Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якім будзе новы палітычны рэжым ва Ўкраіне? Па якіх ўзорах будзе будавацца праўленьне Віктара Януковіча? Куды паверне уладны руль лідэр ўкраінскай дзяржавы? Гэтыя праблемы сёньня абмяркоўваюць ня толькі ў Кіеве, Данецку ці Львове, але і ў сьвеце, піша ўкраінскі публіцыст Сяргей Грабоўскі.


Скажам, на думку вядомага польскага журналіста і знаўцы ўкраінскіх праблемаў Марціна Вайцахоўскага, «няма сэнсу ўспамінаць Януковічу даўнія правіннасьці. «Трэба прыняць за добрую манэту, што ён акцэптуе дэмакратычныя правілы гульні. Ён стаў палітыкам з рэальнай грамадзкай падтрымкай, а не на хуткую руку зьлепленым «паражняком», - адзначае Вайцахоўскі. -- Варта прыкласьці намаганьні, каб Януковіч з постсавецкага «свайго хлопца» ператварыўся ва ўкраінскага Квасьнеўскага. І зрабіць гэта рэальна ».

Юлія Латыніна
А вось журналістка і пісьменьніца Юлія Латыніна з Масквы, ня менш дасьведчаная ва ўкраінскай сытуацыі, лічыць інакш: «На выбарах ва Украіне перамог Віктар Януковіч... І гэтая перамога, так жа, як перамогі Сальвадора Альендэ, Уга Чавеса альбо Адольфа Гітлера, ставіць пад сумнеў асноўны прынцып дэмакратыі: што народ здольны выбіраць сабе кіраўнікоў.

На жаль, народ здольны выбіраць сабе кіраўнікоў толькі ў багатых дзяржавах. У бедных дзяржавах ён выбірае сабе Гітлераў, Януковічаў і Ахмадзінэжадаў.


Аксана Забужко
Недзе пасярэдзіне паміж першай і другой ацэнкай меркаваньне вядомай ўкраінскай пісьменьніцы Аксаны Забужко: «У якіхсьці найноўшых зьнешніх палітычных праявах ён паказвае сябе нават большым дэмакратам, чым яго апанэнтка, -- з аглядкай на яе цяперашнюю тактыку. Нядаўняе інтэрвію Януковіча CNN мне падалося месцамі такім, што ўсяляе надзею. «Я -- не марыянэтка Крамля», - сам сказаў. Пры гэтым хочацца, каб ён не апынуўся марыянэткай ужо ў руках свайго атачэньня ».

Дык вось, прадбачаньне і ацэнкі пэрспэктываў трансфармацыі палітычнага рэжыму ва Ўкраіне пры прэзыдэнцтве Віктара Януковіча (і, адпаведна, магчымасьцяў яго асабістай эвалюцыі) вельмі і вельмі розныя. Калі сапраўды існуюць прыкметы далейшай дэмакратызацыі ўкраінскага дзяржавы – гэта, безумоўна, можна аднесьці да пазытыву. А як быць з прыкметамі, якія дазваляюць цэламу шэрагу экспэртаў казаць пра аўтарытарныя і таталітарныя тэндэнцыі ў дзеяньнях і намерах каманды толькі што абранага прэзыдэнта і яго самога? Ці варта закрыць на іх вочы -- каб не сурочыць, -- ці варта казаць ва ўвесь голас?

Факты недэмакратычнага гатунку: дробязі, не вартыя ўвагі?

Вядома, для пачатку можна сабраць разам задакумэнтаваныя назіральнікамі і Камітэтам выбаршчыкаў Украіны факты грубага і схаванага (калі раптам на пэўных участках аказваўся больш за 10 працэнтаў тых, хто жадае прагаласаваць дома) парушэньня выбарчага заканадаўства прадстаўнікамі Партыі рэгіёнаў. Але справа нават не ў гэтых парушэньнях, а ў тым, што Цэнтральная выбарчая камісія вырашыла аб'явіць афіцыйныя вынікі выбараў і назваць новага прэзыдэнта Ўкраіны яшчэ да завяршэньня некалькіх судовых працэсаў па нагоды парушэньняў патрабаваньняў заканадаўства, рашэньні якіх могуць паўплываць на агульныя вынікі выбараў.

І калі выраз "Дэмакратыя -- гэта працэдура», безумоўна, зьяўляецца перабольшаньнем, то справядлівае іншае цьверджаньне: дэмакратыя немагчымая без працэдуры. Пры аб'яўленьні вынікаў выбараў ЦВК, які, на думку экспэртаў, кантралююць прыхільнікі Партыі рэгіёнаў, вырашыў гэтую працэдуру парушыць: маўляў, якая там розьніца, колькі насамрэч галасоў за каго пададзена, галоўнае, што Віктар Фёдаравіч іх мае больш. Навошта ж чакаць завяршэньня судоў?

Гэта жа размашыста ставіцца да прававых нормаў (пакуль толькі на словах, натуральна) новаабраны прэзыдэнт. Скажам, у інтэрвію тэлеканалу «Расея 24» ён заявіў, што ў выпадку, калі дзеючая Вярхоўная Рада ня зможа аб'яднацца вакол яго праграмы, яна будзе распушчаная. «Усё будзе залежаць ад перамоўнага працэсу які, я думаю, пачнецца ўжо на наступным тыдні. І гэтыя перамовы пакажуць, ці здольны гэты парлямэнт кансалідавацца вакол маёй праграмы - гэта тая праграма, за якую прагаласавала большасьць выбарнікаў Украіны ... Калі ў нас гэта атрымаецца, то парлямэнт будзе функцыянаваць, а калі няма, будуць датэрміновыя выбары ».

Насамрэч украінскі парлямэнт зусім не абавязаны падтрымліваць кіраўніка дзяржавы і аб'ядноўвацца вакол яго праграмы - гэта ўласьціва ўсім дзяржавам са зьмешанай формай праўленьня. Скажам, у Францыі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў сытуацыя, калі прэзыдэнт быў прадстаўніком правага палітычнага лягеру, а прэм'ер - левага, ці наадварот ўзьнікала некалькі разоў. У Польшчы сёньня мы назіраем біцэфалію (як яе называюць палітолягі), калі канстытуцыйная «дзьвюхгаловасьць» улады спалучаецца з асабістай ўзаемнай непрыязнасьцю прэзыдэнта і прэм'ера, але часы Аляксандра Квасьнеўскага ня раз адзначаліся эфэктыўным супрацоўніцтвам прэзыдэнта-левацэнтрыста і правалібэральной большасьці Сэйма. Такім чынам, Віктар Януковіч ці не вывучыў Канстытуцыю Украіны, ці ўжо зараз заяўляе аб намеры праігнараваць ёю.

Віктар Януковіч
І зьвернем увагу: Віктар Януковіч кажа, што за яго праграму, маўляў, прагаласавала большасьць выбарнікаў Украіны. У рэчаіснасьці размова ідзе прыкладна пра траціну, калі лічыць ад усёй колькасьці грамадзянаў з правам голасу, і аб 48,95 адсоткі ад тых, што прыйшлі галасаваць. Але гэта яшчэ сьціпла сказана - вось дэпутат Нестар Шуфрыч ў «Шустер Live» 12 лютага заявіў, што праграму яго партыйнага лідэра «падтрымаў народ Украіны» ...

Такія маніпуляцыі, імкненьне дзейнічаць ад імя большасьці народу ці нават за яго ўсяго -- гэта стандартнае імкненьне недэмакратычных лідэраў, дзе б яны не прыходзілі да ўлады -- у Эўропе або ў Афрыцы.

Да гэтага варта дадаць арыентацыю Віктара Януковіча на нэасавецкую (а значыць па вызначэньні нэататалітарную) ідэалёгію і міталёгію. У згаданым ужо інтэрвію тэлеканалу «Расея 24» ён так сказаў аб прысваеньні Сьцяпану Бандэру званьня Героя Ўкраіны: «Вядома, я гэтае пытаньне ў абавязковым парадку разгледжу. І мы прымем рашэньне, каб у будучыні ніколі ў нас у краіне не ўзьнікалі пытаньні перапісваньня гісторыі ».

Гэтая заява -- гэта ўжо адкрытая заяўка на таталітарызм: улады зьбіраюцца закансэрваваць дэ-факта нэасавецкую мадэль гістарыяграфіі -- і сваёй сілай забараніць дзейнасьць «няправільных» гісторыкаў, каб «ў будучым ніколі ў нас у краіне не ўзьнікалі пытаньні перапісваньня гісторыі» ...

Словы, якія не павінны стаць справамі

Пакуль усё гэта, вядома, словы, але праблема ў тым, што іх прамаўляе зусім не навічок у палітыцы, такім чынам, чалавек, які агучвае ідэалягічныя ўстаноўкі, якія могуць быць ужо бліжэйшым часам адлюстраваныя ў практычную палітыку. Тым больш, што яны ў крызісны час могуць знайсьці спрыяльную сацыяльную глебу. Бо апублікаваныя ў сьнежні 2009 года дадзеныя Ўсеўкраінскага сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага кампаніяй «ФГД-Украіна», сьведчаць: 58% апытаных украінцаў лічыць, што ў краіне павінен быць адзін гаспадар і народу патрэбная моцная рука. І толькі 25,6% рэспандэнтаў лічаць, што нельга дапускаць, каб улада ва Украіне была аддадзена ў адны рукі (яшчэ 7% не пагадзіліся ні з тым, ні з іншым, а 9,4% не змаглі адказаць.

На шчасьце, далёка ня ўсе прыхільнікі «моцнай рукі» адносяцца да электарату Віктара Януковіча, інакш спакуса ўсталяваць рэжым адзінаасобнай улады ў каманды новаабранага прэзыдэнта была б занадта моцнай. Але і бязь таго, як бачым, такія спакусы існуюць. І недэмакратычныя ўстаноўкі выказваюцца як самім Януковічам, так і членамі яго каманды абсалютна адкрыта. Справа цяпер у тым, каб не дапусьціць ўвасабленьня словаў і жаданьняў ў практыку.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG