Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 8 красавіка.


Некалькі дзён у Кіргізстане адбываецца жорсткае супрацьстаяньне ўлады з апазыцыяй. Пад кантролем прыхільнікаў апазыцыі — галоўны офіс службы бясьпекі краіны, дзяржаўнае тэлебачаньне і шэраг урадавых установаў. На дадзены момант вядома пра больш як 65 загінулых і шмат пацярпелых.

Паводле некаторых зьвестак, прэзыдэнт Бакіеў уцёк зь Бішкеку. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць падзеі ў Кіргізстане.

Спадар: “У свой час ва Ўкраіне перамагла памаранчавая рэвалюцыя, у Грузіі — рэвалюцыя ружаў, у Кіргізіі — рэвалюцыя тульпанаў. Прайшоў час, і можна зрабіць некаторыя высновы. У Грузіі палова насельніцтва скандуе: "Міша, сыходзь". Ва Ўкраіне дэмакрат Юшчанка на выбарах набраў 5 працэнтаў, а ў Кіргізіі дэмакрат прэзыдэнт Бакіеў аддаў загад весьці агонь баявымі патронамі па апазыцыі. І вось я хачу зьвярнуцца да Ніны Ярмалінскай, да Ларысы і іншых, хто выступае за тое, каб да ўлады ў Беларусі прыйшоў Мілінкевіч ці Лябедзька. Чым нашы дэмакраты лепшыя за вышэй пералічаных дэмакратаў?”

Кажучы пра кіргіскія падзеі, слухачы вінавацяць ва ўсім кіраўніка дзяржавы. Вось што кажа слухачка:

Спадарыня: “Бакіеву захацелася таксама стаць дыктатарам Кіргізіі, але не, народ Кіргізіі не дазволіў яму нічога падобнага. Народ сказаў: годзе, даволі хлусьні, перасьледу, забойстваў, ашуканства. І, даведзеныя да адчаю, пайшлі на кулі, якія ляцелі на няшчасных па загадзе Бакіева. Я спадзяюся, што за расстрэл уласнага народу ён павінен несьці суровае пакараньне”.

7 красавіка прэм'ер-міністры Расеі і Польшчы Ўладзімер Пуцін і Дональд Туск наведалі мэмарыяльны комплекс “Катынь”, дзе ўшанавалі памяць афіцэраў Войска Польскага, расстраляных у 1940 годзе. Чакалася, што падчас сустрэчы польскаму боку будзе перададзены так званы "беларускі сьпіс" расстраляных. Але гэтага не адбылося. Слухачы цікавяцца, чаму на ўшанаваньні не было прадстаўнікоў Беларусі. Праблему ўздымае Сяргей Патаранскі:

Сяргей Патаранскі: “Па-першае, добрая палова тых афіцэраў, якія былі там расстраляныя, былі беларусамі, і гэта ўсім вядома. Па-другое, гэта наша этнаграфічная тэрыторыя. Катынь — ад слова кат, і ў гэтым гістарычная іронія. Але, як бачым, сапраўды, ні наша дзяржава, якая ігнаруе так званую гістарычную памяць, ні наша так званая апазыцыя, якая зьяўляецца на сёньняшні дзень клікай, ня могуць прадстаўляць інтарэсы нашай нацыі, нават у Катыні. Таму Катынь, славу яе сумную і трагедыю дзеляць расейцы і палякі, а беларусы, якія былі там спакутаваны, чамусьці там не прысутныя”.

7 красавіка ўвесь сьвет адзначаў Дзень здароўя, які сёлета быў прысьвечаны ўрбанізацыі і здароўю. Слухачка “Свабоды” абураецца і кажа, што ёй не выпадае адзначаць гэты дзень:

Спадарыня: “Сёньня Беларускае радыё расьпінаецца пра чыстае паветра. Проста я ня ведаю, як адчыняць форткі. Якія разумнікі прыдумалі за маёй спальняй сьметніцу, базу для фураў, а тут жа яшчэ за дваром (нават нас 50 мэтраў не аддзяляе) праклалі шашу — пыл увесь у двор. І такі бруд, і такая інфэкцыя! Ужо некалькі чалавек з нашага двара пераляжалі ў кардыялёгіі, ацёкі сэрца і г.д. Што гэта за хваробы новыя зьявіліся? У нас было чыстае паветра раней. Што гэты ўрач нам раіць? Да лета нам не дайсьці. Мы ж пэнсіянэры”.

Слухач “Свабоды” Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску цікавіцца тэмай саюзу Расеі і Беларусі. Ён параўноўвае стан рэчаў на пачатку ўтварэньня гэтай структуры і зараз:

Спадар Яцкевіч: “Вось я як інвалід 2 групы ў той час мог ад Берасьця да Уладзівастоку даехаць па сваім інвалідным білеце. Гэта яшчэ тады быў Ельцын прэзыдэнтам Расеі, а ў нас Лукашэнка. На сёньня што мы маем? У нас гэтыя групы паадымалі, ільготы аднялі, і сёньня мы ў гэтай краіне баімся шпіёнаў”.

Шаноўныя слухачы!

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG