Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва адзначае 20-ыя ўгодкі аднаўленьня незалежнасьці


У Літве пачаліся ўрачыстасьці з нагоды 20-ыя ўгодкі аднаўленьня незалежнасьці. Некалькі тысяч чалавек узялі ўдзел ва ўрачыстым шэсьці ў Вільні. У шэсьці ўзялі ўдзел вайскоўцы, якія несьлі сьцягі трох балтыйскіх краін.


Паветраныя сілы NATO павіншавалі Літву адмысловым сьвяточным палётам. Літву таксама павіншавалі кіраўнікі ЗША і Эўразьвязу, іншых краін. Упершыню са сьвятам аднаўленьня незалежнасьці Літву павіншавалі Расея і Беларусь.

Імпрэзы пачаліся з ранішняга ўрачыстага паседжаньня ў Сойме ў той самай залі, дзе ў нядзелю 11 сакавіка 1990 г. дэпутаты Вышэйшай Рады Літоўскай ССР на чале з новаабраным тады старшынём Вітаўтасам Ландсбергісам прагаласавалі за «Акт аб аднаўленьні незалежнасьці».

Сігнатары — падпісанты «Акту» сёньня сядзелі на тых самых месцах, дзе сядзелі 20 гадоў таму. Тады 124 дэпутаты тады прагаласавалі «за» тое, каб Літва стала першай савецкай рэспублікай, якая выйдзе са складу СССР, 6 устрымаліся, «супраць» не было ніводнага голасу.

На ўрачыстасьці ў Сойме Вітаўтас Ландсбергіс прыгадваў у часе свайго выступу: «Мы тут засядалі ўначы і назіралі, як да Вільні набліжаецца калёна танкаў і бранявікоў. Чым усё закончыцца для нас і для ўсёй Літвы. Доўга за гэтым назіраў і сьвет — які ж будзе лёс тых летуценьнікаў, якія ўпарта працавалі, каб аднавіць сваю дзяржаву...»

У літоўскім парлямэнце выступалі таксама госьці з парлямэнцкіх ды ўрадавых дэлегацыяў ЗША і краінаў Эўропы, а таксама прэзыдэнты пяці краінаў. Лех Качыньскі, прэзыдэнт Польшчы, назваў «Акт 11 сакавіка» крокам асаблівай сьмеласьці:

«20 гадоў таму тут адбылося нешта незвычайнае, што мы не маглі нават уявіць такое ў Польшчы. Гэты Акт аб аднаўленьні незалежнасьці ў Польшчы трактаваўся як акт асаблівай сьмеласьці і перамогі».

Віншаваньне ад прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, у якім ён назваў аднаўленьне незалежнасьці Літвы маяком надзеі для народаў сьвету, якія імкнуцца да свабоды, прачытала намесьніца Дзяржсакратара ЗША. Віншаваньні Літве даслалі таксама кіраўнікі Эўракамісіі і Эўразьвязу, Францыі, Нямеччыны і Расеі. У віншаваньні Мядзьведзева зроблены акцэнт на разьвіцьцё добрасуседскіх і канструктыўных дачыненьняў дзьвюх краін. Прэзыдэнт Беларусі, якому кіраўніца Літвы даслала пэрсанальнае запрашэньне на сьвята, асабіста не прыехаў, але даслаў віншавальны ліст.

Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце ў часе свайго выступу нагадала пра адчуваньне шчасьця, еднасьці, сьмеласьці, якія даў «Акт 11 сакавіка», а таксама падкрэсьліла значнасьць ролі кожнага ў змаганьні за свабоду:

«Мы адчувалі подых свабоды, былі ўпэўненыя ў сваіх сілах і адзін у адным... Аддадзеная ў Блякадны фонд бабуліна брошка, уступленьне ў шэрагі валанцёраў, гатовасьць ад самага пачатку ствараць важнейшыя літоўскія інстытуцыі, усё было значна і істотна».

Апоўдні на плошчы Незалежнасьці Літвы былі ўрачыста ўзьнятыя сьцягі трох балтыйскіх краінаў. Некалькі тысяч чалавек узялі ўдзел у шэсьці па праспэкце Гедыміна, у той жа час на Туравай гары пачалася альтэрнатыўная дзяржаўным мерапрыемствам урачыстая імпрэза з нагоды сьвята, якую арганізаваў Аб'яднаны дэмакратычны рух Літвы.

«Дэмакратыі — так, алігархіі і дыктатуры — не!», – пад такім лёзунгам праходзіў мітынг на Туравай гары. Кіраўнік Аб'яднанага дэмакратычнага руху Літвы Кястуціс Чылінскас сказаў, што гэтае сьвяткаваньне ладзіць грамадзтва, а не ўлада, каб паказаць, што без дапамогі ўлады можна наладзіць імпрэзу дзе адчуецца сапраўдны дух свабоды.

«Мы зьбіраемся, каб паказаць, што мы неабыякавыя да таго, што адбываецца цяпер у краіне, каб разам пасьвяткаваць і сказаць гучна аб тым, што яшчэ шмат што павінна быць зроблена. Таму і будзе прынятая адпаведная рэзалюцыя», – сказаў Чылінскас.

Імпрэзы праходзяць па ўсёй Літве, пачаліся адкрытыя канцэрты. А ў Вільні сёньня ўвесь дзень, да шостай гадзіны вечара, Сойм адкрыты для ўсіх наведнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG