Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя ў ЖЭСах: пракуратура зьвярнулася да міністра ЖКГ


Беларуская пракуратура патрабуе спыніць парушэньні антыкарупцыйнага заканадаўства ў галіне жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Генэральная пракуратура праверыла эфэктыўнасьць захадаў, якія былі зробленыя Міністэрствам жыльлёва-камунільнай гаспадаркі, каб прадухіліць злачынствы ў сфэры карупцыі.

У 2009 годзе ў сфэры ЖКГ Беларусі было зарэгістравана 87 карупцыйных злачынстваў. Большасьць зь іх — крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, службовыя падлогі і хабарніцтва. 14 злачынстваў зьвязаныя са злоўжываньнямі службовымі паўнамоцтвамі.

Распаўсюджаны выпадкі, калі бугальтэрыі налічваюць заробкі на карт-рахункі грамадзянам, якія на прадпрыемствах не працуюць і такім чынам прысвойваюць сабе гэтыя грошы.

Толькі ва Ўпраўленьні дарожна-маставога будаўніцтва і добраўпарадкаваньня Менгарвыканкаму сума склала 143 мільёны рублёў.

Дырэктар і бугальтар менскага ЖЭС № 44 за год скралі больш за 20 тысяч даляраў бюджэтных грошай, прыпісваючы сабе завышаны заробак.

Бугальтарка ў Віцебску такім чынам скрала 56 мільёнаў рублёў.

Распаўсюджаныя выпадкі хабарніцтва за спрыяльнае рашэньне пытаньня ў распрацоўцы праектнай дакумэнтацыі.

Паводле пракуратуры, асноўнай прычынай крадзяжоў зьяўляецца адсутнасьць кантролю, што дае магчымасьць для злоўжываньня свамі паўнамоцтвамі.

Дагэтуль не распрацаваныя меры, якія б выключалі спосабы крадзяжу грашовых сродкаў шляхам неправамоцнага пералічэньня на карт-рахункі завышаных сум людзям, якія не працуюць у штаце. Злачыннасьці спрыяе таксама слабая праца кадравай службы.

Пракуратура зьвярнула ўвагу міністра на той факт, што супрацоўнікамі ЖКГ не выконваецца патрабаваньне заканадаўства «Аб дэкляраваньні фізычнымі асобамі даходаў, маёмасьці і крыніцаў грашовых сродкаў». Тыя ж дэклярацыі, якія прадстаўляюць кіраўнікі падначаленых раённых арганізацый, утрымліваюць недакладныя зьвесткі.

Часам іх сваякі таксама ўхіляюцца ад падачы дэклярацыі. У выніку пракуратура некалькіх кіраўнікоў у сыстэме ЖКГ прыцягнула да адміністрацыйнай адказнасьці.

Пракуратура накіравала прадстаўленьне міністру ЖКГ з прапановай прыняць адпаведныя захады для прадухіленьня карупцыі.
XS
SM
MD
LG