Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Януковіч едзе ў Амэрыку, а Лукашэнку не пушчаюць”


Слухачы Радыё Свабода адгукаюцца на ўчорашнія тэракты ў Маскве, абмяркоўваюць беларуска-вэнэсуэльскія стасункі, выказваюць свае меркаваньні наконт сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі шэрагу буйных амэрыканскіх кампаніяў, дзеляцца ўражаньнямі пра сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка.

Наш сталы слухач Ільля Копыл: «25 сакавіка мы адзначылі Дзень Волі, Дзень незалежнасьці. Што кінулася ў вочы? На пляцоўцы каля Акадэміі навук я не заўважыў кіраўнікоў шмат якіх палітычных партыяў. Чаму яны праігнаравалі гэты дзень? Няўжо ўсе разам захварэлі на сьвіны грып? На мітынгу большасьць складала моладзь. Было шмат людзей. Гэты дзень усіх, хто прыйшоў на мітынг, аб’яднаў адной ідэяй, ідэяй незалежнасьці. Але вельмі шкада, што мітынг скончыўся — і мы зноў сталі ўсе паасобку. Гэта тычыцца ня толькі людзей, але і палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў».

Яшчэ адзін слухач Радыё Свабода дае параду беларускай апазыцыі:

Спадар Аляксандар, Менск: «Я хачу прапанаваць беларускай апазыцыі зьезьдзіць у камандзіроўку ва Ўкраіну на стажыроўку. Там Юлія Цімашэнка акурат фарміруе кабінэт ці партыю. І заадно беларуская апазыцыя пастажыруецца ў іх, як трэба праводзіць выбары прэзыдэнта. Потым яны прыедуць сюды і тут пакажуць, як гэта дзейнічае».

Вяскоўцаў непакоіць, як пры такіх высокіх коштах на паліва ўзараць гарод. І чаму на сяўбу сродкаў на паліва не хапае, а на адпачынак першых асобаў дзяржавы сродкі знаходзяцца:

Спадар Андрэй, Салігорск: «Выйшаў на пэнсію і ўжо 10 гадоў працую ў вёсцы. У мяне ёсьць маленькі трактарэц, двухцыліндравы бэнзінавы рухавік у яго. Для таго, каб заараць гарод, мне трэба заплаціць за вядзерца бэнзіну 20 тысяч са сваёй сьціплай пэнсіі ў 400 рублёў. Дык вось я хацеў бы даведацца, колькі заплаціў Лукашэнка для палёту ў Славенію на двух самалётах? А другі раз на двух самалётах паляцеў у Швайцарыю. Колькі ён выдаткаваў гаручага, якога мне нестае заараць гарод на лецішчы? Колькі яму гэта абышлося? І за якія грошы ён лётаў, і ці ёсьць у яго квітанцыі, што ён аплаціў гэтыя палёты?»

З дапамогай ваеннага аглядальніка тыднёвіка «Белорусы и рынок» Аляксандра Алесіна мы падлічылі, у якую капейчыну абыходзіцца толькі дарога на адпачынак кіраўніка краіны:

«Калі ўзяць кляс самалёта, на якім ён лятае — „Боінг-737“, адна запраўка такога самалёта — 40 тон паліва, авіяцыйнай газы. Паколькі ён у два канцы лятаў — 80 тон. Страхавы запас павінен быць. Акруглім да 100 тон. Літар такога паліва каштуе 4 тысячы беларускіх рублёў. Толькі на паліва пайшло каля 100 тысяч даляраў. Ёсьць яшчэ плата за пралёт па тэрыторыі замежных дзяржаў, аэранавігацыйнае абслугоўваньне, пэрсанал...»

Такім чынам, толькі на паліва для аднаго самалёта ідзе каля 100 тысяч даляраў. Адпаведна, калі самалётаў было два, — у два разы больш. А вось ці ёсьць у кіраўніка краіны квіткі пра аплату, даведацца не ўдалося.


Працягваем праграму «Званкі на Свабоду». Слухачы нашага радыё актыўна абмяркоўваюць міжнародныя стасункі, беларуска-амэрыканскія і беларуска-вэнэсуэльскія дачыненьні:

Спадар: «Януковіч едзе 14-15 красавіка ў Амэрыку, а Лукашэнку чагосьці не пушчаюць. Зараз стаў прасіцца ў Амэрыку, каб падняць эканоміку. Даўно трэба было, Аляксандар Рыгоравіч. Амэрыканцы — гэта нашы сябры, гэта нашы саюзьнікі».

Спадар: «У адносінах з Вэнэсуэлай трэба абмяркоўваць і тэхнічны бок гандлю. Хаця Вэнэсуэла і Лацінская Амэрыка, але там „катэрпілеры“, „макі“, „джон-дыры“, і хутка яны зразумеюць, што лепшае. На дадатак пагоршыцца эканамічная сытуацыя ў Вэнэсуэле, і будзе драпаць Лукашэнка, як Савецкі Саюз з Эгіпту, Самалі, Аўганістану і іншых краін».

Сталы слухач «Свабоды» з Барысава на тэракты ў маскоўскім мэтро адгукнуўся, як звычайна, вершаванымі радкамі:

Спадар Курневіч, Барысаў: «У Маскве ў мэтро выбухі былі, многа ахвяр. Кажуць, выканаўцы іх — жанчыны-сьмяротніцы, абедзьве з Каўказу. Гэта трагедыя бывае ня раз. У мяне думка такая: няўжо Расеі сваёй зямлі не хапае? Навошта яна прэ сваё войска на Каўказ? Выбухі спыняцца адразу, калі Расея сваё войска выведзе з Каўказу. Людзі на Каўказе таксама з мазгамі, яны і без Расеі разьбяруцца самі».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG