Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваныя пілёты просяць дапамогі ў Назарбаева


Арыштаваныя ў Тайляндзе пілёты транспартнага самалёту Іл-76, сярод якіх ёсьць і грамадзянін Беларусі, зьвярнуліся па дапамогу да прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.

“Просім вашай абароны і ўмяшальніцтва як гаранта інтарэсаў Рэспублікі Казахстан і яе грамадзянаў”, -- гаворыцца ў звароце пілётаў, які яны пераслалі з бангкокскай турмы ў рэдакцыю казахстанскай газэты “Час”.

Нагадаем, што сярод затрыманых тайляндзкай паліцыяй у сьнежні мінулага году – грамадзяне Казахстану Ільяс Ісакаў, Аляксандар Зрыбнеў, Віктар Абдулаеў, Віталь Шумкоў, а таксама грамадзянін Беларусі Міхаіл Петухоў.

Самалёт быў затрыманы ў аэрапорце Бангкоку падчас праверкі грузу, які не адпавядаў пазначанаму ў накладных дакумэнтах як “агульнаграмадзянскі”. У выніку праверкі высьветлілася, што ў скрынях знаходзіцца агнястрэльная зброя. Па тайляндзкіх законах кантрабанда зброі пагражае зьняволеньнем да 10 гадоў і нават сьмяротным пакараньнем.
Экіпаж арыштаванага самалёту сьцьвярджае, што ня ведаў пра сапраўднае зьмесьціва грузу, паколькі выконвалі функцыю выключна як перавозчыка.
XS
SM
MD
LG