Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Асноўны вораг рэжыму — просты беларускі народ”


Візыт кіраўніка Беларусі ў Вэнэсуэлу, судовы працэс над ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Аляксандар Лукашэнка распачаў візыт у Бразылію. Туды ён выправіўся з Вэнэсуэлы, дзе было падпісана больш за 20 пагадненьняў у справе міждзяржаўнага супрацоўніцтва, у тым ліку пра пастаўкі вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь. Камэнтары слухачоў “Свабоды”:

Cпадарыня: “Палітычная карта сьвету паказвае тую агромністую адлегласьць паміж Вэнэсуэлай і Беларусьсю — агромністы Ціхі акіян, шматлікія водныя артэрыі паўднёва-заходняй Эўропы, каб патрапіць у порт Адэсы ў Чорным моры. У колькі ж абыдзецца ўвесь гэты водны транзыт? А колькі будзе затрачана сродкаў экіпажу танкера, а колькі зьесьць рухавік танкера паліва? Потым перазагрузка не зусім добрай якасьці нафты, цыстэрны, наземны транзыт па Ўкраіне. У што ўсё гэта абыдзецца, хто-небудзь лічыў? А перапрацоўка гэтай, можна сказаць, кепскай нафты патрабуе дадатковага абсталяваньня. Гэта натуральны эканамічны маразм”.

Іванавіч, Менск: “У абавязкі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь не ўваходзіць вызначаць, дзе мая радзіма: у Вэнэсуэле ці ў Лібіі. І надта позна мы дазнаемся, што ў нашага прэзыдэнта ёсьць браты, прэзыдэнт Лібіі Муамар Кадафі і Уга Чавэс. Не зьдзіўлюся, калі ў яго зьявіцца яшчэ адзін брат, гэта будзе кароль Саудаўскай Арабіі”.

Спадарыня, Менск: “Тое, што мы паехалі скараць Паўднёвую Амэрыку, у прыватнасьці Бразылію і Каракас, — для нас усё ж гэта далёкая пэрспэктыва. Трэба наладжваць больш цесны кантакт з найбліжэйшымі нашымі суседзямі. Мы ж усё-ткі знаходзімся ў цэнтры Эўропы і мяжуем зь Літвой, Латвіяй, Украінай, Расеяй”.

У працяг тэмы — пытаньне слухача:

Аляксандар, Менск: “Я хачу задаць пытаньне. Вось тая нафта, якую Расея пастаўляе нам, беларусам, для ўнутраных патрэбаў: які яе рыначны кошт і які кошт мыта? І на які тэрмін існуе гэтая дамова?”

На пытаньне адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Кошт — дзесьці ад 400 да 500 даляраў за тону, а мыта — прыкладна 265—270 даляраў за тону. Што тычыцца тэрмінаў, то гэта на багата гадоў наперад”.

Ад 16 сакавіка доўжыцца суд над ваўкавыскім прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам, якога разам зь яшчэ трыма асобамі вінавацяць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Андрусь, Асіповічы: “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт суду над Аўтуховічам, якога судзяць за тое, што ён нібыта сказаў, што сваю ўласную маёмасьць будзе абараняць са зброяй у руках. І чынавенства адразу ўбачыла пагрозу. Але некалькі год таму Лукашэнка, адказваючы на пытаньні Папцова на ТВЦ, сказаў, што ўладу ён будзе абараняць са зброяй у руках. Нават не маёмасьць, не сям’ю, як у выпадку з Аўтуховічам, а ўладу. Але ўлада не зьяўляецца прыватнай маёмасьцю. Ці Лукашэнка яе ўжо прыватызаваў? Што на гэты конт мяркуюць слухачы “Свабоды”?”

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадарыня: “Я хачу сказаць цётачцы, якая 16 гадоў галадуе, жыве ў галечы ў Беларусі, але чуецца па голасе, што яна здаровая, крэпкая. Ці Ціне, якой дрэнна жывецца, ці дзядзьку, што транспартам займаўся, тут так кепска. У мяне ёсьць прапанова: зьбярыцеся вы ды зьяжджайце адсюль. Мы будзем так рады папляскаць вам у далонькі ўсьлед, нават памолімся за вас. І не замінайце вы нам, беларусам, жыць спакойна”.

Спадарыня: “Прачытала артыкул Сьвятланы Калінкінай “Зграя”. Дзетачка, хачу вам запярэчыць толькі ў адным, пра што ведаю з уласнага досьведу: крылатыя словы ўжо памерлага дыктатара “Сябрам усё, ворагам закон” да нашай краіны не прыдатныя. Бо ў нас не прытрымліваюцца аніякіх законаў, якімі б дрэннымі яны ні былі. І таму да вас, як на працу, прыходзяць грамадзяне са сваімі бедамі. У краіне ня дзейнічаюць законы, у тым ліку і Канстытуцыя. Яны пісаныя для каго заўгодна, толькі не для нас. Асноўны вораг рэжыму — просты беларускі народ, які яго і ўтрымлівае, але для яго закон не пісаны”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG