Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ арыштаваў сьледчую па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятлану Байкову, якая расьсьледавала справу былога кіраўніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Анатоля Грамовіча ды іншых высокапастаўленых сілавікоў. У Беларусі кажуць пра новы віток барацьбы сілавых ведамстваў за лідэрства.


Абставіны арышту Сьвятланы Байковай невядомыя. У КДБ гэтую тэму не камэнтуюць, а ў пракуратуры краіны толькі прызнаюць сам факт арышту. Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч заявіў журналістам, што ў яго няма зьвестак пра “карысьлівыя маёмасныя дзеяньні” Байковай, але ня выключыў, што яна зрабіла нейкія “працэсуальныя парушэньні заканадаўства”.

Былы сьледчы Алег Воўчак на гэта кажа: “Калі былі працэсуальныя парушэньні, то чаму не дысцыплінарная адказнасьць? І чаму адразу арыштоўваць? Маглі б спачатку дапытаць, а ўжо потым рабіць такія захады. А ў нас усё наадварот”.

У сярэдзіне 1990-х гадоў праваабаронца Алег Воўчак працаваў са Сьвятланай Байковай у Менскай гарадзкой пракуратуры. Паводле Алега Воўчака, ужо тады яна мела вялікі досьвед у расьсьледаваньні цяжкіх злачынстваў. Алег Воўчак не зьдзіўляецца, што ў рэспубліканскай пракуратуры Сьвятлане Байковай пачалі даручаць таксама найскладанейшыя справы. У прыватнасьці, менавіта Байкова расьсьледавала справу аб зьнікненьні экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і выйшла на тое, што дачыненьне да гэтага зьнікненьня меў камандзір брыгады спэцназу МУС Зьміцер Паўлічэнка. Аднак празь нейкі час справу Захаранкі ў Байковай забралі. У канцы 2000-х гадоў Байкова вяла справы карупцыянэраў з КДБ, у тым ліку давяла да суду вядомую справу былога “чэкіста”, кіраўніка Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Анатоля Грамовіча, які арганізаваў злачынныя перавозкі тавараў бяз мыта празь мяжу ў Берасьці. Што магло стаць прычынай арышту ўжо самой Сьвятланы Байковай? Алег Воўчак:

Сьвятлана Байкова
“Мяркую, што Сьвятлана — магчыма, разам са сьледчымі з пракуратуры — раскапала пра КДБ шмат інфармацыі. Пра “крышаваньне”, пра мяжу, там шмат пытаньняў наконт правозу тавараў. Мяркуючы па апошніх дзеяньнях КДБ супроць іншых структур і супроць журналістаў, КДБ і тыя, хто кіруе камітэтам бясьпекі, хочуць стаць асноўнай фігурай і “асадзіць” пракуратуру”.

Алег Воўчак нагадаў, што летась Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога пэўныя праваахоўныя структуры могуць заводзіць крымінальныя справы аб карупцыі бяз санкцыі пракуратуры. Паводле праваабаронцы, гэта дазваляе паквітацца з тымі, хто недаспадобы, у тым ліку і з тымі, хто вёў справы супрацоўнікаў гэтых структураў.

Ці можа стацца, што Сьвятлану Байкову пасьля арышту і праверкі вызваляць, не выстаўляючы ёй абвінавачаньняў? Алег Воўчак мяркуе, што гэта можа адбыцца, калі за калегу заступяцца іншыя сьледчыя пракуратуры, якім таксама даводзілася весьці справы па карупцыі:

“Зараз сьледчыя мусяць выявіць салідарнасьць зь ёй і выказацца ў яе падтрымку. Аж да таго, каб дамагчыся прыёму ў Аляксандра Лукашэнкі”.

Паводле зьвестак, апошнім часам Сьвятлана Байкова скардзілася на немагчымасьць працаваць і выказвала жаданьне сысьці ў адстаўку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG