Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Які ў гэтым гераізм — узяць фарбу і абліць помнік Леніну?”


Агляд тэлефанаваньняў слухачоў за 10 сакавіка, сераду. Слухачы “Свабоды” прапануюць, як вырашыць так званае “польскае пытаньне”, працягваюць дыскутаваць наконт дыскрымінацыі жанчын, абмяркоўваюць забарону расьпіцьця піва ў грамадзкіх месцах, адгукаюцца на справу генэрала Ўсхопчыка, пытаюцца, чым займаецца Беларуская хрысьціянская дэмакратыя.



Добры дзень! Сталая слухачка Радыё Свабода прапануе, як вырашыць канфлікт вакол Саюзу палякаў у Беларусі:

Спадарыня, Менск: “Польскае пытаньне на Беларусі вырашаецца вельмі складана. А пытаньне, на мой погляд, надуманае. Хочацца сказаць: палякі, аб’яднайцеся ў адну групу — гуртам бывае лягчэй вырашыць тое, што турбуе на нацыянальным узроўні. Але іншыя праблемы давядзецца вырашаць разам зь беларусамі, бо мы жывем у адной краіне пад назвай Беларусь. Польскую мову можна вывучаць у звычайных школах на ўзроўні факультатыву, і зьявяцца новыя працоўныя месцы для выкладчыкаў польскай мовы. І тады дамы ня трэба будзе дзяліць. Усё будзеце рабіць разам. Так будзе весялей. Будзе адзін начальнік, а другі яго намесьнік. Выйдзеце з галавы нашых нацыянальных кіраўнікоў: яны заблыталіся ў вашых пытаньнях”.

Нядаўна Генэральная пракуратура дапытала генэрала Ўсхопчыка, які кіраваў апэрацыяй супраць дэманстрантаў у Вільні 13 студзеня 1991 году. На аўтаадказьніку Радыё Свабода ёсьць званок у апраўданьне спадара Ўсхопчыка:

Спадар: “Нашы суседзі абвінавачваюць генэрала Ўсхопчыка ў тым, што ён аддаў каманду пра вывад войскаў супраць народу. Ці ж яго гэтая віна? Ён даваў прысягу, і калі б ён ня выканаў той каманды, якая была дадзеная яму зьверху, то, магчыма, яго б нават расстралялі. Пра гэта падумайце. А той, хто даў каманду, атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Дык чаго ж абвінавачваць чалавека, вайскоўца, калі ён выканаў свой абавязак?”

Працягваем праграму “Званкі на Свабоду”. Слухач “Свабоды” абураецца некаторымі акцыямі, якія ладзіць БХД:

Спадар: “Партыя — хрысьціянскія дэмакраты. У Германіі таксама ёсьць такая партыя ХДС-ХСС, але ж там не абліваюць нейкія помнікі фарбай, а ў вас гэта выстаўляюць, нібыта яны нейкія героі. Які гэта гераізм — узяць фарбу і абліць помнік Леніну? Гэта толькі выклікае антыпатыю ў большасьці насельніцтва. Можа, я ня маю рацыі? Можа, хтосьці з партыі пракамэнтуе гэтыя ўчынкі? Бо не хрысьціянская дэмакратыя, а нейкае хуліганства атрымліваецца”.

Тэлефанаваньне слухача камэнтуе сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец:

Павал Севярынец
“Па-першае, абліць помнік Леніну фарбай — гэта можа каштаваць трох гадоў пазбаўленьня волі. Гэта сымбалічная акцыя. Помнікаў Леніну ў нас так шмат, што камуністычны дух, відавочна, пануе. Па-другое, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя робіць сотні акцыяў, займаецца асьветніцкімі, праваабарончымі, адукацыйнымі, сацыяльнымі акцыямі, грамадзкімі і палітычнымі — болей, чым падобнымі. Вы ўчапіліся за адзіны выпадак і робіце агульныя сьцьверджаньні, што партыя БХД такая радыкальная. Беларуская хрысьціянская дэмакратыя — гэта, ведаеце, ня толькі мяккія словы і прыгожыя тэзысы праграмы. Гэта яшчэ і змаганьне. Таму што ў нас ні хрысьціянства, ні дэмакратыі ў Беларусі ў нармальным разуменьні гэтага слова фактычна няма. Хрысьціянаў уціскаюць, дэмакратыя пад забаронай, за яе трэба змагацца”.

Працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды” забарону расьпіцьця піва ў грамадзкіх месцах:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Загады, указы, пастановы бацькі Рыгоравіча наконт забароны расьпіцьця сьпіртовых напояў у грамадзкіх месцах не карыстаюцца падтрымкаю сярод насельніцтва. Цяпер аматары піва з вуліцы перайшлі ў нашы пад’езды. Іду неяк днямі, а на прыступках у пад’езьдзе сядзіць маладая пара ў абдымку, п’юць сабе піва з чыпсамі. Мне толькі засталося сказаць: прыбярыце за сабою парожнія бутэлькі і паперу і выкіньце ўсё ў сьмецьцеправод. Ну як ты будзеш выганяць закаханых на вуліцу ў такі мароз?”

Шмат розных водгукаў выклікалі праграмы Радыё Свабода, прысьвечаныя 8 сакавіка, у якіх самі жанчыны, у прыватнасьці старшыня Беларускага жаночага руху Ніна Стужынская, разважалі, чаму ў Беларусі была і ёсьць дыскрымінацыя жанчын. Сталая слухачка спадарыня Ларыса з гэтым ня згодная:

Спадарыня Ларыса, Менск: “Дыскрымінацыі жанчын не было ў савецкі час. На асабістым прыкладзе хачу сказаць: я працавала ў канструктарскім бюро, я зарабляла 190 рублёў, а мой начальнік — 250 рублёў. Пасьля распаду ў нашай незалежнай краіне, можа, нешта памянялася, дык гэта датычыць толькі высокапастаўленых і пэнсіянэраў некаторых катэгорый, яны атрымліваюць вялікія грошы. А ў асноўным інжынэры, урачы і іншыя спэцыяльнасьці, як мужчыны, так і жанчыны, у аднолькавых умовах. А калі дзе нейкае скарачэньне, то і мужчын, і жанчын аднолькава гэта тычыцца. Так што няма ніякай дыскрымінацыі на асноўных прадпрыемствах”.

Тэлефануйце і пішыце! Наш тэлефон у Менску 266 39 52, працуе кругласутачна. Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG