Лінкі ўнівэрсальнага доступу

20 гадоў таму Літва першая заявіла аб сваім выхадзе са складу СССР


Літва адзначае 20-годзьдзе аднаўленьня незалежнасьці. 11 сакавіка 1990г. позна ўвечары тагачасны новаабраны старшыня Вышэйшай Рады Літоўскай ССР Вітаўтас Ландсбергіс абвясьціў вынікі пайменнага галасаваньня за акт «Аб аднаўленьні Незалежнай Літоўскай Дзяржавы». Ніводзін з дэпутатаў не прагаласаваў «супраць».


Літва і, найперш, Вільня, рыхтуецца да ўрачыстасьцяў, але сёлета ў Літве заўважаюць, што бракуе плякатаў, упрыгожваньняў да Дня незалежнасьці — арганізатары вінавацяць крызіс. З-за ашчаднасьці прэзыдэнт таксама прыняла рашэньне аб больш сьціплай узнагародзе падпісантам Акта аб аднаўленьня незалежнасьці, чым плянавалася раней.

«Гэта сапраўды вельмі важная для дата, і, хаця нашая дзяржава сёньня перажывае не найлепшыя часы, і шмат людзей знаходзяцца ў складанай сытуацыі, гэтае сьвята для нас і радаснае, і пачэснае. Мы віншуем адзін аднаго і сьвяткуем разам з маладзейшым пакаленьнем, тлумачым ім, якое значнае гэта сьвята для нашай краіны і ўсіх, хто жыве ў Літве», – сказаў у інтэрвію напярэдадні сьвята эўрапарлямантар Зігмантас Бальчыціс.

Як будуць сьвяткаваць

Бліжэйшыя чатыры дні ў Літве будуць выходнымі. Сёньня раніцай ад 10-й гадзіны людзі пачнуць зьбірацца ля Катэдральнага сабору для ўрачыстага шэсьця, у Сойме будзе дзень адкрытых дзьвярэй, плянуюцца адкрытыя канцэрты, фэсты і пачастункі, праспэкт Гедыміна ўпрыгожылі вітражы, зробленыя рукамі віленскіх вучняў. Аб'яднаны дэмакратыны рух Літвы ладзіць урачыстасьць на Туравай гары, урачыстую праграму падрыхтаваў рух Саюдзіс.

Адзін зь вядомых літоўскіх навукоўцаў, прафэсар унівэрсытэта Вітаўта Вялікага Браніславас Гінзяліс адзначыў, што шматлікія крытычныя водгукі, якія можна пачуць ад жыхароў Літвы адносна палітычна-эканамічнай сытуацыі ў краіне сьведчаць, што самы галоўны здабытак аднаўленьня незалежнасьці Літва атрымала:

«Гэта даказвае, што мы — сабодныя, і свабоду гэтую трэба цаніць. Дзяржаву стварае ніхто іншы, як мы самі. Дзяржава — гэта мы ўсе, ну, а ўрад — такі, які мы абралі. Сёньня мы шмат крытыкуем наш урад, і абгрунтавана, але дзяржава, сувэрэнітэт — гэта зусім іншае. І тое, што мы маем дастаткова дэмакратычную краіну, што кожны можа бяз страху казаць, што жадае, гэта сьведчыць пра нашыя дасягненьні ў дэмакратыі, свабодзе і незалежнасьці».

Каго запрасілі, і хто прыедзе

На урачыстасьці запрошаныя кіраўнікі дзяржаваў і ўрадавыя дэлегацыі. У Вільні чакаюцца 5 прэзыдэнтаў — суседніх Польшчы, Латвіі, Эстоніі, а таксама Фінляндыі і Славеніі ды ўрадавыя дэлегацыі некалькіх краін, у іх ліку і Беларусі, і Расеі. Прэзыдэнты Расеі і Беларусі ў Вільню сёньня ня прыедуць, але Лукашэнка і Мядзьведзеў даслалі ў Літву віншавальныя лісты і запрасілі прэзыдэнта Літвы наведаць абедзьве гэтыя краіны ў любы зручны для яе час.

У Літве рыхтаваліся да сустрэчы прэзыдэнта Беларусі, і першы кіраўнік адноўленай незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс, які раней рэзка крытыкаваў афіцыйны Менск за парушэньні дэмакратычных нормаў, падтрымаў гэтае запрашэньне і станоўча адзначыў спробы Лукашэнкі не адрываць сваю краіну ад эўрапейскіх каранёў. Адказ на пэрсанальнае запрашэньне прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце ад Аляксандра Лукашэнкі прыйшоў толькі напярэдадні сьвята. У сьвяце 11 сакавіка возьмуць удзел віцэ-прэм’ер Беларусі Віктар Бура, які ўзначаліць беларускую афіцыйную дэлегацыю, і старшыня расейскай міжурадавай камісіі.

Паводле прэзыдэнта Літвы, вельмі важны ўжо сам факт афіцыйнага віншаваньня зь Днём аднаўленьня незалежнасьці Літвы з боку Менску і Масквы, чаго Вільня «дачакалася ўпершыню за апошнія гады».

Віншаваньні да 20-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці жыхарам Літвы даслаў прэзыдэнт ЗША Барак Абама. У віншавальным пасланьні Абама заявіў, што падзеі 11 сакавіка былі вызначальнымі для вяртаньня дэмакратычных каштоўнасьцяў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе.«Аднаўленьне незалежнасьці Літвы 20 гадоў таму сталася маяком надзеі для народаў сьвету, якія імкнуліся да свабоды», – адзначыў прэзыдэнт ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG