Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы працягваюць віншаваць Рыгора Барадуліна з 75-годзьдзем. Юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла адказвае, ці можна лічыць прадпрымальніка і сябра АГП Андрэя Бандарэнку крымінальнікам. Як вядома, Бандарэнку асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. У “Званках на Свабоду” слухачы таксама гавораць пра ўладу і свой дабрабыт.


Слухачы працягваюць віншаваць Рыгора Барадуліна з днём народзінаў. 24 лютага народны паэт Беларусі адзначыў сваё 75-годзьдзе.

Раіса Мікалаеўна: “Віншую шаноўнага Рыгора Іванавіча Барадуліна з 75-годзьдзем, зычу яму добрага здароўя і шмат год плённай працы на карысьць беларускага народу. На невялічкай імпрэзе пасьля напісаньня беларускай дыктоўкі мы чыталі і Рыгора Іванавіча. На жаль, нават у абласной бібліятэцы няма яго кніг апошняга дзесяцігодзьдзя. Няма іх, зразумела, і ў магілёўскіх кнігарнях. Ня чуюць і ня бачаць беларусы слыннага сына Беларусі ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Таму дзякуй “Свабодзе” за сустрэчу зь ім у эфіры”.

Яцкевіч: “Я павіншую Рыгора Іванавіча з днём народзінаў, пажадаю яму здароўя і больш такіх шчасьлівых і радасных дзён. Што хочацца сказаць? Прыемна, што ў нашай краіне ёсьць людзі такія, як Караткевіч, Гілевіч, Барадулін, Быкаў — гэта людзі з аднаго цеста. І ў духоўным жыцьці прыемна, што за імі можна ісьці далёка-далёка, праклалі яны гэтую дарожку сваім жыцьцём. За імі можна ў духоўным пляне ісьці і цягнуцца”.

23 лютага ў Менску да шасьці гадоў зьняволеньня з канфіскацыі маёмасьці суд прыгаварыў прадпрымальніка, чальца Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Бандарэнку. Яго прызналі вінаватым у махлярстве.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Вы перадавалі, што злачынца (прозьвішча забыў) атрымаў 6 год строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. А вы яго прадстаўляеце як па палітычных матывах. Тое, што сканфіскавалі маёмасьць — ужо злачынца. А вы абараняеце злачынцаў, таму і вы злачынцы. Таму мы будзем галасаваць, калі прэзыдэнт пойдзе на чацьверты тэрмін, за яго, бо ён садзіць гэтых свалачэй”.

Выказваньні слухача камэнтуе юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Гары Паганяйла:

“Чалавек ні палітычна, ні юрыдычна не пісьменны. Наслухаўся таго, што льецца з нашых дзяржаўных СМІ. Таму ён так успрымае жыцьцё і працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Справа Бандарэнкі неадназначная. Ці зьяўляецца ён злачынцам, казаць яшчэ зарана, бо вырак суду не пачаў дзейнічаць. Існуе прэзумпцыя невінаватасьці. Але мы ведам нашае правасудзьдзе і палітыку дзяржаўных чыноўнікаў, калі крымінальныя рэпрэсіі ўжываюцца, каб здушыць актыўнасьць грамадзянскіх і палітычных актывістаў. Эўрапейскай супольнасьцю і структурамі ААН прызнана, што ў Беларусі крымінальная юрысдыкцыя ўжываецца да палітычных актывістаў”.

Традыцыйна слухачы гавораць пра ўладу і свой дабрабыт:

Спадарыня: “Я хацела пагаварыць наконт той жанчыны, якая ўсё піша, чаму “Свабода” ня любіць прэзыдэнта. А я хацела ў яе спытаць, ці даўно яна ставіла сабе зубы і колькі яна заплаціла за тое, каб іх паставіць? І ці ведае яна, што яе заўжды падманваюць у так званы пэрыяд падвышэньня пэнсій? Ці бачыць яна, якія кошты — ужо вышэйшыя за сусьветныя? Вучоба платная, мэдыцына платная, а ідалы ў вобразе Леніна стаяць у кожным горадзе. Гэта маральная ганьба нашай улады. Што яна так змагаецца за звычайную любоў? Хай любіць сваіх дзяцей, свайго мужа, а да палітыкі ставіцца з розумам. Дык маё ёй пажаданьне: хай падумае, як яна цяпер жыве і як жывуць людзі яе асяродку: сяляне, працоўныя, інтэлігенцыя”.

Уладзімер, Полацак: “Ня трэба мець сем пядзяў лоб, каб зразумець, што наша цяперашняя ўлада на чале з Лукашэнкам жыве і дзейнічае па даўно ўжо вядомым прынцыпе: падзяляй і царствуй. Вось паглядзіце: спадар Лукашэнка ўхітрыўся нават камуністаў падзяліць на добрых і дрэнных, на сваіх і ворагаў. Па панятках Лукашэнкі, добрыя камуністы — гэта тыя, якія памяркоўна скачуць пад ягоную дудку, а кепскія — гэта тыя, хто асьмельваецца яму пярэчыць. Па гэтым жа прынцыпе Рыгоравіч ужо падзяліў саюзы мастакоў і пісьменьнікаў, а цяпер па ўсё тым жа прынцыпе — свой ці вораг — правадыр сартыруе і саюз палякаў. Вось і ўсё, што тут незразумела? І я ня вельмі зьдзіўлюся, калі неўзабаве наш правадыр пачне шукаць добрых і дрэнных і ў іншых партыях і арганізацыях — АГП, БНФ і г.д. Правадыр сьпяшаецца, бо ўжо не за гарамі прэзыдэнцкія выбары, таму яму патрэбна, каб усё было, як кажуць, зачышчана. Ня будзе правадыр зачышчаць толькі створаныя ім жа і пад сябе кішэнныя арганізацыі такога кшталту, як БРСМ, “Белая Русь” і падобныя”.

Шаноўныя слухачы!

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі.

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG