Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусія беларускай апазыцыі, якая цягнулася сёньня дзьве гадзіны, не прынесла плёну. Апазыцыянэры ня выпрацавалі супольнай пазыцыі наконт удзелу альбо зьняцьця сваіх кандыдатаў з кампаніі мясцовых выбараў. Вырашана, што кансультацыі будуць працягнутыя пасьля выходных. Адзінае, пра што ўдалося дамовіцца, — будзе падрыхтавана агульная заява з ацэнкай тых этапаў выбарчай кампаніі, якія ўжо скончыліся.


Перад пачаткам дыскусіі сталі вядомыя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Афіцыйна зарэгістраваныя апазыцыйныя партыі разам вылучалі 290 прэтэндэнтаў. Прайшлі празь сіта камісіяў — 240. Найбольшае прадстаўніцтва маюць партыя левых “Справядлівы сьвет” — 99, АГП — 77, Партыя БНФ — 33.

На папярэдніх мясцовых выбарах — у 2007 годзе — апазыцыйныя партыі зарэгістравалі толькі 37 чалавек. І тады найлепшы паказьнік быў у АГП — 13 кандыдатаў.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька кажа, што сёньня шукалі балянс інтарэсаў палітычных партыяў, з аднаго боку, і кандыдатаў у дэпутаты — з другога:

“Мы кажам ясна, што няма выбараў, што дэпутатаў будуць прызначаць. І таму міжнароднай супольнасьці і беларускім уладам трэба прызнаць крызіс выбараў у Беларусі і што трэба прымаць нейкія экстраныя захады перад прэзыдэнцкай кампаніяй. Вось гэта правільная палітычная пазыцыя. І ня трэба апускацца да роўню нейкай асобы, якая хоча пайсьці ў пасялковы савет і вельмі хоча гэта зрабіць. Ну, калі ласка, няхай паспрабуе”.

Лідэр партыі левых “Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін лічыць: у праблеме зьняцьця кандыдатаў ёсьць два бакі — палітычны і маральны:

“Тыя людзі, якіх мы паднялі, каб яны пайшлі на выбары, уключыліся ў кампанію. З-за гэтага ў іх было шмат непрыемнасьцяў на працы, на вучобе. Да іх чапляліся супрацоўнікі МУС і КДБ. І калі казаць ім сёньня: хлопцы, мы ўжо нагуляліся, давайце скончым выбары, — яны нас не зразумеюць. Таму маральны бок справы нам абавязкова трэба ўлічваць”.

Дыскусія выявіла тры падыходы. Першы — зрабіць палітычную заяву аб выхадзе з кампаніі, пакінуўшы права ўдзельнічаць у выбарах толькі тым партыйцам, хто вылучаўся праз збор подпісаў. Другі — пакінуць права далейшага ўдзелу ў выбарах і за тымі, хто вылучаўся непасрэдна ад партыяў. Трэці — не сьпяшацца, паглядзець, ці дадуць улады праводзіць агітацыйную кампанію, а канчатковае рашэньне прымаць пазьней.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG