Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я ня ведаю, для чаго і для каго мы іх выбіраем”


Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія адбудуцца 25 красавіка, — адна з тэмаў, якую абмяркоўваюць слухачы “Свабоды”:

Мікола, Смаргонь: “Вітаю! Зараз у нас ідзе працэс выбару кандыдатаў у дэпутаты. Раней у нас выбралі дэпутата Голубеву. Яна выбіралася са Смаргонскага раёну. Нічога добрага яна не зрабіла за гэты час, усё гэта паказуха. У нас басэйн не працуе ўжо 10 гадоў, шмат што ў нашым раёне проста ня зроблена, цалкам, і гэта вельмі кепска. Я ня ведаю, для чаго і для каго мы іх выбіраем. У горадзе вялікае беспрацоўе. Так што не хацеў бы я гэтых дэпутатаў, нікога і нічога”.

Спадарыня: “Дэпутаты, прызначаныя начальнікамі, якія служаць начальнікам, несапраўдныя. Зь Ярмошынай разам”.

Спадарыня: “Вушы стаміліся слухаць пра суды, разгоны пікетаў, як зьбіваюць людзей і г.д. Асабліва калі загаварылі пра выбары. БНФ незразумела ў што ператварыўся. Гэтая арганізацыя перастала быць дэмакратычнай і народнай, а ператварылася ў БЧФ — Беларусі чыноўніцкі фронт”.

Яшчэ адна тэма абмеркаваньня — канфлікт вакол незалежнага і праўладнага саюзаў палякаў у Беларусі:

Спадар: “Сёньняшнія дзеяньні беларускіх уладаў супраць саюзу польскае меншасьці на чале з Анжалікай Борыс — нішто іншае, як рэабілітацыя таго страшнага злачынства, якое зьдзейсьнілі бальшавікі-сталіністы ў 1940-м годзе ў Катыні. Іншага тлумачэньня няма і быць ня можа”.

Зіноўеў: “Я думаю, што сам Лукашэнка ня змог бы павесьці Беларусь нікуды, апрача як у Эўразьвяз, калі б быў гранітны маналіт незалежніцкага блёку, саюзу палякаў і незалежных журналістаў. Але рэжым гэта разумее, адсюль правакацыі супраць “Народнай волі”, супраць Саюзу палякаў, супраць апазыцыі”.

Кіраўнік краіны загадаў распрацаваць праект закону аб альтэрнатыўнай службе. Толькі за апошнія паўгода ў Беларусі за адмову ад тэрміновай вайсковай службы былі асуджаныя трое юнакоў. Выказваньне слухача:

Спадар: “Праслухаў на вашай радыёстанцыі, што моладзь можа адмовіцца зь нейкіх прычынаў рэлігійных ад службы ў войску — “адкасіць” хочуць. Тых, хто “адкасіў”, я б адпраўляў у псыхіятрычныя бальніцы, у хосьпісы. Чаму ніхто з вашых адмаўленцаў туды не захацеў?”

Выказваньне камэнтуе адзін з сустаршыняў аргкамітэту дзеля стварэньня партыі БХД Аляксей Шэін:

“Усеагульны вайсковы абавязак — гэта такі ж перажытак мінулага, як і прыгоннае права. Усё гэта спадчына ня самага лепшага мінулага, а чалавек мае права мець выбар. Калі хоча пайсьці ў хосьпіс ці шпіталь, то дзяржава мусіць забясьпечыць такую магчымасьць. Пакуль такой магчымасьці няма”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG