Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта працяг шантажу і прыніжэньня спадара Пуціна”


Ігар Сечын і Ўладзімер Сямашка падпісваюць нафтавае пагадненьне, студзень 2010-га.

Ігар Сечын і Ўладзімер Сямашка падпісваюць нафтавае пагадненьне, студзень 2010-га.

Эканамічны суд СНД прыняў пазоў Беларусі да Расеі з патрабаваньнем адмяніць уведзенае ад першага студзеня гэтага года мыта на нафтапрадукты і нафтахімічную сыравіну. Афіцыйны Менск спасылаецца на тое, што ў зьвязку з Мытным саюзам Беларусі, Расеі і Казахстану, Расея ня мае права браць гэтае мыта. Паводле незалежных экспэртаў, нафтавая вайна дайшла да суду.

Паводле беларускага міністэрства юстыцыі, расейскае мыта «сур’ёзна абцяжарыла», а па асобных пазыцыях «прывяло да поўнага спыненьня паставак нафтапрадуктаў» у Беларусь. У выніку найбуйнейшыя прадпрыемствы беларускага нафтахімічнага комплексу могуць спыніцца. Афіцыйны Менск прыгразіў, што заводы, якім нанёс шкоду расейскі бок, могуць зьвярнуцца ў арбітражны суд Расеі.

З расейскага боку заяўляюць, што мыта, якое абурыла афіцыйны Менск, спаганяецца згодна з расейскім нацыянальным заканадаўствам.

Апошні раз нафтавае пытаньне ўздымалася падчас візыту расейскага прэм’ера Ўладзімера Пуціна 16 сакавіка ў Берасьце, аднак безвынікова.

Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, беларуска-расейская нафтавая вайна ня скончылася.

Гэта працяг шантажу і прыніжэньня спадара Пуціна.
«Гэта працяг шантажу і прыніжэньня спадара Пуціна. Гэта новая фаза канфлікту з Расеяй, і яна будзе працякаць ня толькі ў нафтавым рэчышчы. Тое, што адбылося зь нядопускам беларускага МАЗу да тэндэру ў Санкт-Пецярбургу, каб прадаць на расейскі рынак нашы тавары, сьведчыць, што за гэтым пойдзе эскаляцыя канфлікту па іншых таварных групах».

У эканамічным судзе паведамілі, што Беларусь упершыню падала пазоў на Расею і далей будуць «неабходныя працэсуальныя дзеяньні згодна з рэглямэнтам».

Паводле незалежнага юрыста Валера Фадзеева, праблема палягае ў тым, што кампэтэнцыя суду не распаўсюджваецца на Мытны саюз.

«Хутчэй за ўсё, суд прымае рашэньне насамрэч як рэкамэндацыю. А краіны павінны выконваць. Калі яны ня выканаюць, тут няма такіх рычагоў — не апішаш маёмасьць, ня зробіш нешта іншае. Таму насамрэч усё будзе залежаць ад краіны, адносна якой рашэньне прынятае».

Паводле маскоўскага палітоляга Кірыла Коктыша, у судовай спрэчцы афіцыйны Менск мае няшмат пэрспэктываў. Іншая справа, ці пойдзе ён на дэнансацыю мытнай дамовы?

Навошта было падпісваць пагадненьне з Расеяй па нафце, а потым, фактычна, свой жа подпіс аспрэчваць у судзе?
«Навошта было падпісваць пагадненьне з Расеяй па нафце, а потым, фактычна, свой жа подпіс аспрэчваць у судзе? Гэта юрыдычна, канечне, слабая пазыцыя. Але палітычная пэрспэктыва ня ўтрэсьці гэтыя недарэчнасьці ў двухбаковых стасунках, канечне, ёсьць. Атрымліваецца, што падпісалі, а потым заяўляюць, што ня ведалі, што падпісвалі, і разьлічвалі, што ўсё будзе па-іншаму. Потым можна гэтае пагадненьне дэнансаваць, але паўстае пытаньне пра адказнасьць дзяржавы і яе міжнародную рэпутацыю».

Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, расейскі бок можа прад’явіць сустрэчныя пазовы да афіцыйнага Менску.

«Калі Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі заявіла, што ёсьць 24 спосабы блякаваць расейскія тавары ў Беларусі і ёсьць загад, каб 90% тавараў у беларускіх крамах былі беларускімі, гэта ёсьць яскравы прыклад забароны расейскіх тавараў на беларускім рынку. І калі пачнецца такая разборка, то мы будзем сьведкамі таго, як бакі самі сябе будуць крытыкаваць і выкрываць, што ані мытнага саюзу, ані зоны вольнага гандлю, нічога няма. І толькі ёсьць сварка. Гэта будзе асымэтрычны адказ, і, я думаю, расейцы выберуць найбольш балючыя для нас кропкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG