Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Званках на Свабоду” былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адказвае на пытаньне, на колькі сёлета панізіцца абменны курс беларускага рубля. Аўтары тэлефанаваньняў таксама камэнтуюць мясцовыя выбары, гавораць пра праблемы беларускага хакею і выказваюцца наконт чыноўніцкіх намераў разьвіваць гульнявы бізнэс у Беларусі.


18 сакавіка ў Менску праходзіць справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя Беларускай фэдэрацыі хакею. Удзельнікі сходу плянуюць абраць новага старшыню фэдэрацыі замест былога міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава. На канфэрэнцыі будзе вырашацца і лёс галоўнага трэнэра зборнай Беларусі Міхаіла Захарава.

Спадар: “Наконт фэдэрацыі хакею і наагул спорту — проста сорам. Па ўсім сьвеце спартовыя фэдэрацыі ўзначальваюць самыя выдатныя спартсмэны ў гэтым відзе спорту. У нас жа — выпадковыя людзі: міліцыянты, кадэбэшнікі, прэзыдэнты і г.д. Спартсмэны, якія невядома як трапілі ў вышэйшую ўладу, не разумеюць і ня ведаюць па сваёй спэцыяльнасьці нічога, ня кажучы ўжо пра спорт. Сьмешна і сорамна за гэтых людзей. Дзякуй”.

Да 25 сакавіка адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты на выбарах у мясцовыя саветы. Развагі нашага слухача пра выбарчую кампанію.

Анастас Семяновіч: “Шаноўныя гаспадары апазыцыйных партый, да якой пары вы будзеце гуляць па законах лукашыстаў? Вы добра ведаеце, што ў нас ніякіх выбараў няма і ня будзе да той пары, пакуль каля ўлады Лукашэнка. Выйсьце з гэтай сытуацыі толькі адно: зьняць свае кандыдатуры пасьля агітацыі людзей і казаць ім, чаму зьнялі свае кандыдатуры. Гэты байкот будзе мець вынік: Эўропа і Амэрыка будуць бачыць, што з дадзеным кіраўніцтвам трэба весьці іншую гульню. Эканоміка Беларусі да канца году апынецца каля разьбітага карыта, а для гэтага трэба грошы, якія яму не дадуць. Жыве родная Беларусь”.

Наш слухач цікавіцца:

Аляксандар, Менск: “Я хачу задаць пытаньне ў дачыненьні да фінансаў: што ж чакае ў бліжэйшай будучыні беларускі рубель? Вы паглядзіце, якая дэвальвацыя. Таму што народ, і я ў тым ліку, ужо ня верыць ні Пракаповічу, ні ўладзе. Хай, можа, Багданкевіч ці нехта іншы адкажа, што далей будзе, да якой ступені абваліцца “зайчык”? Дзякуй”.

Адказвае былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч:

Станіслаў Багданкевіч
“Гэта тэндэнцыя, якая адлюстроўвае крызісны стан нашай эканомікі. Абясцэньваньне ідзе ўвесь час. Яно адбываецца ў выглядзе падзеньня абменнага курсу да даляра, эўра і расейскага рубля. Яно таксама адбываецца ў выглядзе росту цэнаў. Летась рубель абваліўся дзесьці на 30%. Сёлета курс не абваліцца глябальна. Я думаю, што абвал будзе недзе 10%. Але ня больш за гэта. Бо ёсьць рэзэрвы Нацыянальнага банку, ёсьць нявыкарыстаныя крэдыты МВФ і Ўсясьветнага банку, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, крэдыты Расеі. Акрамя таго, пры дапамозе грошай ад прыватызацыі краіна можа працягнуць сваё бязьбеднае існаваньне яшчэ сама меней год”.

8 сакавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў справе разьвіцьця гульнявога бізнэсу. Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі ня варта забараняць гульнявы бізнэс, а трэба ўзмацніць дзяржкантроль за ім. Улады спадзяюцца, што гэты бізнэс можа стаць дадатковай крыніцай прыбыткаў у бюджэт краіны.

Наш слухач дзеліцца сваімі развагамі з гэтай нагоды:

Спадар Міхал Бяроза: “Ня так даўно галоўны начальнік краіны расьпякаў сваіх падначаленых, што ў Беларусь дрэнна паступаюць замежныя інвэстыцыі. Мудры правадыр хутка выйсьце знайшоў. Замест стварэньня адпаведнага заканадаўства, спрыяльнага для ўкладаў замежнага капіталу ў эканоміку, вырашылі легалізаваць у Беларусі гульнявы бізнэс. Бацька спадзяецца гульнёвых махляроў з Расеі і Украіны паставіць пад жорсткі кантроль, прымусіць іх працаваць на карысьць худога беларускага бюджэту. Звонкая слава пойдзе аб тым ягняці, якое зможа ваўка ад спакусы ўтрымаці”.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG