водзяцца й камышы растуць пасярод вуліцы. Газаўшчыкі да нас езьдзяць. Яны крычаць на нас, што мы вінаватыя”, — скардзяцца вяскоўцы.

Людзі кажуць, што свайго дэпутата ў вочы ня бачылі

Скардзіліся ільінкаўцы на сваё жыцьцё ў сельскі савет і дэпутату свайму:

“Мы яе ў вочы ня бачылі. Нам сказалі, што Ільінка — гэта праклятая вёска. Жывяце як у балоце. А сельскі савет кажа, у нас няма сродкаў. Невыносна ўжо. Мы ўжо куды не пісалі, куды не зьвярталіся… Чакаюць, пакуль вёска вымра. Мы ўва ўсё веру ўжо страцілі. І надзею”.

Тацяне Шамбалавай вяскоўцы пакуль вераць, бо яна ў сваю падтрымку сама зьбірала подпісы. І абыходзіла кожную хату.

“Кожны з нас чалавек, а чалавек можа нешта зрабіць, а калі мы разам, то можам зрабіць яшчэ больш. Насыпаць дарогу — ня думаю, што дэпутат сельскага савету ніякім чынам на гэта ня можа паўплываць. Зрушыць гэтыя праблемы зь мёртвай кропкі можна”, — заяўляла вяскоўцам актывістка.

Як кажа спадарыня Шамбалава, праблемы Ільінкі характэрныя для вёсак яе акругі. У бальшыні сваёй людзі кінутыя на волю лёсу. Пра іх згадваюць, толькі калі ёсьць неабходнасьць — тыя ж выбары. Актывістка заяўляе, што сельскія саветы даўно неабходна рэфармаваць, бо рэальнай улады ў іх няма. Праблемы вёсак вырашаюцца выбарачна. Прыярытэтныя тыя, хто бліжэй да шляху начальства.

Тут загрузьлі пажарная й “хуткая дапамога”

Ільінкаўка Надзея Валянцінаўна паказвае звароты й скаргі ў сельскі савет ды ў Магілёўскі райвыканкам

У гэтым “стаўку” пасярод вуліцы водзяцца рыбы й расьце чарот

Кавалеру ордэну “Працоўнай славы” Галіне Грышчанок няма дзе набраць вады. Калёнка даўно перасохла.

Вясковыя могілкі заваленыя сухастоем


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Ужо 92 кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў ад АДС адмовіліся далей удзельнічаць у выбарчай кампаніі.


Паведамляе сябра рады АДС, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“Гэтае рашэньне матываванае тым, што сёлета нічога не зьмяняецца ў параўнаньні з папярэднімі так званымі выбарчымі кампаніямі, нягледзячы на дэклярацыі й заявы ўладаў. Напрыклад, у Гомелі ніводнага прадстаўніка ад АДС ва ўчастковыя камісіі не ўключылі. Таму мы ня можам удзельнічаць у кампаніі, калі невядома, як вядзецца падлік галасоў, калі мы ня можам быць упэўненымі, што людзі прагаласавалі менавіта так, а ня неяк інакш”.

Адмаўляюцца ў рэгіёне ад выбараў ня толькі буйныя палітычныя структуры, як АГП ці “Справядлівы сьвет”, але й драбнейшыя. У прыватнасьці, сацыял-дэмакратычныя партыі.

Алег Шабетнік, кіраўнік рэгіянальнай БСДГ:

“У нас вылучаны толькі два кандыдаты — у Гомельскі гарадзкі савет і Рэчыцкі райсавет. Але абодва кандыдаты прытрымліваюцца дамоўленасьці АДС, і мы будзем здымацца з выбараў. У нас няма ўказаньняў партыйнага кіраўніцтва “здымацца — не здымацца”. У Гомелі мы прынялі рашэньне самастойна, кіруючыся дамоўленасьцямі Аб’яднаных дэмсілаў”.

Партыя левых і партыя "зялёных" імкнуцца заявіць пра сябе

Партыя левых “Справядлівы сьвет” мае каля 50 кандыдатаў у дэпутаты. Іх пазыцыю тлумачыць кіраўнік Жлобінскай раённай суполкі Валер Рыбчанка:

“Ад нас чакаюць людзі хаця б слова праўды. Першае. Другое, трэба раскручваць рэйтынг партыі. Гэта вельмі важна, паколькі людзі пытаюцца, што гэта за партыя? Калі ня выкарыстаць такую магчымасьць, як выбары, гэта будзе няправільна”.

Працягвае балятавацца на выбарах у Гомельскі гарсавет і Юрась Глушакоў, адзіны прадстаўнік у рэгіёне ад партыі “Зялёных”:

“Проста так казаць, што ўдзел у выбарах ня мае сэнсу, бо ўлада недэмакратычная, — гэта зразумелая пазыцыя. Але я лічу, што такім чынам мы наўрад ці зможам неяк паўплываць на ўладу, грамадзтва ці штосьці яшчэ. Без удзелу нічога не даб’есься”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Уладу непакоіць, што няма альтэрнатывы

На Гарадзеншчыне ўлада нават спрабуе заахвоціць апазыцыянэраў, каб хоць у некалькіх акругах выбары прайшлі на альтэрнатыўнай аснове.

Сябры партыі “Справядлівы сьвет” у Горадні дагэтуль ня маюць надрукаваных улётак, хаця дамагаюцца гэтага ўжо больш як тыдзень. Лідэр арганізацыі Павал Станеўскі кажа, што паўсюль мучыць бюракратыя.

Станеўскі: “Напачатку трэба ісьці да старшыні камісіі і там паставіць пячатку. Затым ехаць у гарвыканкам, у бухгальтэрыю, адтуль у друкарню, а з друкарні ізноў у бухгальтэрыю. Гэтыя непатрэбныя паездкі, канечне, вымагаюць сілаў і часу”.

У 25 акругах у Смаргоні па адным кандыдаце

Іначай склалася сытуацыя ў Смаргоні. Да кандыдаткі ад БСДГ Ірыны Вештарт ужо некалькі разоў тэлефанавалі і з выбарчай камісіі, і з друкарні, каб яна хутчэй несла свае матэрыялы.

Спадарыня Вештарт кажа, што ўлады баяцца, каб яна наагул не зьняла кандыдатуры, бо ў раёне з 27 акругаў толькі на дзьвюх ёсьць альтэрнатыўныя кандыдаты: яна і Ўладзімер Шульжыцкі ад партыі БНФ.

Вештарт: “Людзі да гэтай кампаніі ставяцца больш пасіўна, чым у мінулыя гады, спадзеву на справядлівасьць няма. А былі ж кампаніі, калі дэпутацкі корпус быў актыўны, многага дамагаліся, патрабавалі. Але гэтая ўпэўненасьць паціху зьнікала і зараз амаль у нябыт сышла”.

У Горадні няма пікетаў для агітацыі


Кіраўнік Гарадзенскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў паведаміў нашаму карэспандэнту, што ў абласным горадзе ўлада не пакінула месца для перадвыбарчай агітацыі.



Саранчукоў: “Ёсьць спартовая пляцоўка за аўтавакзалам, як там агітаваць? Ёсьць Калоскі парк, ён часткова ўваходзіць у маю акругу, але каго агітаваць у Калоскім парку?”



Калоскі парк у Горадні — месца малалюднае.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін:

“Мы замовілі пікеты, паглядзім, як адрэагуюць нашыя ўлады. Пакуль у нас няма мэты выходзіць з выбараў, таму што, напрыклад, праблемаў з друкарняй няма. Адзінае, што там чэргі на паўтара тыдні, бо ёсьць і камэрцыйныя замовы, і ад кандыдатаў у дэпутаты”.

Андрэй Янушкевіч, які ўзначальвае абласную суполку “Моладзёвага хрысьціянскага сацыяльнага Саюзу":

Янушкевіч: “Мы будзем да канца ўдзельнічаць. У нас чатыры кандыдаты былі, трох зарэгістравалі. Любая партыя, калі яна існуе, то самае галоўнае — гэта ўдзел у выбарах і барацьба за палітычную ўладу. І калі яна ня ўдзельнічае ў гэтых працэсах, то сэнс існаваньня зьнікае. Шанцы ёсьць у любым выпадку, трэба заявіць пра сябе”.


ВІЦЕБШЧЫНА


Прарэктар-кандыдат не баіцца… каросты


Ад сваіх патэнцыйных выбарцаў кандыдат у дэпутаты віцебскага гарсавету, актывіст стваранай партыі БХД Уладзімер Рамановіч даведаўся пра мэтады агітацыі свайго канкурэнта, прарэктара тэхналягічнага ўнівэрсытэту Аляксея Шута:

“Мне патэлефанавала дзяўчына, сказала, што, паводле загадчыцы інтэрнату № 3, у актавай залі 9-га красавіка будзе праводзіцца сустрэча са спадаром Шутом. Я падышоў у інтэрнат і ўбачыў аб’яву, што там карантын, бо знайшлі каросту, і нікога не пускаюць. Зьявілася пытаньне: а чаму спадару Шуту можна ладзіць сустрэчы? Я напісаў заяву на імя рэктара ВНУ, што таксама хачу сустрэцца са студэнтамі, прычым у любы зручны для адміністрацыі час. Адказу я так і не дачакаўся”.

Праўладныя кандыдаты агітуюць дзе хочуць


У адрозьненьне ад незалежных кандыдатаў, іх канкурэнты лёгка атрымліваюць дазволы на сустрэчы з выбарцамі ў любых месцах. У тым ліку і ў тых, якія не былі вызначаны раённымі адміністрацыямі для правядзеньня перадвыбарчых сходаў.

Так, у віцебскай паліклініцы № 3 абвешчана сустрэча з кандыдатам у дэпутаты гарсавету па Індустрыяльнай выбарчай акрузе Алегам Меркушавым, дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “БелВітуніфарм”. Пра гэта распавяла яго канкурэнтка на выбарах, старшыня абласной арганізацыі АГП Вольга Карач.

На падобнай сустрэчы, арганізаванай у СШ № 12, пабывала Ірына Акулёнак, актывістка аргкамітэту стваранай БСДП (Народная Грамада). Яна адзначае, што даведалася пра сход выпадкова: знаёмыя распавялі, што на дзьвярах пад’езду ўбачылі аб’яву, падпісаную “Савет вэтэранаў ЖЭУ 22”. Жыхароў запрашалі на сустрэчу “з прадстаўнікамі Першамайскага райвыканкаму, міліцыі, аховы здароўя”, а таксама з кандыдатам у дэпутаты, імя якога загадзя не паведамлялася. Як высьветлілася, агітацыйны сход ладзілі для галоўнага ўрача паліклінікі № 3 Людмілы Новікавай, праўладнай суперніцы Ірыны Акулёнак. Абедзьве балятуюцца па Будаўнічай акрузе № 58.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG