Лінкі ўнівэрсальнага доступу



У Празе, у Вальштэйнскім палацы, распачала працу міжнародная канфэрэнцыя “Злачынствы камунізму”, арганізаваная Інстытутам вывучэньня таталітарных рэжымах пры падтрымцы Сэнату Чэскай Рэспублікі. У яе працы бяруць удзел былыя дысыдэнты, палітвязьні, гісторыкі, дыпляматы, дэпутаты Эўрапарлямэнту.

Юры Лішка, віцэ-старшыня Сэнату Чэскай Рэспублікі, адзначыў, што сёньняшняя канфэрэнцыя – другая акцыя падобнага кшталту; першая адбылася два гады таму ў Празе і мела вынікам “Праскую дэклярацыю”, у якой былі асуджаны злачынствы камунізму. “Камунізм нічым ня лепшы за фашызм” – сказаў віцэ-сьпікер чэскага Сэнату.

Старшыня Грамадзянскай дэмакратычнай партыі Міраслаў Тапалянек заўважыў, што пры камунізьме панавала “скажоная дэмакратыя”: “Таталітарызму не было неабходнасьці адрынаць фармальныя прыкметы дэмакратыі. Напрыклад, існавала ўсеагульнае выбарчае права, і ўмоўна кажучы, галасаваць мог які-небудзь пудзель Артамон. Але гэта не было выбарамі”. Тапалянек падкрэсьліў, што адзіным ворагам камунізму была свабода, але кожнае пакаленьне павінна адстойваць свабоду.

Старшыня Канфэдэрацыі палітычных вязьняў Чэхіі Надзея Кавалерава заўважыла: нягледзячы на тое, што камунізм у краіне адышоў нябыт дваццаць гадоў таму, існуюць тыя, хто не жадае раскрыцьця праўды пра мінулае.

Кітайскі дысыдэнт Гары Ву правёў 19 гадоў у канцэнтрацыйных лягерах, якія вядомыя як “лаўгай” (паводле кітайскіх “лаў” – праца, “гай” – прамываньне мазгоў). Ягоная сям’я ў Кітаі была вынішчаная. Сам Ву пераехаў у ЗША, але некалькі разоў нелегальна прыяжджаў у Кітай, каб сабраць інфармацыю пра парушэньні правоў чалавека. У 1995 годзе ён быў схоплены і асуджаны на 15 гадоў турмы, але пад ціскам усясьветнай супольнасьці Пэкін быў вымушаны “дэпартаваць” яго ў ЗША. Ву гаворыць: “Я расказаў прэзыдэнту Бушу пра “лаўгай”, увечары ён нагадаў кітайскаму амбасадару ў Вашынгтоне пра парушэньні правоў чалавека, але пазьней разам са сваім бацькам, Бушам-старэйшым, паляцеў на Алімпіяду ў Пэкін”.

Першы кіраўнік незалежнай Літвы, дэпутат Эўрапарлямэнту Вітаўтас Ландзбергіс лічыць, што расейскае кіраўніцтва сьвядома скажае факты гісторыі, у тым ліку і адносна Пакту Молатава-Рыбэнтропа.

Удзельнікі канфэрэнцыі заслухалі тэкст дакладу Зянона Пазьняка “Беларусь, Украіна, Усходняя Эўропа – тэрыторыя генацыду”. “Небясьпека таталітарызму застаецца актуальнай, – перакананы Пазьняк. – Сьвет мусіць супольнымі сіламі супрацьстаяць гэтай небясьпецы. Грамадзтвы Усходняй Эўропы мусяць ачысьціцца ад мэтастазаў камунізму”.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG