Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка лётчыка Міхаіла Петухова: “Мы ўжо ў Віцебску, і ў нас усё добра”


Міхаіл Петухоў
Міхаіл Петухоў

Бортінжынэр “Іл-76”, які правёў два месяцы ў тайляндзкай турме, адмаўляецца кантактаваць з прэсай. Ягоная жонка Вера Петухова падтрымлівае пазыцыю мужа: кажа, што журналісты толькі шкодзілі ў ягонай справе.

Міхаіл Петухоў вярнуўся ў Віцебск 13 лютага. З таго часу ён не размаўляе з журналістамі. Адмаўляецца кантактаваць з прэсай і ягоная жонка Вера. Пагаварыць зь ёй удалося толькі дзякуючы таму, што яна зранку яшчэ не пасьпела адключыць мабільны тэлефон:

“Я проста ўсё адключаю, і мабільны тэлефон адключаю. Ніякіх інтэрвію мы нікому не даем”.

Нэгатыўнае стаўленьне да прэсы Вера Петухова тлумачыць тым, што лішні розгалас у СМІ толькі шкодзіў у справе ейнага мужа:

“Навошта быў гэты розгалас? Хлопцы ж не злачынцы, нічога такога! Дагэтуль ня ўцямлю, што гэта такое было… Ролю адыгралі толькі адвакат і МЗС. А СМІ толькі ўсё разьдзімалі ды нэрвовую сыстэму псавалі. Толькі шкодзілі, калі шчыра. Лішніх абвінавачаньняў толькі дадавалася. Напісалі, што ён былы вайсковец. І пачаліся новыя праблемы: “вайсковец”, “зброя”… Гэта ж, ведаеце, разьдзімаецца ўсё адразу”.

Нагадаем, што “Іл-76” быў затрыманы ў Тайляндзе 11 сьнежня 2009 году па падазрэньні ў перавозцы зброі з Паўночнай Карэі. У складзе экіпажа былі чацьвёра грамадзянаў Казахстану і адзін беларус, жыхар Віцебску Міхаіл Петухоў. Усе лётчыкі, якіх вінавацілі ў незаконным захаваньні зброі і дэзінфармацыі ўладаў Тайлянду што да характару грузаў, сваю віну катэгарычна адмаўлялі. Яны казалі, што нічога ня ведалі пра тое, што менавіта перавозяць.

11 лютага скончыўся прадугледжаны законамі Тайлянду тэрмін, цягам якога падазраваных можна ўтрымліваць пад вартай без прад’яўленьня абвінавачаньня. Афіцыйнага абвінавачаньня супраць экіпажу “Іл-76” абвешчана не было, і ўсіх пяцёх лётчыкаў адпусьцілі дадому. 13 лютага з Бангкоку яны прыляцелі ў Алматы, потым у Маскву. Рэйсам Масква — Менск 13 лютага Міхаіл Петухоў прыбыў у Беларусь.

Як ужо паведамлялася ў СМІ, размаўляць з журналістамі лётчыкі адмаўляюцца.

Жонка Міхаіла Петухова адно зазначыла, што ў іх “усё добра, а калі што ня так, то і гэта з часам наладзіцца”.

Як ужо паведамляла Радыё Свабода, для Міхаіла Петухова гэта быў першы і адзіны рэйс на новай працы па авіяперавозках. Ён сапраўды вайсковы пэнсіянэр, але вырашыў яшчэ падзарабіць грошай для сям’і. Пакуль пра новую працу ён ня думае, кажа жонка Вера Петухова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG