Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны суд СНД атрымаў пазоў Міністэрства юстыцыі Беларусі


25 сакавіка Міністэрства юстыцыі Беларусі падало пазоў у Эканамічны суд СНД аб правамернасьці расейскага экспартнага мыта на нафтапрадукты і нафтахімічную сыравіну. Ці атрымаў суд дакумэнты і ці ёсьць шанцы ў Беларусі выйграць справу.


Эканамічны суд СНД у адпаведнасьці з сваёй кампэтэнцыяй разглядае толькі міждзяржаўныя эканамічныя спрэчкі і дае тлумачэньні па зваротах вышэйшых органаў улады дзяржаў-удзельніц СНД і Эўразійскай эканамічнай супольнасьці. Звароты грамадзянаў і юрыдычных асобаў Эканамічным судом не разглядаюцца.

У сваёй заяве Міністэрства юстыцыі Беларусі адзначае:

“Сутнасьць дадзенай пазоўнай заявы ў тым, што заключаныя міжнародныя дамовы ў межах СНД і ЭўрАзЭС, а таксама адпаведныя міжнародныя дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй прадугледжваюць бязмытны гандаль у межах рэжыму свабоднага гандлю”, адзначаецца ў заяве.

Кіраўнік апарату Эканамічнага суду СНД Грач’я Сіманян пацьвердзіў, што дакумэнты ўжо у судзе.

“У Эканамічны суд такая заява паступіла”.

На пытаньне, у якія тэрміны будзе разгледжаная заява Міністэрства юстыцыі Беларусі, кіраўнік апарату Эканамічнага суду адказаў так:

“Усе пытаньні, зьвязаныя з працэдурнымі момантамі, — на нашым сайце. Там разьмешчаны рэглямэнт Эканамічнага суду. І ў гэтым рэглямэнце адмысловы разьдзел прысьвечаны разгляду спрэчак”.

Згодна з рэглямэнтам, старшыня суду ў 10-дзённы тэрмін накіроўвае матэрыялы справы калегіі Суду і адначасова прызначае судзьдзю-дакладчыка і генэральнага дарадцу. Калегія не пазьней чым у 30-дзённы тэрмін праводзіць першае паседжаньне, на якім вырашае, прымаецца гэта справа альбо адхіляецца.

На пытаньне, якую пошліну плацяць дзяржавы, зьвяртаючыся з пазовамі ў Эканамічны суд, кіраўнік апарату Эканамічнага суду СНД Грач’я Сіманян паведаміў:

“Дзяржавы-ўдзельнікі Пагадненьня аб Эканамічным судзе не аплачваюць пошліну, таму што яны фінансуюць суд”.

Ці мае Беларусь шанцы выйграць справу? Экс-судзьдзя Канстытуцыйнага суду, заслужаны юрыст Беларусі Валер Фадзееў выказаў такое меркаваньне:

Валеры Фадзееў
“Шанцы заўсёды ёсьць. Я ня ведаю, якое суд прыме рашэньне, але шанцы ёсьць. Але тут я бачу іншыя праблемы, якія зьвязаныя з абавязковасьцю выкананьня гэтых рашэньняў. Калі мы паглядзім пагадненьне аб гэтым Судзе, то ён прымае рашэньні, але ў гэтых рашэньнях утрымліваюцца рэкамэндацыі для ўрадаў, якія ўрады павінны выконваць. Але як выконваць рэкамэндацыі — ёсьць праблема гэтай абавязковасьці. Я думаю, тут так пабудавана сама структура гэтага Суду, што рашэньні выконваюцца на прынцыпах добраахвотнасьці. Ці будзе рэальна рашэньне выканана, невядома”.

І другая праблема, на якую зьвяртае ўвагу Валер Фадзееў: юрысдыкцыя гэтага суду распаўсюджваецца на дзяржавы СНД, потым было адмысловае рашэньне пра распаўсюджваньне рашэньняў Эканамічнага суду на краіны, якія ўваходзяць у ЭўрАзЭС. Што тычыцца Мытнага Зьвязу, ніякага рашэньня наконт юрысдыкцыі пакуль няма.
XS
SM
MD
LG