Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: актывістаў-антыядзернікаў сярод кандыдатаў ня будзе


Сябры АГП Юры Істомін і Мікалай Уласевіч абмяркоўваюць праграмы кандыдатаў у дэпутаты.
Сябры АГП Юры Істомін і Мікалай Уласевіч абмяркоўваюць праграмы кандыдатаў у дэпутаты.

Астравецкіх актывістаў Івана Крука і Мікалая Ўласевіча не зарэгістравалі кандыдатамі ў райсавет. У абласной камісіі, куды Іван Крук адмыслова паехаў на разгляд скаргі, сказалі, што цалкам згодныя з рашэньнем раённай камісіі. Пераважная большасьць акругаў у вобласьці – з адным праўладным кандыдатам.


Як паведаміў Іван Крук, ён некалькі разоў тлумачыў камісіі, што ў Астраўцы ўсе выяўленыя памылкі сфальсыфікавалі — хадзілі і прымушалі людзей пісаць заявы, каб яны забралі свае подпісы.

Ніякія аргумэнты, са слоў актывіста, на абласную камісію не падзейнічалі. Урэшце ён наўпрост заявіў камісіі:
Палітычныя злачынствы і беззаконьне тэрміну даўнасьці ня маюць...


“Я ім сказаў, што буду абскарджваць рашэньне і наагул дайду да міжнароднага суду. А яшчэ я ім сказаў, што палітычныя злачынствы і беззаконьне тэрміну даўнасьці ня маюць і ўсім давядзецца за гэта некалі адказваць”.

Тое, што астравецкіх актывістаў не зарэгістравалі кандыдатамі ў раённы савет, самі яны зьвязваюць з будаўніцтвам у іх раёне атамнай станцыі. Праўда, і І.Крук, і М.Уласевіч зарэгістраваныя кандыдатамі ў абласны савет.

Іван Крук зьвярнуўся ў раённую газэту, каб там надрукавалі ягоную праграму. Але яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, зь яго слоў, што праграмы кандыдатаў у абласны савет павінна друкаваць абласная газэта.

Мікола Ўласевіч ужо некалькі разоў езьдзіў у Ашмяны, каб надрукаваць там праграму і ўлёткі, але ніяк ня можа дабіцца гэтага ад друкарні:
Дурня клеяць: з камісіі пасылаюць у друкарню, з друкарні ў камісію...


“Перакідаюць мяне, як хочуць, дурня клеяць: з камісіі пасылаюць у друкарню, з друкарні ў камісію, маўляў, трэба прынесьці паперу. Прынёс я ім і спакойна паехаў. Потым высьветлілася, што гэта толькі на друк пляката, а на ўлёткі, маўляў, іншая”.

Тым часам як апазыцыйныя кандыдаты імкнуцца як найхутчэй праводзіць агітацыю сярод выбарцаў, праўладныя актыўнасьці не выяўляюць.

Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў, назіраючы за кампаніяй, кажа, што ў раёне яе зусім не адчуваецца. Толькі па дзьвюх акругах ёсьць альтэрнатыўныя кандыдаты, якія, мяркуючы з усяго, таксама зьбіраюцца здымаць кандыдатуры:

“Па-мойму, гэтыя выбары ніяк не цікавяць праўладных кандыдатаў, дый агітацыі ніхто не вядзе. Наўрад ці хто зь іх выказваў жаданьне стаць дэпутатам — гэта ўсё прызначаныя людзі, і ніякай агітацыяй займацца ня будуць. У іх няма для гэтага матывацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG