Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ вітала б запрашэньне сваіх назіральнікаў на выбары ў Беларусі


Бюро правоў чалавека АБСЭ не плянуе назіраць за мясцовымі выбарамі ў Беларусі. Пра гэта паведаміў генэральны сакратар АБСЭ Марк Пэрэн дэ Брышамба ў інтэрвію Першаму нацыянальнаму тэлеканалу беларускага тэлебачаньня.


Як падае “Интерфакс-Запад”, Брышамба сказаў, што Бюро звычайна не накіроўвае сваіх назіральнікаў на мясцовыя выбары. Але выключэньнем стане Грузія, на мясцовыя выбары ў якой назіральнікі Бюро прыедуць па спэцыяльным запрашэньні ад гэтай дзяржавы.

У той жа час, дадаў ён, "я думаю, што мае калегі з Варшавы будуць толькі вітаць запрашэньне прыехаць сюды (у Беларусь) на мясцовыя выбары, калі такое запрашэньне паступіць".

Наконт працы Офісу АБСЭ ў Менску, Брышамба сказаў, што задаволены ёю, "гэтак жа, як задаволены людзьмі і ўладамі". "Наяўнасьць Офіса ў краіне-удзельніцы – гэта знак салідарнасьці, супрацоўніцтва і мост у дасягненьні нашых агульных мэтаў, якія павінны быць узгодненыя разам".

Адказваючы на пытаньне аб адносінах АБСЭ да стварэньня Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы, Брышамба сказаў:

"АБСЭ вітае і лічыць вельмі пазытыўным ўсё, што спрыяе разьвіцьцю рэгіянальнага супрацоўніцтва, што стварае пазытыўную дынаміку безбар'ернасьці, адкрытых межаў, а таксама дапамагае разьвіцьцю эканамічных адносін і пашырае магчымасьці ў сацыяльнай сфэры ". "Я веру, што ў Мытнага саюза вялікія пэрспэктывы, - дадаў ён. - Дамагчыся гэтага можна праз пашырэньне супрацоўніцтва зь іншымі эканамічнымі партнэрамі, а таксама праз удзел у СГА".
XS
SM
MD
LG