Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працягваецца эпапэя пяці лётчыкаў (чатырох з Казахстану і аднаго зь Беларусі), якіх тайляндзкія ўлады затрымалі 13 сьнежня на лётнішчы ў Бангкоку. На борце іх самалёту Іл-76 знайшлі 35 тонаў зброі, улучна з ручнымі гранатамётамі, пераноснымі зэнітна-ракетнымі комплексамі і выбуховымі рэчывамі.


Тайляндзкі суд даў санкцыю на затрыманьне лётчыкаў на пэрыяд 12 дзён, а потым адмовіў лётчыкам у просьбе выпусьціць іх пад заклад.

Пасьля затрыманьня тайляндзкія ўлады абвінавацілі грамадзяніна Беларусі Міхаіла Петухова ды грамадзянаў Казахстану Віктара Абдулаева, Віталя Шумкова, Аляксандра Зрыбнера і Ільяса Ісакава ў нелегальным захоўваньні зброі. За гэтае правапарушэньне ў Тайляндзе караюць у тым ліку і пажыцьцёвым зьняволеньнем.

А сёньня, цытуючы высокага афіцэра тайляндзкай крымінальнай службы Супісарна Пхакдынаруэнарта, тайляндзкая газэта "Bangkok Post" і прэс-агенцтва AP паведамілі, што лётчыкі могуць быць дадаткова абвінавачаныя ў нелегальным захоўваньні выбуховых рэчываў, за што прадугледжанае пакараньне ад двух гадоў зьняволеньня да кары сьмерці.

Лётчыкі паведамілі сьледчым, што самалёт ляцеў з Паўночнай Карэі ва Ўкраіну, з прыпынкамі для запраўкі ў Тайляндзе і Шры-Ланцы. Але тайляндзкія сьледчыя падазраюць, што груз быў прызначаны для нейкай краіны на Блізкім Усходзе, хоць і не ўдакладняюць, для якой.

Прэм’ер-міністар Тайлянду Апхісіт Вэчачыва сказаў журналістам, што затрыманьне лётчыкаў і канфіскацыя грузу адбылося згодна з рэзалюцыяй Рады бясьпекі ААН ад сёлетняга чэрвеня, якая наклала на Паўночную Карэю забарону на экспарт зброі.

"Апэрацыя затрыманьня была вынікам супрацоўніцтва паміж выведкамі шматлікіх краінаў. Як сябра ААН, Тайлянд быў абавязаны затрымаць гэты груз", — сказаў Вэчачыва журналістам, адказваючы на меркаваньне, што затрыманьне самалёта з грузам зброі можа зрабіць Тайлянд мішэньню тэрарыстычных атакаў. Паводле Вэчачыва, зброя на борце самалёта Іл-76 не была прызначаная для тэрарыстычных арганізацый.

Для каго насамрэч была гэтая зброя? Выглядае на тое, што сьледзтва гэтага яшчэ ня ведае. Самалёт, якім перавозілася зброя, быў зарэгістраваны ў Грузіі; фрахтавала самалёт украінская фірма, якая зьяўляецца філіялам новазэляндзкай фірмы. Раней самалёт належаў да казахскай фірмы. А яшчэ раней самалётам валодала адна з кампаній Віктара Бута, расейскага гандляра зброяй, які знаходзіцца ў тайляндзкай турме.

Акрамя беларускага пілёта Міхаіла Петухова, у гэтай справе нібыта зьявіўся яшчэ адзін беларускі сьлед. Брытанская газэта "Guardian" паведаміла ўчора, што адпраўным пунктам затрыманага ў Бангкоку Іл-76 была Беларусь.

У Беларусі гэтую інфармацыю зьняпраўдзілі. Паводле дырэктара дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Вадзіма Мельніка, самалёт Іл-76 з бартавым нумарам 4L-AWA (затрыманага самалёту ў Бангкоку) на тэрыторыі Беларусі ніколі не знаходзіўся.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG