Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры новыя абвінавачаньні выставілі экіпажу Іл-76 у Тайляндзе


Тры новыя абвінавачаньні выстаўлены супраць арыштаванага ў Бангкоку экіпажу самалёта Іл-76, які быў затрыманы 12 сьнежня тайляндзкімі ўладамі. Цяпер колькасьць абвінавачаньняў дасягнула пяці.

Як падае БелаПАН, членам экіпажу, які складаецца з чатырох грамадзян Казахстана і аднаго грамадзяніна Беларусі, прад'яўлены абвінавачаньні: у нелегальнай перавозцы зброі, нелегальным увозе зброі ў Тайлянд і неданясеньні ўладам аб наяўнасьці на борце зброі. Раней паведамлялася аб прад'яўленні экіпажу двух абвінавачаньняў: у нелегальным захоўваньні зброі і паведамленьні загадзя непраўдзівай інфармацыі аб характары грузу тайляндзкім афіцыйным асобам.

Таксама была распаўсюджана інфармацыя, што экіпажу можа быць прад'яўлена абвінавачаньне ў нелегальным захоўваньні выбуховых рэчываў, што прадугледжвае пакараньне ад двух гадоў пазбаўленьня волі да сьмяротнай кары. Аднак гэтае абвінавачаньне прад'яўлена не было.

Самалёт Іл-76 грузінскай рэгістрацыі быў затрыманы тайляндзкімі ўладамі пасьля таго, як у ходзе надгляду падчас прамежкавай пасадкі для дазапраўкі палівам былі знойдзены ўпакаваныя ў скрыні з грамадзянскай маркіроўкай гранатамёты, партатыўныя зэнітна-ракетныя комплексы і іншыя ўзбраеньні, загружаныя ў самалёт у Паўночнай Карэі.

Тайляндзкія спэцслужбы надгледзелі самалёт у сувязі з рэзалюцыяй № 1874 Рады Бясьпекі ААН, згодна зь якой груз, што накіроўваецца з Паўночнай Карэі, павінен быць надгледжаны на прадмет парушэньня санкцый ААН супраць гэтай краіны. У прыватнасьці, Паўночнай Карэі ААН забараніла гандляваць зброяй.

Члены экіпажу цалкам адмаўляюць сваю віну. Паводле слоў камандзіра экіпажу Ільяса Ісакава, больш за палову грузу сапраўды складалі бурыльныя трубы, а астатняе было ўпакавана ў абшытыя матэрыяй скрыні з грамадзянскай маркіроўкай. Экіпаж сьцьвярджае, што ня ведаў аб знаходжаньні на борце зброі, у адваротным выпадку лётчыкі адмовіліся б выконваць палёт.
XS
SM
MD
LG