Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Заява Эштан — “загаварыць” каштоўнасныя пытаньні Менску ня ўдасца


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Эўразьвяз спадзяецца, што беларускія ўлады прыкладуць усе неабходныя намаганьні, каб мясцовыя выбары 25 красавіка адпавядалі міжнародным стандартам і нормам АБСЭ. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЭЗ па вонкавых сувязях Кэтрын Эштан ад 30 сакавіка. Ці можна сказаць, што ў заявах Эўразьвязу ўсё часьцей апошнім часам гучаць крытычныя ноты да дзеяньняў беларускіх уладаў? Ці могуць стаць вынікі мясцовых выбараў нейкім этапам у беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях ці яны пройдуць дастаткова незаўважанымі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: «ЭЗ глыбока занепакоены ўціскам на прадстаўнікоў незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных структур у Беларусі. Гэтыя тэндэнцыі выклікаюць асаблівую занепакоенасьць напярэдадні мясцовых выбараў. Для ЭЗ вельмі важна, каб яны прайшлі добра», — сярод іншага, гаворыцца ў заяве Эштан. Ці можна сказаць што кіраўніцтва Эўразьвязу ўжо не згаджаецца выдаваць афіцыйнаму Менску толькі авансы, але і пачынае патрабаваць выконваць ранейшыя абяцаньні?

Лагвінец: У Эўразьвяза існуе такая лёгіка супрацоўніцтва з трэцімі краінамі, паводле якой пытаньні асноўных каштоўнасьцяў заўсёды ўтвараюць пэўны фон. І калі беларускія ўлады думалі, што ім удасца «загаварыць» гэтыя пытаньні, то наўрад ці гэта атрымаецца. Сёньняшняя заява — адлюстраваньне таго, што як пытаньні правоў чалавека, гэтак і пытаньні эканамічнага супрацоўніцтва будуць у парадку дня адносінаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. І ў заяве вельмі канкрэтна пералічаныя тыя сфэры, якія выклікаюць вельмі сур’ёзную занепакоенасьць Эўразьвязу.

Па сутнасьці, заява Кэтрын Эштан — гэта другі дакумэнт пасьля заявы пра сытуацыю вакол Саюзу Палякаў, дзе вельмі канкрэтна гаворыцца пра існуючыя праблемы. Таксама беларускія ўлады папярэджваюцца пра магчымыя нэгатыўныя наступствы ў тым выпадку, калі мясцовыя выбары скончацца як звычайна.
Вельмі верагодна, што дыпляматы краінаў Зьвязу будуць назіраць за ходам галасаваньня.


Цыганкоў: Ці могуць вынікі мясцовых выбараў стаць нейкім важным індыкатарам у беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях, ці яны пройдуць дастаткова незаўважанымі ў практычным сэнсе?

Лагвінец: Эўразьвяз надае вялікую ўвагу палітычным працэсам, і выбары — якраз тая сфэра, дзе можна ацаніць дзеяньні ўладаў. Вядома, што Эўрапарлямэнт прапаноўваў свае паслугі, каб накіраваць сюды назіральнікаў. Тым ня менш, Эўразьвяз праз амбасады краінаў-чальцоў адсочвае сытуацыю. Вельмі верагодна, што дыпляматы краінаў Зьвязу будуць назіраць за ходам галасаваньня.

Гэта паказвае, што мясцовыя выбары будуць адным з тых элемэнтаў ці вымяральнікаў таго, наколькі добра сёньня разьвіваюцца стасункі. І гэта будзе індыкатарам, які Эўразьвяз будзе выкарыстоўваць падчас комплекснага разгляду сытуацыі ў Беларусі. Вядома, што рашэньне аб прыпыненьні санкцыяў супраць чыноўнікаў часовае. Калі Эўразьвяз будзе разглядаць, што рабіць далей, то абставіны і атмасфэра працяканьня мясцовых выбараў будзе ўлічвацца.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG