Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты ў пошуку спартовай карупцыянэркі


Служба барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Беларусі пацьвердзіла чарговы факт карупцыі ў беларускім спорце. У крадзяжы ў асабліва буйных памерах шляхам злоўжываньня службовым становішчам падазраецца экс-кіраўніца Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту Марыя Крышталь.

Як стала вядома інтэрнэт-выданьню «Беларускія навіны», крымінальная справа распачатая 1 сакавіка паводле артыкулу 210 ч. 4 Крымінальнага кодэксу, санкцыі па якім прадугледжваюць пакараньне ад 5 да 12 гадоў.

Паведамляецца, што да крымінальнай справы спрычыніліся падзеі трохгадовай даўнасьці, калі спадарыня Крышталь, якая на той момант сумяшчала пасады дырэктаркі цэнтру і галоўнага сакратара Беларускай фэдэрацыі плаваньня, у складзе дэлегацыі нацыянальнай зборнай Беларусі знаходзілася ў Аўстраліі на чэмпіянаце сьвету па водных відах спорту. Сьледзтва падазрае, што чыноўніца склала фальшывыя дакумэнты аб выдатках чальцоў дэлегацыі, атрымаўшы ад арганізатараў спаборніцтваў наяўнымі звыш 60 тысяч даляраў, якія ўрэшце «прысабечыла».

У Міністэрстве спорту і турызму заявілі, што Марыя Крышталь у іхняй сыстэме больш не працуе. Зь іншых крыніцаў журналістам стала вядома, што жанчына знаходзіцца па-за межамі краіны і супрацоўнічаць са сьледзтвам, відавочна, асаблівага намеру ня мае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG