Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
На леташнім Зьезьдзе беларусаў сьвету 2010 год быў абвешчаны Годам пісьменьніцы Ларысы Геніюш, чыё стагодзьдзе будзе адзначацца сёлета, 9 жніўня. Што варта зрабіць дзеля ўшанаваньня яе памяці дзяржаве і грамадзкасьці? — такая асноўная тэма гутаркі «за круглым сталом», у якой прынялі ўдзел паэтка Данута Бічэль, архэоляг і пісьменьнік Міхась Чарняўскі, гісторык літаратуры Анатоль Сідарэвіч і юрыст Ганна Бахціна. Вядучы перадачы — Міхась Скобла.

Міхась Скобла: «Спадарства, да гэтай пары ў нашай краіне адзначаўся Год роднай зямлі, Таварыства беларускай мовы дамагаецца ад уладаў абвяшчэньня Году роднай мовы. А тут Год канкрэтнай асобы — Ларысы Геніюш. У Беларусі няма адпаведнай практыкі — як такі год павінен праходзіць?»


Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч: «Ёсьць нават такая навуковая дысцыпліна — юбілеялёгія. Гісторыкі ХХ стагодзьдзя могуць напісаць, напрыклад, юбілеялёгію Янкі Купалы — як адзначаліся кожныя пяць гадоў гадавіны ці ад яго дня нараджэньня, ці яго творчай дзейнасьці. З гэтага матэрыялу можна зрабіць вельмі цікавыя высновы. З другога боку, хто памятае 125-годзьдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа ў 2007 годзе? Ніхто. Беларускія ўлады замаўчалі гэтую дату. Што датычыць Году Ларысы Геніюш, то работы тут — непачаты край. Варта ўсталяваць мэмарыяльныя шыльды на дамах у Празе і Зэльве, дзе жыла паэтка, надаць вуліцы Савецкай у Зэльве імя Ларысы Геніюш, зрабіць прысьвечаную ёй перасоўную выставу і паказаць яе па ўсёй Беларусі. Варта зладзіць навуковую канфэрэнцыю, літаратурныя вечарыны. Трэба, каб цягам году сродкі масавай інфармацыі, прынамсі, дэмакратычныя, пастаянна нагадвалі аб гэтым, каб імя Ларысы
Варта ўсталяваць мэмарыяльныя шыльды на дамах у Празе і Зэльве, дзе жыла паэтка, надаць вуліцы Савецкай у Зэльве імя Ларысы Геніюш.
Геніюш пастаянна гучала».

Скобла: «Нядаўна ўтвораны Грамадзкі аргкамітэт па ўшанаваньні памяці Ларысы Геніюш, куды ўвайшлі прадстаўнікі трох грамадзкіх арганізацый — Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, ЗБС „Бацькаўшчына“ і Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Спадар Міхась, што вы як сябра аргкамітэту можаце дадаць да выказаных прапановаў?»


Міхась Чарняўскі: «Варта выпусьціць адмысловыя памятныя мэдалі, арганізаваць бардаўскія канцэрты зь песьнямі на вершы Ларысы Геніюш. Спадзявацца на дзяржаву не выпадае, трэба пісьменьнікам самім арганізавацца і правесьці дзясяткі Геніюшаўскіх сустрэчаў па ўсёй краіне».


Данута Бічэль
Данута Бічэль: «Ня трэба лётаць у аблоках. Найперш няхай створаны Аргкамітэт пашукае сродкі на выданьне спадчыны Геніюш. Усё, што яна напісала, мае быць надрукавана: паэзія, проза, успаміны, лісты. Таксама абавязкова трэба выдаць зборнік успамінаў пра Геніюш, усё, што пра яе напісалі другія. Вось я напісала кнігу „Мост сьвятога Францішка“, прысьвечаную 100-годзьдзю Ларысы Геніюш. Памажыце мне надрукаваць яе. Я памятаю, як на адной сустрэчы ў Зэльве тамтэйшы сьвятар абяцаў з дазволу мітрапаліта Філярэта арганізаваць пры зэльвенскай царкве сьвята хрысьціянскай паэзіі, прысьвечанае Ларысе Геніюш. І яшчэ адна прапанова. Я неяк была ў Баранавічах, і мы з баранавіцкімі сябрамі дамовіліся, што 9 жніўня 2010 году пойдзем у пілігрымку ў Зэльву, да магілы Ларысы Геніюш.

Мы з баранавіцкімі сябрамі дамовіліся, што 9 жніўня 2010 году пойдзем у пілігрымку ў Зэльву, да магілы Ларысы Геніюш.
Я, вядома ж, не прайду пешкі ўвесь шлях з Горадні да Зэльвы, але нейкі ўчастак усё ж прайду. Гэтай пілігрымкай мы павінны ўзьняць Ларысу Геніюш на нейкую вышыню, на ўзровень сьвятасьці».

Скобла: «Піліграмка ў Зэльву мае пачацца ў Горадні ці Баранавічах?»


Бічэль: «Хто дзе жыве, хай адтуль і ідзе. Гэта было б вельмі прыгожа. Па-першае, уся Беларусь гэта будзе бачыць. Па-другое, гэта было б нешта новае, бо ідуць у пілігрымку да Маці Божай, а мы, не прыніжаючы статус Маці Божай, пайшлі б да сваёй нацыянальнай Маці. Практычна, мы жывыя дзякуючы яе дзейнасьці, яе жыцьцю тут, у Беларусі, яе пакутам».


Скобла: «Я цяпер рыхтую да выданьня другую кнігу эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш (а лістоў у яе — на дзесяць тамоў!). У адным зь пісьмаў на імя Пятра Машэрава яна пісала: „Нічога кепскага я супраць вашай улады не раблю“. Чаму ж савецкая ўлада рабіла розныя кепствы ёй?»


Міхась Чарняўскі
Чарняўскі: «Ларыса Геніюш ніколі не хавала сваіх адносінаў да камунізму і фашызму, яна ставіла іх на адну дошку, на адзін узровень. Яна адкрыта гаварыла, што фашызм і камунізм — гэта самыя страшныя ворагі Беларусі. Вядома ж, ёй гэтага не маглі дараваць».

Сідарэвіч: «Калі б Ларыса Геніюш была проста пакутніцай Гулагу, лік якіх ішоў на мільёны, улада не рабіла б ёй ніякіх кепстваў, але яна была паэткай. Вось асноўная прычына. Геніюш у мастацкім слове даносіла да людзей і свае патрыятычныя пачуцьці і думкі, і тое, што бальшавікі называлі абстрактным гуманізмам, — любоў да чалавека. У сваёй «Споведзі» яна напісала, што вера ў Бога і чалавечнасьць дапамаглі ёй выжыць у нялюдзкіх умовах. Гэта вера аніяк не магла вязацца з камуністычнай рэчаіснасьцю. Калі Гітлер вызваляў сваіх падначаленых ад хімераў чалавекалюбства, то і камуністы разьвязвалі дзікія інстынкты ў людзей. Творчасьць Ларысы Геніюш сьцьвярджала тое, што прыходзіла ў супярэчнасьць з афіцыйнай ідэялёгіяй. Такім чынам, каб яна не была паэткай, яе жыцьцё склалася б значна лягчэй. Яна б не зьвярталася да таго ж Машэрава ці сакратара па ідэалёгіі Кузьміна: «Дайце мне выехаць адсюль хоць да папуасаў, я тут ужо жыць не магу.»


Скобла: «Толькі за апошнія гады тройчы ўзьнімалася пытаньне аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш. У Вярхоўны Суд пачаргова зьвярталіся Беларускі хэльсынцкі камітэт, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, краязнаўца з Валожына Георгі Каржанеўскі. Адказ быў стандартны — „рэабілітацыі не падлягае“. Сытуацыю, якая склалася, я папрасіў пракамэнтаваць вядомага адваката Ганну Бахціну».


Ганна Бахціна: «Згодна з прысудам, які адбыўся адносна Ларысы Геніюш 7 лютага 1949 году, яна была асуджаная Вярхоўным судом БССР па двух артыкулах — „за помощь международной буржуазии в осуществлении враждебной деятельности против СССР“ і „контрреволюционную организационную деятельность“. Перш за ўсё хачу адзначыць два моманты. Першае: Геніюш была асуджаная за дзейнасьць супраць СССР — краіны, якой сёньня няма, і гэта нямалаважна.

Геніюш была асуджаная за дзейнасьць супраць СССР — краіны, якой сёньня няма, і гэта нямалаважна.
Другое: яна асуджаная па кодэксе БССР 1928 году. Але ў кодэксе, які дзейнічае ў нашай краіне сёньня, такой адказнасьці няма. У ім ёсьць артыкулы, па якіх прадугледжаная адказнасьць за дзеяньні супраць дзяржавы, органаў улады, але па якім канкрэтна артыкуле сёньня маглі б быць кваліфікаваныя як злачынныя ўчынкі Ларысы Геніюш, — цяжка сказаць. Згодна з прысудам, прыцягненьне яе да адказнасьці мела месца ў сувязі зь яе членствам у арганізацыі „Беларускі камітэт самадапамогі“ ў Празе, якая, дарэчы, паводле статуту, займалася дабрачыннай дзейнасьцю. А што тычыцца гэтак званых „контррэвалюцыйных вершаў“ Геніюш, то ў прысудзе не прыведзена ніводнага радка, які б пра гэта сьведчыў. Ніякай літаратуразнаўчай экспэртызы твораў паэткі не праводзілася. Я ня думаю, што з пункту гледжаньня сёньняшнягя часу Ларыса Геніюш зьяўляецца злачынцам. Таму я лічу, што яе справа павінна быць перагледжаная, і перагледжаная перш за ўсё з пункту гледжаньня законнасьці, абгрунтаванасьці і аб’ектыўнасьці».

Віталь Скобла
Скобла: «Спадарства, зь юрыдычнага гледзішча віны перад Рэспублікай Беларусь у Ларысы Геніюш няма. Чаго ж асьцерагаюцца беларускія ўлады, упарта адмаўляючы ёй у рэабілітацыі?»


Чарняўскі: «У Расеі, зь якой мы як быццам браты навечна, сёньня перазахоўваюць белагвардзейскіх афіцэраў і салдатаў. Белагвардзейскім генэралам, таму ж Калчаку, ставяць помнікі за дзяржаўны кошт. Чаму? Таму, што расейцы — гэта нацыя. Прайшло шмат дзесяцігодзьдзяў, настаў час прымірэньня, грамадзянская вайна скончылася, трэба будаваць новую Расею. А ў сёньняшняй беларускай незалежнай дзяржаве ўсё яшчэ змагаюцца з тымі, хто гэтую незалежнасьць, гэтую дзяржаўнасьць набліжаў, бо некаторыя нашыя пілітычныя страўсы засунулі галовы ў гнілы камуністычны пясок і ўсё яшчэ трызьняць БССР. Але ўсё ж выглядае, што сытуацыя паціху зьмяняецца, і нашыя кіраўнікі ўсё больш усьведамляюць, што яны кіруюць не маскоўскай правінцыяй БССР, а незалежнай Рэспублікай Беларусь. І калі яны гэта ўсьвядомяць поўнасьцю,

Ня трэба будзе ставіць пытаньне аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш, тады паўстане пытаньне аб належным ушанаваньні памяці вялікай паэткі, грамадзянкі і патрыёткі, аб ушанаваньні на самым высокім дзяржаўным узроўні!
ня трэба будзе ставіць пытаньне аб рэабілітацыі Ларысы Геніюш, тады паўстане пытаньне аб належным ушанаваньні памяці вялікай паэткі, грамадзянкі і патрыёткі, аб ушанаваньні на самым высокім дзяржаўным узроўні! Я думаю, што да гэтага справа ідзе. А што да зваротаў і просьбаў аб рэабілітацыі, то прывяду цытату з апошняй старонкі „Споведзі“: „А мяне зноў цягаюць. Зноў нейкі важны начальнік угаворвае напісаць памілаваньне ці скаргу, каб нарэшце пусьцілі мяне. Толькі каб я напісала. Не, не і яшчэ раз не! Я ні за што сядзела, і няхай у мяне просяць, каб даравала!“ Ларыса Геніюш ніколі ня здраджвала ідэлам беларускай незалежнасьці, ідэалам Беларускай Народнай Рэспублікі. Яна адмаўлялася ад савецкага грамадзянства і ад прапанаванага ўладай праз Максіма Танка сяброўства ў Саюзе пісьменьнікаў, ад пераезду ў Менск, ад менскай кватэры, хоць яна была ўжо адзінокая і хворая ў сваёй Зэльве. Ларыса Геніюш ніколі ня мела ніякіх правіннасьцяў перад беларускім народам, наадварот, яна перад беларускім народам мела і мае толькі заслугі».

Сідарэвіч: «Беларускія ўлады, бадай, і самі ня ведаюць, чым пагражае ім рэабілітацыя Ларысы Геніюш. Улады дзейнічаюць проста па інэрцыі: раз асуджаная паэтка была ў часы БССР, то няхай гэта і застаецца. Спадкаемцы ўладаў БССР, сучасныя нэа-бальшавікі, дзейнічаюць па інэрцыі. Яны яшчэ ня сталі нацыянальнымі дзеячамі, яны яшчэ ня ведаюць, што такое нацыя, у іх усё яшчэ працягваецца грамадзянская, клясавая барацьба, яны ўсё яшчэ жывуць на барыкадах, таму і дзеляць народ на сваіх і чужых. Вось калі гэты бальшавіцкі комплекс у іх прападзе, калі яны пачнуць мысьліць як нацыянальныя дзеячы, — усё будзе ў парадку».

Бічэль: «У іх гэты комплекс прападзе толькі тады, калі яны самі прападуць. З гэтай дзяржавай мы не дамовімся. Падобнымі зваротамі аб рэабілітацыі мы толькі прыніжаем Ларысу Антонаўну. Калі б яна цяпер жыла і бачыла, што творыцца ў нас з нацыянальнай культурай, то ці захацела б яна атрымаць рэабілітацыю ад такой дзяржавы? Яна думала пра сапраўдную Беларускую дзяржаву, яна яе будавала ў сваіх творах.

Што яна будзе рабіць у гэтай па-ранейшаму савецкай дзяржаве — рэабілітаваная? Што яна будзе рабіць з тымі, якія скачуць і весяляцца на „Дажынках“?
Што яна будзе рабіць у гэтай па-ранейшаму савецкай дзяржаве — рэабілітаваная? Што яна будзе рабіць з тымі, якія скачуць і весяляцца на „Дажынках“? Яна — з намі, і няхай яна застаецца з намі. Сапраўдную паэзію нельга закрэсьліць. Творчасьць Геніюш выкрасьлілі са школьных праграмаў, але яе вывучаюць і ведаюць лепш за творы тых, хто ў тых праграмах па нейкіх незразумелых прычынах апынуўся. Бяз веданьня паэзіі Ларысы Геніюш нельга быць беларусам, нельга жыць у гэтай краіне, нельга дыхаць гэтым паветрам, нельга хадзіць па гэтых сьцежках».

Скобла: «Самы знакаміты творы Ларысы Геніюш — „Споведзь“. Як гэтыя ўспаміны з-пад нагляднай хаты ў Зэльве трапілі на старонкі заснаванага ЦК ЛКСМБ часопіса „Маладосьць“?»


Чарняўскі:
«Калі ў 1982 годзе Ларыса Антонаўна перадала мне машынапісны тэкст, я перапытаў, ці гэта адзіны экзэмпляр? І яна пацьвердзіла — так, адзіны. На мяне ўскладалася страшэнная адказнасьць. Я, як падпольшчык, засунуў машынапіс сабе пад штармоўку і нейкімі агародамі выбіраўся з Зэльвы ў лес, доўга ішоў па лесе, потым выйшаў на шашу і на спадарожных машынах, празь Ліду, дабіраўся да Менску. Уночы даехаў дахаты, пабудзіў жонку, перадаў ёй тэчку і папрасіў схаваць у надзейным месцы, як найвялікшы скарб. Жонка і была першым чытачом успамінаў, потым чытаў Зянон Пазьняк. Жонка схавала мэмуары ў гэтак званым „цешчыным пакоі“, у кладоўцы, на ніжняй паліцы, пад бялізнай. А гэта ж улюбёнае месца злодзеяў і хлопцаў у цывільным, якія праводзяць ператрусы. Мы зь Зянонам потым зрабілі некалькі фотакопіяў, хацелі перадаць мэмуары на Захад, каб там апублікаваць. Але ў 1990 годзе „Споведзь“ паглядзеў галоўны рэдактар „Маладосьці“ Анатоль Грачанікаў і рашуча сказаў: „Друкуем хутка і вялікімі часткамі, бо могуць прыкрыць“. Пасьля кожнага нумару мы чакалі, што прыкрыюць друкаваньне. Але якраз тады захісталіся крэслы пад камуністычным рэжымам, яму было ўжо не да мёртвых, ён з жывымі справіцца ня мог».

Скобла: «Спадарыня Данута, вы былі неафіцыйным рэдактарам кнігі Ларысы Геніюш „На чабары настоена“, рэдактарам кнігі папярэдняй — „Невадам зь Нёмана“ — быў Уладзімер Караткевіч. Як успрымала Ларыса Антонаўна вашыя рэдактарскія праўкі — з чым згаджалася, з чым — не? Ці цалкам вам давярала?»


Бічэль: «Увогуле, давярала. Я старалася асабліва ня правіць, толькі часам прапаноўвала скараціць доўгія вершы. Можа, я і дрэнна рабіла, але я тады адносілася да Ларысы Геніюш як да сваёй сучасьніцы і сяброўкі, а не як да клясыка. Думаю, што я была залішне сьмелаю тады. Напрыклад, верш „Хлеб“ я прапанавала закончыць страфой: „І красаваўся сьвежы, шчодры, жытні, / з гарачай печы родны каравай. / Хвалілі госьці хлеб і старажытны, / багаты хлебам беларускі край“. Тут я паставіла кропку. А далей Геніюш пісала пра тое, што „цяпер я не хлеб пяку, а вершы“. А ўвогуле, у выдавецтве шмат было ўнесена цэнзурных правак, зроблена скаротаў.

Будучым выдаўцам збору твораў Геніюш я параіла б надрукаваць яе вершы без маіх правак, бяз правак Караткевіча.
Будучым выдаўцам збору твораў Геніюш я параіла б надрукаваць яе вершы без маіх правак, бяз правак Караткевіча. Няхай гэта будзе крышку каструбавата, але ўсё роўна гэта — Ларыса Геніюш. Глядзіце, прайшло няшмат часу, а яна ўсё расьце ў нашых вачах, яна ўсё ўзвышаецца».

Скобла: «Замарозіць радня па крыві — адагрэе радня па духу». Аўтарка гэтых радкоў Ніна Мацяш была ў нешматлікай радні па духу Ларысы Геніюш. Як былі там таксама Ўладзімер Караткевіч, Максім Танк, Васіль Быкаў. Янка Брыль, памятаю, зьдзіўляўся: генэралы літаратуры — і апальная паэтка. Гэта было сяброўства на роўных, ці „табэль аб рангах“ усё ж адчуваўся?»


Сідарэвіч:
«Я менш ведаю пра адносіны Ларысы Геніюш і Ўладзімера Караткевіча ці Рыгора Барадуліна. Яна ставілася да іх, хутчэй, як да малодшых таварышаў. Паглядзіце, як яна перажывае за іхнія празьмерныя паклоны Бахусу... Што датычыць Максіма Танка, то я, калі прачытаў складзены вамі, Міхась, зборнік эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш „Каб вы ведалі“, панёс гэтую кнігу Янку Брылю. Прынёс і кажу: „Ведаеце, а Ларыса Антонаўна была закаханая ў Максіма Танка“. Брыль прачытаў кнігу і пагадзіўся: „І праўда, але гэта цнатлівае, плятанічнае каханьне“. Ларыса Геніюш кахала Танка як паэта. А Танк жа быў прыгожы, станісты мужчына, на якога і паглядзець любасна, і паказаць людзям. Як нехта з нашых літаратараў напісаў: „У любой сталіцы Эўропы ён бы глядзеўся“. Літаральна ўчора, перачытваючы „кнігазбораўскі“ том Геніюш, я пераканаўся: да Максіма Танка ў яе было вельмі інтымнае стаўленьне».


Бічэль: «Ларыса Геніюш проста была настолькі эмацыйная, што сваім вялікім сэрцам любіла ўсіх мужчынаў Беларусі. У тым сэнсе, што яна любіла сваю краіну і сваім пачуцьцём узьнімала гэтых мужчынаў вышэй, бачыла ў іх абаронцаў. Колькі ў яе было харошых сяброў — яна іх усіх любіла, усіх туліла, як маці, як сястра. Але кахала яна праз усё жыцьцё аднаго чалавека — мужа, Івана Пятровіча Геніюша. Яна яго кахала нават не на ўсё жыцьцё, а на ўсю вечнасьць. Пасьля ягонай сьмерці яна гаварыла пра яго як пра жывога, як пра маладога. Гэтае адзінае каханьне яна пранесла праз пекла гулагаў і не растраціла. Якія мілосныя вершы пісала яна яму і пры жыцьці, і пасьля сьмерці! Мне было сорамна іх чытаць: старая жанчына, а так піша пра каханьне... А што да адносінаў з Танкам ці Быкавым, то, вядома ж, яны былі роўныя. Ларыса Геніюш ніколі ня ставіла сябе вышэй над людзьмі. Памятаю, як яна называла сваімі ўнукамі Вінцука Вячорку, Сержука Сокалава-Воюша, якія да яе прыяжджалі. Зьбіраючы аднадумцаў, зьбіраючы інтэлігенцыю ў адну сям’ю, Ларыса Геніюш зьбірала краіну. І рабіла гэта вельмі па-людзку, па-хрысьціянску».


Свае прапановы па ўшанаваньні памяці Ларысы Геніюш просім накіроўваць на адрас старшыні аргкамітэту: m.skobla@tut.by.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG