Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрозна ад папярэдніх выбарчых кампаній, гэтым разам этап рэгістрацыі прайшлі многія прадстаўнікі апазыцыі. Паводле папярэдніх падлікаў, кандыдатамі ў дэпутаты сталі больш як дзьве сотні апазыцыянэраў. Цяпер распачынаецца перадвыбарчая агітацыя. Яе вядуць афіцыйна зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты і іх давераныя асобы. Гэта найбольш працяглы этап кампаніі -- ён завершыцца 24 красавіка, за суткі да галасаваньня. Пра навіны выбарчай кампаніі інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.


ВІЦЕБШЧЫНА

Чыноўнікі супраць таго, каб СМІ друкавалі дэклярацыі аб прыбытках

Сёньня грамадзкі актывіст зь Віцебшчыны Мікалай Петрушэнка заявіў “Свабодзе”, што мясцовыя чыноўнікі, якія зарэгістраваныя кандыдатамі, выступаюць супраць таго, каб у друк траплялі зьвесткі з дэклярацыі аб прыбытках. Вось што кажа Мікалай Петрушэнка пра сытуацыю на Воласаўскім выбарчым участку Талачынскага раёну:

“Патрэбна гэта зрабіць праз раённую газэту. Галосна. А мой канкурэнт пярэчыць, крычыць, што не. Маўляў, гэта маё прыватнае жыцьцё, у яго нельга лезьці. Бачыце, ён нават ня ведае, што паводле заканадаўства ўсе кандыдаты ў дэпутаты абавязаныя ня толькі запоўніць фінансавую дэклярацыю, але і зьвесткі яе нельга ўтойваць ад выбаршчыкаў. Аднак камісія аднагалосна прымае рашэньне надрукаваць зьвесткі аб прыбытках на некалькіх абвестках і разьмясьціць іх на стэндах выбарчых участкаў…”

Нагадаю, што Мікалай Петрушэнка і яго жонка Галіна зарэгістраваныя кандыдатамі ў пасялковы, раённы і абласны Саветы.



ГОМЕЛЬШЧЫНА

Франак Вячорка патрабуе адпачынку на агітацыйную кампанію

Мазырская раённая камісія зарэгістравала салдата-апазыцыянэра Франка Вячорку кандыдатам у дэпутаты райсавету па 25-й Станцыйнай акрузе. На тэрыторыі акругі знаходзіцца й вайсковая частка 48694, дзе служыць Франак.

Як апавёў кіраўнік ініцыятыўнай групы палітсалдата Ўладзімер Целяпун з Мазыра, камандаваньне вайсковай часткі з гвалтам і толькі пад аховай прапаршчыка адпусьціла Франка на паседжаньне раённай выбарчай камісіі.

Нейкіх асаблівых прэтэнзіяў да сабраных подпісаў за вылучэньне салдата кандыдатам у дэпутаты Мазырскага райсавету ў камісіі не было, і Франка зарэгістравалі. Не дазволілі толькі сфатаграфаваць гэтую падзею.

Уладзімер Целяпун мяркуе, што весьці агітацыю й перамагаць на выбарах салдату будзе няпроста:

“Калі б былі выбары, то, магчыма, выйграць можна было б. А так, калі выбараў няма, а ёсьць выбарчая кампанія, то гэта складана. Палітжаўнер Франак Вячорка абмежаваны вайсковым статутам і загадамі камандзіраў. Цяжка ў такіх варунках праводзіць паўнавартасную кампанію й выйграць”.

“Гэта тэст для ўладаў на выкананьне імі законаў”

Спадар Вячорка нядаўна толькі вярнуўся на службу ў Мазыр зь Менску, дзе ў вайсковым мэдычным цэнтры праходзіў дасьледаваньне. Канчатковага мэдычнага заключэньня пра непрыдатнасьць салдата-апазыцыянэра да службы пакуль няма. Каб весьці сапраўдную агітацыйную кампанію, салдату патрэбны адпачынак. Пра гэта кажа й бацька Франка, вядомы беларускі палітык Вінцук Вячорка:

“Паводле заканадаўства ён мае права на месячны адпачынак. І гэта будзе тэст для ўладаў на выкананьне імі законаў. Па-другое, калі яго не адпусьцяць, тады ён кожны дзень будзе бамбіць камандаваньне рапартамі з патрабаваньнем даць яму наведаць, скажам, выбарчую камісію, выбарцаў, зладзіць пікет, узяць сродкі на выраб улётак, вырабіць гэтыя ўлёткі й г. д.

Калі яны будуць абмяжоўваць яго ў гэтых правах — ну што ж, атрымаем яшчэ адзін адпаведны радок у нацыянальных і міжнародных экспэртызах пра дэмакратычнасьць выбарчага працэсу”.



МАГІЛЁЎШЧЫНА

“За 50 тысяч рублёў бігборд ня створыш”

На Магілёўшчыне агітацыйная кампанія бальшыні апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты пачнецца толькі на наступным тыдні.

У Магілёве сямёра кандыдатаў у дэпутаты ад незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу да агітацыйнай кампаніі падрыхтаваныя, заяўляе кіраўнік выбарчага штабу Юры Стукалаў.

“Ад дзьвярэй да дзьвярэй — гэта асноўны мэтад нашай кампаніі. На пяцьдзясят тысяч я бігборд у цэнтры гораду з тым, што хачу, не павешу.


Мітынгі ў цэнтры нельга праводзіць. Надрукаваць неабходную колькасьць улётак будзе вялікая праблема ўва ўсіх. На гэтыя грошы ўлётак можна надрукаваць толькі прыкладна каля дзьвюх тысяч”, — прызнае Юры Стукалаў.




Кандыдат скардзіцца на адсутнасьць інфармацыі пра выбары

Кандыдат у дэпутаты аблсавету, актывіст незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” з Бабруйску Вячаслаў Шэлег зьбірацца схіляць выбарцаў на свой бок, ходзячы гэтаксама ад выбарца да выбарца. Найбольш яго непакоіць адсутнасьць інфармацыі пра выбары:

“У Бабруйску я бачу толькі тры ўлёткі пра тое, што выбары праходзяць. Працэнтаў семдзесят выбарцаў пра выбары наагул нічога ня ведаюць. Калі ты надрукуеш паўтары тысячы ўлётак гэтых — а выбарцаў патэнцыйных каля пяці тысяч, нават болей”.

Як кажа спадар Шэлег, камісіі ня ведаюць, калі будуць гатовыя аплаціць друкаваньне агітацыйных матэрыялаў.

Як даехаць кандыдату ў аддаленую вёску?

Кандыдатка ў дэпутаты аблсавету, вылучэнка Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” Зінаіда Мілешчанка спадзяецца, што ёй дапаможа ў агітацыі яе вядомасьць. Яна ўжо была дэпутаткай Круглянскага райсавету. Даць рады асноўнай праблеме, спадзяецца актывістка, зможа кіраўніцтва партыі:

“Раён у нас вялікі, а ў мяне няма свайго транспарту. Я хацела б, каб мне выдзелілі транспарт, каб я магла аб’ехаць хаця б цэнтральныя вёскі і павывешваць свае плякаты. Наўрад ці мне тут у раёне дадуць такі транспарт”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

На кандыдатаў ціснуць праз сваякоў

Ідэоляг прадпрыемства “Мастоўдрэў” дабіваецца ад супрацоўніцы, каб ейная дачка зьняла сваю кандыдатуру на выбарах.

Спадарыня Наталя ў выбарах удзельнічае ўпершыню, прычым балятуецца не ад дзяржаўнай структуры, а ад дэмакратычнай моладзевай ініцыятывы “Новае пакаленьне”.

Зараз яна ў дэкрэтным адпачынку, а да гэтага працавала на прадпрыемстве “Мастоўдрэў”. Дагэтуль там працуе яе маці, і вось ужо некалькі дзён запар ідэоляг прадпрыемства выклікае маці і дамагаецца, каб дачка зьняла сваю кандыдатуру.

Кажа спадарыня Наталя:

“На працы яе выклікаюць у кабінэт і пачынаюць гаварыць: навошта ваша дачка балятуецца ад БНФ, яна сапсуе сабе рэпутацыю і г.д. Прычым выклікалі некалькі разоў, і ўчора мама выходзіць адтуль са сьлязьмі”.

Спадарыня Наталя наагул дзівіцца паводзінам мясцовага ідэоляга, бо жыве асобна ад маці і мае сваю сям’ю.

Зьміцер Кухлей
, які таксама вылучаецца ад “Новага пакаленьня”, кажа: на спадарыню Наталю пачалі ціснуць таму, што яна балятуецца першы раз.

Кухлей: “Проста на астатніх націснуць немагчыма, бо людзі ўжо дасьведчаныя. А яна ў нас чалавек новы, вось яны даведаліся — і думаюць, што на яе можна націснуць і яна адыдзе”.

Зьміцер Кухлей кажа, што ад іхнай ініцыятывы з 8 прэтэндэнтаў зарэгістравалі 6 кандыдатаў — 4 у раённы Савет і 2 ў сельскі.

Нагадаю, што ў Сьвіслачы і Бераставіцы зарэгістравалі па адным кандыдаце ад БСДГ у раённы і абласны саветы.

У Астраўцы з чатырох сябраў АГП ніводнага не зарэгістравалі кандыдатам у раённы савет. Прычына, маўляў, у тым, што знойдзены недакладнасьці ў подпісах выбаршчыкаў.

Аднак астравецкіх актывістаў АГП Івана Крука і Мікалая Уласевіча зарэгістравалі кандыдатамі ў абласны савет.

У Слоніме з 13 апазыцыйных прэтэндэнтаў кандыдатамі ў раённы савет сталі толькі 6. Адмовілі 4 сябрам БНФ, 2 з БХД і аднаму з партыі “Справядлівы сьвет”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG