Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грыбаўскайце павіншавала са сьвятам беларускіх літоўцаў


Даля Грыбаўскайце

Даля Грыбаўскайце

Напярэдадні 11 сакавіка – Дня аднаўленьня незалежнасьці Літвы прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце прыняла прадстаўнікоў Гервяцкай суполкі беларускіх літоўцаў.

Яна падкрэсьліла, што “20-я ўгодкі аднаўленьня незалежнасьці зьяўляюцца вялікім сьвятам ня толькі для Літвы, але і для літоўцаў, якія жывуць у іншых краінах, усіх тых, хто лічыць Літву сваёй радзімай”.

У сваю чаргу, беларускія літоўцы заявілі , што хочуць "як мага хутчэй", каб Літва і Беларусь падпісалі дамову адносна бязьвізавых паездак для жыхароў абедзьвюх краін, якія пражываюць у межах 50-ці кілямэтровай памежнай зоны.

Грыбаўскайце паабяцала падтрымаць гэтую прапанову, у якой зацікаўленыя тысячы жыхароў памежнай зоны, і паспрабаваць вырашыць пытаньне ў часе сустрэчы зь беларускім кіраўніцтвам, падаюць літоўскія СМІ.

Паводле літоўскіх крыніцаў у дыпляматычных колах, чакалася, што падобнае пагадненьне Вільня і Менск заключаць летась у верасьні падчас візыту ў Літву беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі. Аднак беларускі бок потым нібыта папрасіў адкласьці падпісаньне дакумэнту, каб удакладніць некаторыя пытаньні.

10 сакавіка на ўрачыстасьці ў Вільню пачынаюць прыбываць высокія замежныя дэлегацыі.

У распаўсюджаным напярэдадні прэсавай службай прэзыдэнта Літвы сьпісе гасьцей прозьвішча беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі адсутнічае. Паводле літоўскіх дыпляматаў, афіцыйная Вільня ўсё яшчэ чакае адказу Лукашэнкі на пэрсанальнае запрашэньне Далі Грыбаўскайце.

Сярод тых, хто возьме ўдзел у мерапрыемствах – прэзыдэнт Латвіі Валдзіс Затлерс, Эстоніі - Тоомас Хендрык Ільвэс, Польшчы – Лех Качыньскі, Фінляндыі – Тар’я Каарын Халанэн, Славеніі - Даніла Цюрк.

Таксама на ўрачыстасьцях сярод афіцыйных асобаў чакаюць намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША Памэлу Кванрад, міністра па эўрапейскіх справах Швэцыі Біргіту Ўлсан, кіраўніка МЗС Украіны Пятра Парашэнку, прадстаўнікоў парлямэнтаў Армэніі, Баўгарыі, Вугоршчыны, Вялікабрытаніі, Грузіі, ЗША, Ісьляндыі, Малдовы, Нарвэгіі, Малдовы, Польшчы, Фінляндыі, Чэхіі, Швэцыі.

Ад Расеі ў Вільню прыбудзе міністар транспарту Ігар Лявіцін.
XS
SM
MD
LG